Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“УЛІС” У НОВЫМ “ЛЮСТЭРКУ”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Калі ўважліва прыгледзецца да цяперашняй айчыннай рок-сцэны, можна безь вялікіх намаганьняў заўважыць, што яна пераважна маладая. Ня так і шмат на ёй калектываў, чый творчы стаж большы за дзесяць гадоў.

Адзін з такіх калектываў — група “Ўліс”, якая даўно ўжо трывала заняла ганаровае месца ў гісторыі беларускай рок-музыкі, калі толькі яна будзе напісаная. Альбом “Люстэрка” пры гэтым — бадай, найбольш загадкавая пазыцыя ў творчым здабытку калектыву. А вось чаму — і паспрабуем зараз высьветліць, вітаючы ў студыі Беларускай Свабоды лідэра калектыву, аўтара музыкі і тэкстаў песень, харызматычную асобу беларускага року і яго своеасаблівага самотніка Славу Кораня.

Дзень добры, шаноўны Ўліс! Слава! А ці згодны ты з маёй думкай, што “Люстэрка” сапраўды дыск-таямніца?

(Вячаслаў Корань: ) “Люстэрка заўжды было таямніцай. У люстэрку можна было ўбачыць усё, што хочаш. Альбо нічога. І таму гэты альбом мае назву “Люстэрка”, і таму ён так аформлены, каб гэта была таямніца”.

(Падбярэскі: ) “Калі ты даваў альбому такую назву і гэткім незвычайным чынам вызначаў яго рэпэртуар, напэўна ж меў на ўвазе нешта такое, што трэба чытаць паміж радкоў, паміж нотаў?”

(Корань: ) “Ва “Ўлісу” заўжды былі такія альбомы, такая канцэпцыя, каб неадназначна можна было падыходзіць да песень, каб кожны знайшоў для сябе нешта сам”.

(Падбярэскі: ) “Чаму ж ты вынес на вокладку 11 назваў песень, а рэшту схаваў ад вачэй, тым больш, што ўсе гэтыя схаваныя трэкі — новыя вэрсіі песень з даўняга рэпэртуару “Ўлісу”?”

(Корань: ) “Гэтыя песьні не схаваныя, яны ёсьць. Калі здымаеш дыск, пад ім намаляваны другі дыск, на якім напісаны назвы тых песень, якія гучаць пасьля тых адзінаццаці. Так было зроблена, каб час ад часу можна было знаходзіць нешта новае. Як у сапраўдным люстэрку”.

(Падбярэскі: ) “З той прычыны, што на вокладцы згаданыя адно назвы песень, я так і не зразумеў, ці патрапілі ў альбом творы, якія пісаліся да супольнага праекту на вершы Караткевіча “Скрыпка дрыгвы”? Які лёс гэтых песень?”

(Корань: ) “Гэтыя песьні ў альбом патрапілі, але яны былі перапісаныя. Супольныя праекты робяцца вельмі хутка, і музыканты не пасьпяваюць асэнсаваць гэтыя словы, гэтую музыку. А потым усплываюць некаторыя думкі, якія будуць больш правільныя, а тут ужо ўсё запісана. Таму цяпер мы і зрабілі ўсё па-новаму”.

(Падбярэскі: ) “Мне так здалося, што музычны вобраз групы ў параўнаньні з ранейшымі праграмамі “Улісу” крыху зьмяніўся. Ці так гэта?”

(Корань: ) “Уліс” заўжды мяняў свой вобраз, ён нібыта ўвесь час у дарозе. Гэта залежыць ад таго, што мы праз увесь час зьмяняемся, і наш унутраны стан зьмяняецца. І так павінна быць, таму што калі ты робіш нешта на патрэбу альбо спрабуеш падмануць слухача, гэта будзе нядобра. Пасьля таго, як усё было зроблена, я быў задаволены, што гэта — канец вялікай працы, і я меў магчымасьць зрабіць так, як хацелася”.

(Падбярэскі: ) “Нядаўна ў адным інтэрвію ты здаецца сказаў, што гадоў 10–15 таму музычным зьместам творчасьць нашых рок-груп, у прыватнасьці “Ўлісу”, апяраджала тое, што тады гучала ў Расеі, а цяпер сытуацыя зьмянілася ў горшы бок. Табе сапраўды не падабаецца тое, чым цяпер запоўненая беларуская рок-сцэна?”

(Корань: ) “Мне не падабаецца тое, што маладыя беларускія гурты цяпер глядзяць на расейскае тэлебачаньне, якое паказвае расейскія гурты. А расейскія гурты адстаюць ад эўрапейскай рок-культуры на 15–20 гадоў. Нават сёньня яны якраз і адстаюць. Раней гэта ня так было бачна. У Беларусі ў 1980–90-я гады нешта такое ігралася і рабілася, як цяпер іграецца і робіцца ў Расеі”.

(Падбярэскі: ) “Музыка была тады больш самабытная…”

(Корань: ) “Так! У 1980–90-я гады музыка ў Беларусі ў сэнсе сучаснасьці адпавядала эўрапейскаму ўзроўню”.

(Падбярэскі: ) “А ці не таму ў некаторых песьнях на “Люстэрку” маюцца пэўныя цытаваньні зь песень нашых калектываў, што ты гэтым самым выказваеш крытычнае стаўленьне да сучасных рок-рэаліяў у Беларусі?”

(Корань: ) “Можа быць. Таму што мне, ведаеш… Так, у гэтым ёсьць пэўная сатыра, ёсьць у гэтай песьні. Гэта зьвязана з тым, што нават такія гурты як “NRM”, пайшлі шляхам найменшага супраціву і пачалі класьціся пад публіку, каб спадабацца”.

(Падбярэскі: ) “Уліс” такога ня робіць…”

(Корань: ) “Не!”

(Падбярэскі: ) “А як жа шоў-бізнэс?”

(Корань: ) “А шоў-бізнэсу няма! Навошта цяпер класьціся пад публіку, якая цяпер яшчэ больш горшая, чым у 1980–90-я гады, калі шоў-бізнэсу няма? Усё адно ты грошай не заробіш! Трэба рабіць тое, што табе падабаецца самому. І рабіць гэта шчыра і цікава для самога сябе”.

(Падбярэскі: ) “Ну а як жа жыць тады?”

(Корань: ) “Усё адно грошай не заробіш!”

(Падбярэскі: ) “Цікавым падалося мне меркаваньне журналісткі Тацяны Заміроўскай. Паслухаем, што бачыцца ў люстэрку збоку”.

(Тацяна Заміроўская: ) “Альбом “Люстра” — дакладна адзін з найлепшых альбомаў гэтага году, але, я думаю, ён ня будзе адэкватна ацэнены і нават не атрымае той пашаны, якую заслугоўвае. Слава Корань на самой справе знаходзіцца неяк убаку ад сучаснага музычнага працэсу ў Беларусі і не таму, што ён не разумее, што трэба рабіць, каб ягоная музыка была папулярная, круцілася на Першым музычным там, на БТ. Яму гэта, як я разумею, ня вельмі цікава. Яму цікавы менавіта сам творчы працэс.

Ягоная музыка знаходзіцца значна наперадзе ад таго, што цяпер тут адбываецца, бо Слава шмат увагі надае таму, як гучыць ягоная музыка, што шанцаў далучыцца да мэйнстрыму ў яго няма, бо ён наперадзе гэтага мэйнстрыму. Я так лічу, што масавай папулярнасьці нават пасьля гэтага неверагоднага на самой справе альбому ў яго ўсё роўна ня будзе”.

(Падбярэскі: ) “Сёлета ты быў сярод сяброў журы на фэстывалі “Басовішча”. Ці пачуў ты там нешта такое, што б можна было ацаніць як нагоду да аптымізму на агульным фоне тваіх пэсымістычных выказваньняў?”

(Корань: ) “Не, сёлета я ўдзельнічаў яшчэ на адборачным этапе фэстывалю і магу сказаць, што было яшчэ недзе сем гуртоў, якія маглі б паехаць на “Басовішча”, і там можна было б іх слухаць з прыемнасьцю. На “Басовішчы” сёлета беларускія гурты выступілі вельмі добра”.

(Падбярэскі: ) “А чаму ж так атрымліваецца, што пачаткоўцы паказваюць адносна арыгінальны прадукт, шчыры, а потым гэтыя калектывы альбо зьнікаюць, альбо пачынаюць падладжвацца, як ты кажаш, пад тэлебачаньне, пад розныя фарматы…”

(Корань: ) “Калі пачаткоўцы зьбіраюцца рабіць нешта, яны робяць гэта ад душы, пачынаюць кудысьці рухацца. Адны ўпіраюцца і робяць тое, што могуць рабіць, вучацца, а другія проста скіроўваюцца ў іншы бок і робяць нешта такое, што падобна да таго, што робяць расейскія гурты, каб зарабіць грошы, але гэтага ў іх не атрымаецца”.

(Падбярэскі: ) “У альбоме ёсьць яшчэ адзін сюрпрыз — новая вэрсія вядомай песьні “Радыё Свабода”. Мы размаўлялі пра яе амаль год таму. Якія, цікава, водгукі на такое ці ня камэрнае фрагмэнтамі гучаньне песьні і чаму ты вырашыў зазірнуць у мінулае “Ўлісу” менавіта ў такім аранжаваньні?”

(Корань: ) “Мне проста захацелася зрабіць менавіта так, каб прысутнічала нейкая віялянчэль, і паслухаць гэта. Апошні склад гурту “Радыё Свабода” не запісваў, а мы вось цяпер тое зрабілі. Так, думаю, што больш мы нічога рабіць ня будзем, таму, мне здаецца, гэты менавіта варыянт найбольш удалы”.

(Падбярэскі: ) “Ды хто яго ведае? “Уліс” яшчэ можа крочыць вельмі доўга і трапляць у самыя розныя абставіны. Магчыма, і ўзьнікне патрэба зноў вярнуцца да гэтай песьні”.

(Корань: ) “Можа быць… Але, ведаеш, тут яшчэ ёсьць такая задумка, каб “Улісу” сыграць ня ўтрох, а, можа, яшчэ зь некім. Але гэта будзе альбо ня будзе, я ня ведаю, але ж хацелася б…”

(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй, Слава! Я нагадаю, што мы гасьцявалі ў студыі Славу Кораня, лідэра групы “Ўліс”, з нагоды выданьня новага альбому “Люстэрка”. Да новых сустрэч на хвалях Радыё Свабода!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG