Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВОШТА СТВАРАЕЦЦА ДЭПАРТАМЭНТ ФІНАНСАВАГА МАНІТОРЫНГУ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа і старшыня выканкаму грамадзкага аб'яднаньня "Альтэрнатыва ХХІ" Сяргей Балыкін.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што ў Беларусі створаная гіператрафіраваная сыстэма дзяржаўнага кантролю за эканамічнымі працэсамі, і за грамадзтвам ўвогуле. Экспэрты налічылі сем структураў, якія маюць права апэратыўна-пошукавай дзейнасьці. Усеабдымны кантроль стаўся надзвычай важным элемэнтам цяпершняй сацыяльнай мадэлі краіны.

Калі казаць толькі пра эканоміку, то ў Камітэце дзяржаўнага кантролю існуе Дэпартамэнт фінансавых расьследаваньняў. У Міністэрстве ўнутраных справаў існуе аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Адпаведная структура існуе ў КДБ. У кожным ведамстве існуюць уласныя рэвізоры. Кантрольных органаў цяпер так шмат, што яны пачалі перашкаджаць нармальнай працы гаспадарчых суб’ектаў і спатрэбілася ствараць адмысловую камісію дзеля каардынацыі дзеяньняў гэтых інстытутаў на чале з старшынёй Камітэту дзяржаўнага кантролю Тозікам.

Навошта патрэбна стварэньне яшчэ адной структуры – Дэпартамэнта фінансавага маніторынгу? Гэта прызнаньне таго, што інуючыя органы дрэнна працуюць? Ці маштаб злачынстваў у фінансавай сфэры стаў такім вялікім, што існуючыя ведамствы не пасьпяваюць іх раскрываць, спатрэбілася новая структура? Ці можа склалася крытычная сытуацыя зь дзяржаўным бюджэтам, і патрэбны новыя інстытуты для здабытку грошай?”

(Патупа: ) “У зьяўленьні гэтай установы я бачу дзьве кампанэнты. Першая кампанэнта – міжнародная. Яна датычыць нашых міжнародных дамоваў у сфэры кантролю за нелегальным зваротам грошай. Гэта сур’ёзная глябальная праблема. Барацьба зь нелегальнымі фінансавымі плынямі патрабуе стварэньня адмысловых органаў, якія павінны адсочваць незаконныя працэсы, напрыклад, у банкаўскай сфэры. І ў гэтым няма нічога дрэннага, гэта патрэбнасьць выкліканая працэсам глябалізацыі.

Але ёсьць, відавочна, і іншая кампанэнта. Яшчэ, здаецца, ў 1998 годзе, калі пашыраліся функцыі органаў кантролю за фінансавай сфэрай, я прадказваў, што ствараецца чацьвертая галіна ўлады. Калі ў краіне пагаршаецца эканамічная сытуацыя, то пашыраецца маштаб пошуку грошай з дапамогай ўсё новых органаў кантролю. Будуецца гіерархічная сыстэма кантролю. Адныя кантрольныя органы кантралююць іншыя аналягічныя структуры. Эвалюцыя ідзе ў гэтым кірунку.

Апрача таго, у створаным Дэпартаменце фінансавага маніторынгу я бачу інструмэнт палітычнай барацьбы, асабліва зь гледзішча вырашэньня задачы трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі. З гэтай мэтай патрэбна ўсё больш браць пад кантроль усе сродкі ў дзяржаве. Гэта адзін з многіх крокаў у гэтым кірунку”.

(Балыкін: ) “Найперш я хачу заўважыць, што кантроль за фінансавымі плынямі і барацьба зь нелегальнымі грашыма гэта нармальная і звычайная справа ва ўсім сьвеце. Але тое, што зьяўляецца нармальным ва ўсім сьвеце, у Беларусі прымае своеасаблівыя формы. І мне падаецца, што Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу ствараецца як інструмэнт кантролю за фінансавымі плынямі суб'ектаў гаспадараньня, за тымі грашыма, якія паступаюць з-за межаў Беларусі.

Сёньня ў Беларусі склалася такая сытуацыя, што працаваць у гаспадарчай сфэры і не парушаць законы немагчыма. Старшыня Камітэту Дзяржкантролю неаднаразова казаў, што каля 98% правераных суб'ектаў гаспадараньня маюць парушэньні. Гэта выходзіць за межы нармалёвых гаспадарчых дачыненьняў. Гэта азначае, што не суб'екты гаспадараньня кепскія, а заканадаўства кепскае, не дазваляе нармальна працаваць.

І таму беларускія суб'екты гаспадараньня дзеля таго, каб мець магчымасьць працаваць з прыбыткам, вымушаныя ствараць гаспадарчыя структуры за межамі Беларусі, у афшорных зонах, нелегальна адкрываць рахункі ў замежных банках, ладзіць празь іх фінансавыя апэрацыі. І таму Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу будзе адсочваць гэтыя фінанасавыя плыні і перашкаджаць бізнэсоўцам карыстацца гэтымі магчымасьцямі”.

(Карбалевіч: ) “Якую можна зрабіць выснову з надрукаваных дакумэнтаў наконт функцыяў Дэпартамэнту фінансавага маніторынгу? У чым спэцыфіка яго дзеяньняў у адрозненьні ад ужо існуючых кантрольных органаў? І чаму нельга адсочваць адмываньне грошай нелегальнага паходжаньня з дапамогай гэтых існуючых кантрольных органаў?”

(Патупа: ) “Калі пачытаць гэты Ўказ № 408, то можна прыйсьці да высновы, што функцыі новага дэпартамэнту бязьмежныя. Дарэчы, там яшчэ існуе частка “Для службовага карыстаньня”. З указу вынікае, што ўсе фізычныя асобы падлягаюць кантролю.

Усе кантралюючыя органы празь нейкі час ураўнаважваюцца ў сваіх дзеяньнях. І патрэбна, каб і іх кантралявалі ў сваю чаргу. На мой погляд, Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу будзе галоўным кантралёрам. Ён падпарадкоўваецца старшыні Камітэту дзяржкантроля Тозіку. Дэпартамэнт будзе збіраць інфармацыю пра дзейнасьць камэрцыйных структураў, асобаў, грамадзкіх арганізацый, партый”.

(Балыкін: ) “Бюракратычны апарат існуе па сваіх законах. Трэба адзначыць, што Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу не зьяўляецца самстойнай ўстановай, а ўваходзіць у склад Камітэту дзяржаўнага кантролю. І зьяўленьне яшчэ аднаго дэпартамэнту сьведчыць аб тым, што ўплыў гэтага камітэту пашыраецца. Дэпартамэнт фінансавага маніторынгу – гэта нейкая фінансавая даведка. Камітэт дзяржаўнага кантролю ўжо выконваў гэтыя функцыі, але зьяўленьне Указу № 408 сьведчыць аб тым, што гэтыя функцыі будуць пашырацца, і ім надаецца першасная роля".

(Карбалевіч: ) "Якіх наступстваў можна чакаць ад стварэньня Дэпартамэнту фінансавага маніторынгу для эканамічных дачыненьняў у краіне, для эканамічнай свабоды, для правоў чалавека? Ці паўплывае новы кантрольны орган на маштабы ценявой эканомікі? Ці прынясе ён шмат грошай у дзяржаўны бюджэт?”

(Патупа: ) "Узмацненьне кантралюючых органаў заўсёды вядзе – гэта гістарычны факт – да павялічэньня нелегальнага сэктару ў эканоміцы. Тыя прадпрымальнікі, якія не сышлі за мяжу, пераходзяць у ценявы альбо напаўлегальны сэктар. Так адбываецца ў краінах, дзе пераважаюць антырынкавыя тэндэнцыі. У рынкавых умовах, наадварот, існуе транспарэнтнасьць (празрыстасьць) і ўмацоўваецца легальная эканоміка. А ва ўмовах Беларусі толькі ўзмацніцца нелегальная эканоміка".

(Балыкін: ) "Як вядома, лібэралізацыя, аб якой шмат казалі першыя асобы нашай краіны, не адбылася. Замест гэтага мы атрымалі жорсткі ціск на бізнэс, закручваньне гаек. Стварэньне Дэпартамэнту фінансавага маніторынгу – гэта вельмі лягічны крок у межах той палітыкі, якую праводзіць дзяржава. Гэта яшчэ адна структура, якая будзе кантраляваць беларускі бізнэс. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Чым больш будуць ціснуць на бізнэс, тым больш капіталаў будзе выціскацца за межы, і тым больш грошай будзе круціцца ў ценявым абароце".

(Карбалевіч: ) "Такім чынам стварэньне Дэпартамэнту фінансавага маніторынгу стане яшчэ адной перашкодай на шляху будаўніцтва нармальнай рынкавай эканомікі. Але, зь іншага боку, стварэньне гэтай структуры зьяўляецца цалкам лягічным у межах той сацыяльна-эканамічнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі. Татальны кантроль неабходная умова ейнага існаваньня. У гэтай сыстэме не бізнэсовец альбо мэнэджэр, а кантралёр зьяўляецца галоўнаю фігураю.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG