Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ АБМЕЖАВАЛІ АКЦЫЮ МІЖНАРОДНАЙ АМНІСТЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

У Гомелі прадстаўнікі Швайцарскага аддзяленьня Міжнароднай Амністыі прыехалі з тэрыторыі Ўкраіны на адмысловым аўтобусе з надпісамі пра акцыю “Справядлівасьць для ўсіх”.

Беларусь сталася дзясятай краінай, праз якую праходзіць аўтобусны тур прадстаўнікоў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Мясцовыя актывісты Беларускай суполкі Міжнароднай Амністыі замовілі інфармацыйную акцыю на пляцы Леніна. Аднак Гарвыканкам дазволіў яе каля Палацу таварыства глухіх, далёка ад цэнтру гораду. Пры гэтым імпрэза абмяжоўвалася рознымі ўмовамі.

Распавядае сябра Беларускай арганізацыі Міжнароднай Амністыі Вячаслаў Бортнік.

(Бортнік: ) “У прававым аддзеле Гарвыканкаму нас папярэдзілі, што мы атрымаем дазвол толькі ў тым разе, калі будзем распавядаць пра Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека і ня будзем кранаць сытуацыю з правамі чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі і ў Беларусі”.

У 11 гадзінаў аўтобус Міжнароднай Амністыі прыехаў да Палацу таварыства глухіх. Валанцёры расклалі на століках улёткі, бюлетэні з інфармацыяй пра жорсткае абыходжаньне ў Расеі са зьняволенымі, гвалт над жанчынамі, зьнікненьне людзей у Чачэніі. Аднак маёр міліцыі, не назваўшы сябе, загадаў прыбраць усё гэта.

(Бортнік: ) “Усе нашыя бюлетэні, брашуры пра дзейнасьць Міжнароднай Амністыі маёр загадаў прыбраць. Таксама мы маем цукеркі для дзяцей. Яны зробленыя Швайцарскай сэкцыяй Міжнароднай Амністыі з адпаведным лягатыпам. Ён загадаў прыбраць нават гэтыя цукеркі”.

Прадстаўнікі Міжнароднай Амністыі ня мелі права ўзгадваць і пра асуджанага гомельскага прафэсара Юр’я Бандажэўскага, прызнанага Амністыяй шматгадовым вязьнем сумленьня.

Распавядае актывіст арганізацыі, грамадзянін Швайцарыі Ўлі Кінгольц:

(Кінгольц: ) “Адзін з прынцыпаў Міжнароднай Амністыі такі: мы ня распавядаем пра выпадкі парушэньня правоў у той краіне, у якой знаходзімся. Імя прафэсара Бандажэўскага ёсьць у справаздачы Міжнароднай Амністыі. Справаздача знаходзіцца ў нашым аўтобусе. Аднак адмысловай прэсавай канфэрэнцыі пра гэта мы ня ладзілі.”

З Гомелю аўтобус Міжнароднай Амністыі накіруецца ў Бабруйск, а потым у Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG