Паводле газэты Sunday Mirror, памочнік Хусэйна навязаў лучнасьць з вайскоўцамі ЗША ў Тыкрыце, завёў іх у адзін прыгарадны дом, і ўручыў ім ліст з прапановай перамоваў, нібыта напісаны самым Хусэйнам.
Паводле брытанскай газэты, цягам 9 дзён вяліся перамовы ў справе складаў зброі масавага зьнішчэньня і банкаўскіх рахункаў, на якіх знаходзяцца дзесяткі мільёнаў даляраў. Прадстаўнік 4-й Дывізіі пяхоты, якая кантралюе тэрыторыі на поўнач ад Багдаду, палкоўнік Уільям Мэкданэльдз, заявіў, што ўсё гэта – няпраўда. “4-я Дывізія пяхоты ня мела аніякіх кантактаў зь сябрамі былога рэжыму Садама Хусэйна”-заявіў ён агенцтву Reuters.
Камандаваньне амэрыканскіх сілаў у Тыкрыце лічыць, што Садам Хусэйн можа хавацца ў родных мясьцінах у раёне Тыкрыту, дзе ён карыстаецца шырокай падтрымкай з боку супляменьнікаў і сваякоў. Брытанская газэта выказала здагадку, што Садам Гусэй выбраў у якасьці прытулку Беларусь, паколькі кіраўніцтва гэтай краіны заўсёды заяўляла аб сваёй сымпатыі да былога саюзьніка.
Злучаныя Штаты, якія заўжды выказвалі занепакоенасьць ірацкай зброяй масавага зьнішчэньня, і якой дагэтуль не знайшлі, усё ж заяўляюць, што з Садамам ня будуць весьціся аніякіх перамоваў.