Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗАСТАНЕЦЦА КАЛЯ 10 ІНТЭРНЭТ-КЛЮБАЎ, РЭШТУ ЗАЧЫНЯЦЬ


Віталь Цыганкоў, Менск

Ад сотні менскіх кампутарных клюбаў (уключна з пунктамі пракату, клясамі, залямі і Інтэрнэт-кавярнямі) ужо празь месяц можа застацца ў найлепшым выпадку дзясятак. Кіраўніцтва Менгарвыканкаму завяршае кансультацыі з шэрагам дзяржаўных ведамстваў, вынікам чаго будзе адмысловае палажэньне “Аб дзейнасьці камэрцыйных кампутарных клюбаў на тэрыторыі Менску”.

Уладальнікі такіх установаў сьцьвярджаюць, што новыя правілы скіраваныя не ў дапамогу кампутарнай сфэры, а супраць кампутарных клюбаў як зьявы. Зрэшты, у гарвыканкаме не хаваюць: дробныя Інтэрнэт-кавярні павінны з гораду зьнікнуць — гэтак сама, як нядаўна камэрцыйныя шапікі. Тэму дасьледаваў Ігар Карней.


* * *
(Ігар Карней: ) “У колах, блізкіх да сфэры аказаньня кампутарных паслугаў, цяпер самае папулярнае чытво — інструкцыя Менгарвыканкаму, рабочы варыянт адмысловага палажэньня, якое будзе ўхваленае па часе. Папера гэтая ходзіць паўпадпольна, бо гаспадарам кампутарных клюбаў яе даслаць не палічылі патрэбным. Вось рэакцыя на захады сталічных уладаў уладальніка аднаго з пасьпяховых кампутарных салёнаў:

(Уладальнік клюбу: ) “Палажэньне гэтае атрымалі ўсе інстанцыі — падатковая, міліцыя, пажарныя, Міністэрства адукацыі, санітарныя органы. Але, што характэрна, кампутарным клюбам яго ніхто так і не даслаў. Паперу разаслалі, каб да канца верасьня гэтыя інстанцыі далі свае заўвагі і каб да канца году само палажэньне зацьвердзіць. Тады яно набудзе моц, будзе абавязковым да выкананьня; утвораць камісіі ў справе пашпартызацыі кампутарных клюбаў.

Ужо да канца году правераць. Установы, што ня будуць адпавядаць патрабаваньням (мяркую, іх будзе вельмі шмат) папросту зачыняць. Нам гэтае палажэньне, трэба думаць, “спусьцяць” постфактум у выглядзе той самай камісіі, якая прыйдзе і скажа: вось дакумэнт — чаму, уласна кажучы, не адпавядаеце?”

Шэраг патрабаваньняў інструкцыі сапраўды падаюцца дзіўнымі. Прыкладам, пэрсанальная працоўная прастора наведніка павінна складаць ня меней за 3 квадратных мэтры для дарослага і 4,5 квадратных мэтра для дзяцей. Мой суразмоўца падкрэсьлівае, што такія ўмовы ня могуць дазволіць сабе нават офісы салідных фірмаў, ня кажучы пра дробныя ўстановы, якія ад прадастаўленьня кампутарных паслугаў ня маюць ніякіх звышпрыбыткаў.

Таксама ў клюбах забараняецца стварэньне і дзейнасьць палітычных партыяў і рэлігійных аб’яднаньняў, дзейнасьць якіх супярэчыць заканадаўству. На запатрабаваньне супрацоўнікаў міліцыі адміністрацыя клюбу павінна даваць усю інфармацыю адносна карыстальнікаў Інтэрнэтам. Усе супрацоўнікі павінны будуць мець мэдычную кніжку са зьвесткамі мэдычных аглядаў і асобным пунктам — аб прышчэпках (ад чаго павінны быць прышчэпленыя — не ўдакладняецца).

(Уладальнік клюбу: ) “Чыноўнікі-міліцыянты наўпрост сказалі: у выніку пашпартызацыі ў горадзе застанецца як найбольш 10–15 клюбаў; астатнія будуць зачыненыя. Іхнае жаданьне цалкам можа ажыцьцявіцца, бо жорсткіх патрабаваньняў насамрэч вельмі шмат. Першая нязручнасьць — патрабаваньне ў наведнікаў дакумэнтаў, занатоўваньне іхных зьвестак у адмысловы часопіс; гэта ўсё будзе толькі адпужваць людзей. Далей —дадатковыя квадратныя мэтры на кожнае працоўнае месца — не ва ўсялякім офісе у горадзе ёсьць такія плошчы. Альбо крэслы, абсталяваныя паваротным пад’ёмным прыстасаваньнем: усе кампутарныя клюбы павінны быць абсталяваныя надзвычай дарагімі офіснымі крэсламі”.

Мой суразмоўца дадае: ці патрэбны такі шык, калі чалавек прыйшоў на паўгадзіны альбо каб толькі даслаць e-mail? Але ў Камітэце адукацыі Менгарвыканкаму, які непасрэдна адказвае за падрыхтоўку палажэньня аб кампутарных клюбах, упэўненыя: прыйшоў час навесьці ў сеціве парадак. І за месяц гэта будзе зроблена. Гаворыць куратар праекту Тацяна Аўдзеева:

(Аўдзеева: ) “Як толькі ўсе пазыцыі будуць зацьверджаныя, інструкцыя будзе абавязковай для выкананьня. Калі ўсе органы дадуць “дабро”, яна будзе кіроўным дакумэнтам. Здарыцца гэта, мяркую, ужо ў наступным месяцы. Што да незадаволенасьці… Каб кампутарныя клюбы ад пачатку выконвалі пажаданьні часовага палажэньня Камітэту адукацыі, яны сёньня былі б на іншым узроўні свайго разьвіцьця і існаваньня — больш цывілізаваным і годным. У нас ёсьць прыклады кампутарных клюбаў, якія працуюць ня дзеля грошай, а дзеля наведнікаў.

Дробныя клюбы павінны спыніць сваё існаваньне, мусяць застацца сапраўдныя, сучасныя ўстановы, куды пойдзе народ і за дызайнам, і па адукацыю, і за інтарэсамі, і па зносіны. Ня туды, дзе памыйка, дзе можна піць піва і рабіць усё астатняе (ня буду пералічваць); мы ідзем наперад у цывілізаванае грамадзтва, у цывілізаваны сьвет. Няхай выказваюць незадаволенасьць, але патрабаваньне такое: альбо вы ідзяце наперад, альбо зачыняйцеся. Нам не патрэбная колькасьць, нам трэба якасьць”.

Паводле спадарыні Аўдзеевай, няма ніякіх падставаў сумнявацца, што рэвізія кампутарных клюбаў (у Менгарвыканкаме гэта называюць пашпартызацыяй) распачнецца ўжо ў кастрычніку.


* * *
Пакуль менскія ўлады рыхтуюць захады, якія могуць значна скараціць колькасьць кампутарных клюбаў, у сталіцы актыўна разьвіваюцца альтэрнатыўныя кампутарныя сеткі. Зьява атрымала назву “Хатняя кампутарная сетка”. З адміністратарам адной з такой сетак Іванам Сямернікам гутарыў Севярын Квяткоўскі.


* * *
(Севярын Квяткоўскі: ) “Хатняя кампутарная сетка можа пачацца з вашага прыватнага дому. Аб’ядналі два кампутары — ваш, жонкі, мужа, дзіцяці, і можаце адначасова заходзіць у Інтэрнэт, гуляцца альбо папросту капіяваць патрэбную інфармацыю. Можна аб’яднацца з суседам зь лесьвічнай пляцоўцы ці з пад’езду. Альбо дамовіцца зь людзьмі з суседніх дамоў.

На адрасе http://www.shnet.by.ru разьмешчаная старонка “Шабаноўскай хатняй кампутарнай сеткі”, якая на сёньняшні дзень аб’ядноўвае дваццаць чалавек з трох суседніх дамоў. Тлумачыць ініцыятар праекту дваццацігадовы Іван Сямернік:

(Сямернік: ) “Гэтая сетка выгодная тым, што людзі могуць бясплатна абменьвацца рознымі файламі: фільмы, музыка, праграмы. Напрыклад, адзін чалавек набыў дыск, можа ўсім доступ адкрыць. І яшчэ доступ да Інтэрнэту. Адзін чалавек карыстаецца мадэмам, і могуць усе карыстацца. Шмат перавагаў, карацей”.

Такім чынам, карыстальніку хатняй сеткі зусім не абавязкова ісьці ў кампутарны клюб, каб пагуляцца з прыяцелямі ці спампаваць з Інтэрнэту патрэбную інфармацыю. Іншая рэч, што пры карыстаньні адным мадэмам некалькімі асобамі хуткасьць перадачы інфармацыі значна замаруджваецца. Да таго ж, беларускія тэлефонныя лініі далёкія ад дасканаласьці. Дзеля якаснага — хуткага — Інтэрнэту патрэбная так званая вылучаная лінія, спэцыяльны кабэль, які адмыслова працягваецца да карыстальніка.

Вылучаная лінія каштуе ад некалькіх соцень да 1500 даляраў. Калі ў сетку аб’яднаныя больш за пяцьдзясят карыстальнікаў, эканамічна выгадней купляць “вылучанку”, чым выдатковаць грошы на сувязь праз мадэм ці візыт у кампутарны клюб. Працягвае Іван Сямернік:

(Сямернік: ) “Ідзем шляхам разьвіцьця Японіі альбо Карэі. У іх на хатніх сетках увесь Інтэрнэт пабудаваны. То бок, купляецца адна вылучаная лінія на ўсіх, і усе плацяць за той аб’ём інфармацыі, які яны скарысталі. Гэта вельмі выгадна атрымліваецца, чым проста мадэмам карыстацца, і калі тэлефон заняты”.

Хатняя кампутарная сетка — гэта свайго кшталту кампутарны “каапэратыў”.У мікрараёне Ўручча такія каапэратывы аб’ядноўваюць да 200 чалавек. А студэнды БНТУ (колішняга Політэхнічнага інстытуту) маюць сетку на 300 чалавек. Уявіце сабе два шматпавярховыя студэнцкія інтэрнаты, аб’яднаныя ў сетку. Цяпер студэнтам ня трэба бадзяцца па ўсіх калідорах, каб адшукаць патрэбны канспэкт, ня трэба грукацца ў дзьверы, каб перапытаць тэму лекцыі ці папрасіць у пазыку патэльню. Варта зайсьці ў сетку ды кінуць патрэбную адозву. А эканомія на выдатках на Інтэрнэт атрымліваецца калясальная, як для небагатага студэнта. Але вернемся ў мікрараён Шабаны.

Самае важнае ў сетцы, натуральна, дрот, які злучае кампутары. Распавядае Іван Сямернік:

(Сямернік: ) “Бываюць праблемы з ЖЭСамі, але гэта ўсё вырашаецца. Проста прыходзіш, пішаш заяву — “патрэбны доступ на дах. Яны падпісваюць акт пра матэрыяльную адказнасьць, кладзеш свой кабэль, і ўсё”.

Сама тэхналёгія стварэньня хатняй кампутарнай сеткі, усе тэхнічныя нюансы й парады прапісаныя ў выглядзе цэлых кніжак, і даступныя любому на разнастайных Інтэрнэт-сайтах. Варта толькі зрабіць патрэбны запыт у пошукавай сыстэме. А галоўную праблема такіх вось аматарскіх кампутарных сетак — абслугоўваньне дротавых лініяў, якія шкодзяцца ўмовамі надвор’я, а таксама звычайнымі хуліганамі. Наколькі законна існуюць прыватныя кампутарныя сеткі?

(Сямернік: ) “Законна да той ступені, пакуль не пачынаеш грошы зарабляць. Як толькі пачынаецца камэрцыя, ліцэнзія патрэбная, ліцэнзаваць дзейнасьць. У нас усё бясплатна. Мы працуем на ўласную ініцыятыву. За працу, за тое, што я сьвідрую дзіркі, я нічога не бяру”.

У плянах Івана Сямерніка — аб’яднаньне ўсіх Шабаноў у адну кампутарную сетку. А калі ісьці далей? Калі аб’яднаць усе існыя ды будучыя хатнія кампутарныя сеткі ў адну? Пакуль Іван Сямернік з прыяцелямі так далёка не загадвае, але ідэя не падаецца фантастычнай.


* * *
Севярын Квяткоўскі распавёў пра хатнія кампутарныя сэткі. Дарэчы, пашырэньне гэтай зьявы прымушае па-новаму зірнуць на статыстыку валоданьня беларусамі Інтэрнэтам. Калі на адной лініі можа знаходзіцца некалькі соцень чалавек, то агульная колькасьць карыстальнікаў сеціва ў Беларусі значна большая за афіцыйныя зьвесткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG