Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СТАВЯЦЦА МЕНЧУКІ ДА ВЯРТАНЬНЯ АБАВЯЗКОВАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ ІДЭАЛЁГІІ?

Севярын Квяткоўскі, Менск

Студэнты менскіх ВНУ, зь якімі я размаўляў сёньня на сталічных вуліцах, збольшага адмоўна ставяцца да палітзаняткаў і палітінфармацыяў:

(Студэнт: ) “Не — ну, вядома, калі хто хоча, хай наведвае гэтыя заняткі. Але я б лепш гэты час бавіў бы ў сквэры”.

(Студэнтка: ) “Мы з гэтым пакуль не сутыкнуліся, мы толькі чулі, што зьбіраюцца рабіць. Гэта нам не падабаецца”.

А вось аргумэнты тых, хто ня супраць вяртаньня ідэолягаў у працоўныя калектывы:

(Навучэнка: ) “Я мяркую, варта было гэта рабіць. Ёсьць цяпер да каго зьвяртацца канкрэтна”.

(Спадар: ) “Пэўна, добра. Ня ведаю чым, але добра”.

(Пэнсіянэрка: ) “Гэта няблага. Кірунак нейкі даецца людзям. А што ў нас цяпер у школах? Абсалютна нічога не даецца дзецям. Яны ня ведаюць куды ісьці, у якім кірунку. Кірунак у дзяржаве мусіць быць абавязкова”.

Я запытаўся ў нядаўняй выпускніцы школы пра тое, як выглядаюць палітзаняткі ў менскай школе:

(Дзяўчына: ) “Мы разглядалі з клясным кіраўніком навіны, якія адбываюцца, абмяркоўвалі іх. Калісьці падабалася, калі — не. Калісьці хацелася паспаць замест палітінфармацыі”.

Хаця часьцей вяртаньне ідэолягаў падтрымлівалі людзі сталага веку, сярод пэнсіянэраў ёсьць людзі, якія супраць вяртаньня палітінфармацыяў і ідэалягічных аддзелаў:

(Спадарыня: ) “Я б да гэтага не вярталася. Іх было дастаткова мінулыя гады. Я проста супраць”.

Часта ў адказах гучала трывога, бо вяртаньне ідэалягічнага інстытуту ўспрымаецца як знак вяртаньня таталітарызму на савецкі манер:

(Спадарыня: ) “Гэта вяртаньне да мінулага. нам трэба цяпер баяцца размаўляць? На кухнях шаптацца, як у часы нашых бацькоў. Па тым як зьнікаюць людзі ў нас вядомыя, палітыкі, гэта страшна. Ня так страшна, як раней — але размаўляць ужо нельга. Таму ў нас і моладзь баіцца выступаць на дэманстрацыях”.

(Спадар: ) “Маразм саўковага мінулага. Незразумела і глупа. Разьлічана немаведама на каго. У мінулае нельга ўвайсьці двойчы. Няма глебы для гэтага ўсяго”.

Студэнткі філязофскага факультэту БДУ кажуць, што ім ужо паведамілі, што многія зь філёзафаў будуць атрымліваць спэцыяльнасьць ідэолягаў:

(Студэнтка: ) “Ведаючы кантэкст, у якім працуе кіраўнік дзяржавы, можна меркаваць, што гэта адмоўна — тое, што ён робіць. Пачынаеш думаць пра Савецкі Саюз, як “шчасьліва” там людзям жылося. І аб тым, як нават у сучаснасьці людзі могуць думаць самастойна. Ведаючы, што людзі зьнікаюць у нашай краіне, іншыя факты, можна зрабіць выснову, што гайкі пачынае закручваць наш урад”.

Адзін спадар сказаў, што ў Беларусі жыцьцё ўжо даўно ідэалягізаванае. Я папрасіў яго назваць асноўныя пункты афіцыйнай беларускай ідэалёгіі. Спадар паказаў рукой у бок рэзыдэнцыі прэзыдэнта:

(Спадар: ) “Вось у суседнім будынку сядзяць пастаянна тры пункты нашай ідэалёгіі. Іншай ніякай няма”.
XS
SM
MD
LG