Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН І ЭЎРАЗЬВЯЗ ДАПАМОГУЦЬ БЕЛАРУСІ ЗМАГАЦЦА З ГАНДЛЕМ ЖАНЧЫНАМІ


Ігар Карней, Менск

З мэтай спыніць гэтую навалу распачаты супольны праект ААН і Эўракамісіі “Барацьба з гандлем жанчынамі ў Рэспубліцы Беларусь”. Бюджэт праекту — 900 тысяч эўра.

Пасьля гандлю зброяй і наркотыкамі гандаль людзьмі — найбольш прыбытковая ценевая індустрыя. Паводле ацэнак ААН, штогоду больш за 4 мільёны чалавек трапляюць на паднявольную працу за межы сваіх краінаў, што прыносіць злачынным сындыкатам больш як 7 мільярдаў даляраў прыбытку.

Упраўленьне працоўнай міграцыі Міністэрства працы Беларусі канстатуе: кожны год 5 тысяч грамадзянаў краіны афіцыйна выяжджае за мяжу на заробкі. Кіраўніцтва МУС гэтыя лічбы карэктуе і кажа пра 20 тысяч беларусаў, якія спрабуюць працаўладкавацца ў розных частках сьвету. У бальшыні выпадкаў гэтыя спробы заканчваюцца аднолькава: гэта альбо бардэлі (калі гаворка ідзе пра жанчын), альбо будоўлі, падпольныя майстэрні і цяпліцы.

Але галоўная навала — сэксуальнае нявольніцтва. Ніхто ня мае нават прыблізных лічбаў беларускіх “сэкс-рабыняў”. Ва ўпраўленьні нораваў МУС агульную карціну ілюструюць так: толькі ў Маскве на грамадзянак Беларусі апошнім часам складзена 1170 пратаколаў за прастытуцыю.

Паводле справаздачаў гарачай лініі “Ла Страда” ў пытаньнях бясьпечнага знаходжаньня жанчын за мяжой, геаграфія выездаў цяпер ахоплівае 53 краіны. Разам з традыцыйнымі кірункамі (Нямеччына, Кіпар, ЗША, Італія, Ірляндыя, Францыя) фігуруюць і зусім экзатычныя — Буркіна-Фасо, Емэн, Малі, Пэру, Ярданія, Бахрэйн. Дарэчы, найбольш часта менавіта ў такіх краінах сьляды жанчын надоўга альбо назаўсёды губляюцца.

Так, летась супрацоўнікі “Ла Страды” атрымалі 44 тэлефанаваньні ад сваякоў жанчын, лёс якіх дагэтуль невядомы. Ці падазраюць аматаркі замежных авантураў пра небясьпеку сэксуальнага нявольніцтва? Цалкам дапушчальна, што некаторыя едуць за мяжу менавіта дзеля заняткаў прастытуцыяй. Вось якога меркаваньня трымаецца каардынатар праекту Эўракамісіі і праграмы ААН Юры Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Мая суб'ектыўная ацэнка — дзесьці палова на палову. Але нават калі жанчыны ведаюць, куды едуць, і зь імі там бесчалавечна абыходзяцца, яны ўсё роўна ахвяры. Ускладняе сытуацыю тое, што сэкс-індустрыя дзесьці дазволеная, дзесьці забароненая. Замінаюць супярэчнасьці ўнутраных заканадаўставаў. Прыкладам, у Швэцыі прастытуцыя забароненая, там да адказнасьці прыцягваецца кліент. У Нідэрляндах гэтая сфэра легалізаваная. Але ў любым выпадку нашая задача — дапамагчы ахвярам. Абавязковы аспэкт пры гэтым — пакараньне арганізатараў. У СНД праблема гэтая найбольш востра стаіць у Малдове, таму менавіта там і пачаў працаваць адзін зь першых пректаў ААН. Што да Беларусі, то тут шэраг нюансаў: мы — краіна паходжаньня гандлю жанчынамі, краіна транзыту, і нават дзесьці краіна прызначэньня”.

Летась у Беларусі паводле артыкулу “Гандаль людзьмі” былі асуджаныя 44 чалавекі, зь іх 19 пазбаўленыя волі. З паўсотні фірмаў, якія маюць ліцэнзіі на працаўладкаваньне людзей за мяжой, 15 пазбаўленыя права займацца гэтай справай. Але ніякія дзяржаўныя захады да станоўчых вынікаў пакуль не прыводзяць.

Падпольныя “трафікеры” маюць дасканала адпрацаваны мэханізм дзеяньняў і тэрыторыю ўплыву. Дзяўчат з заходніх рэгіёнаў Беларусі часьцей за ўсё вывозяць дзеля заняткаў прыстытуцыяй у Польшчу, Нямеччыну, Італію, Гішпанію і Чэхію. Жыхарак Магілёўскай і Віцебскай абласьцей вэрбуюць у Расею, Літву і Англію. Гомельскі рэгіён “спэцыялізуецца” на Блізкім Усходзе. Аднак паліцыя сутыкалася зь беларускімі прастытуткамі таксама ў Швайцарыі, Аўстрыі, Канадзе, Ізраілі, Аўстраліі, Тайляндзе.

Цяпер у Беларусі больш за 5 мільёнаў 200 тысяч жанчын. Амаль 30 тысяч хь іх нідзе не працавалі і не вучыліся. Больш за палову ва ўзросьце ад 16 да 29 гадоў адносяць сябе да катэгорыі бедных, а таму многія зь іх лёгка клююць на абяцаньні “вялікіх заробкаў малымі намаганьнямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG