(Розэнбэрг: ) “Паважаная фраў Кубэ, сябры, нацыянал-сацыялісты! Мы зноў мусім гаварыць пра страты. Сёньня мы разьвітваемся з нашым палымяным змагаром, гаўляйтэрам і генэральным камісарам Вайсрутэніі Вільгэльмам Кубэ, які стаў ахвярай ліхадзейскага бальшавіцкага забойства”.
Гэтая архіўная стужка з голасам Альфрэда Розэнбэрга вяртае нас у верасьнёўскі Менск 1943 году, куды райхсміністар, адмыслова паводле даручэньня Гітлера, прыбыў на цырымонію жалобнага разьвітаньня з Кубэ. Райхсміністар быў блізкім сябром гаўляйтэра. Паводле некаторых крыніцаў, раней ён дый яшчэ адзін сябар Кубэ — райхсфюрэр Гэрман Гэрынг — не аднойчы выратоўвалі гаўляйтэра. У канфідэнцыйных размовах абодва не выключалі, што ідэя замаху магла сасьпець у Бэрліне, сярод адказных супрацоўнікаў СС, гестапа, вэрмахту.
Ад пачатку свайго прызначэньня на пасаду гаўляйтэра Беларусі альбо губэрнатара Беларусі Кубэ канфліктаваў з прадстаўнікамі ўсіх гэтых ведамстваў. Ён рэгулярна дасылаў у Бэрлін свае дакладныя на нямецкіх генэралаў, у якіх паведамляў, што партайгеносэн не кампэтэнтныя ў пытаньнях працы з цывільным беларускім насельніцтвам.
А гэтак званыя апанэнты Кубэ таксама сыгналізавалі ў адпаведныя структуры. Яны абвінавачвалі гаўляйтэра як у залішняй дружалюбнасьці да беларускага насельніцтва, так і ў амаральных паводзінах. Маўляў, Кубэ меў блізкія дачыненьні са сваёй пакаёўкай ды зь іншымі асобамі неарыйскага паходжаньня, ладзіў розныя оргіі і такім чынам кампрамэтаваў гонар нямецкага нацыянал-сацыялізму.
Журналіст і драматург Паўль Коль, аўтар выдадзенай у Нямеччыне і нядаўна перакладзенай на беларускую мову мастацкай кнігі “Сардэчныя прывітаньні зь Менску”, у якой адлюстраваныя падзеі 60-гадовай даўніны, таксама не выключае нямецкага сьледу ў замаху. Нашая размова з Паўлем Колем адбываецца ў Бэрліне на Олівэрпляц, непадалёк ад імпазантнага каменнага жоўтага дому, які калісьці належаў сям’і Вільгэльма Кубэ.
(Коль: ) “У Кубэ заўсёды былі канфлікты з вэрмахтам, СС, гестапа, ён заўсёды спрачаўся наконт кампэтэнцыяў гэтых структураў і бачыў у іх сваіх канкурэнтаў. На Кубэ пісалася шмат рапартаў у Бэрлін, што ён залішне ляяльны і дружалюбны да мясцовага насельніцтва. Гэта было бязглузьдзіцай. У Кубэ былі свае прынцыпы наконт таго, што мясцовае насельніцтва трэба сілкаваць — каб менавіта яно, а ня немцы працавалі на гэтай зямлі.
Кубэ лічыў, што з удзелам калябарантаў можна стварыць мясцовы парлямэнт. Ён гаварыў, што з насельніцтвам трэба ладзіць. Інакш настане хаос і насельніцтвам нельга будзе кіраваць. Гэта не было гуманізмам, як інтэрпрэтавалі СС ці гестапа. Гэта было тактыкай Кубэ, абсалютнага антысэміта і ненавісьніка камуністаў, забойцы тысячаў нявінных людзей, які неўзабаве бачыў сябе манархам Вайсрутэніі”.
Паводле лістоў, якія Кубэ дасылаў у Бэрлін сваім сябрам па партыі, народ Беларусі — як больш культурны і эўрапейскі за расейскі народ — неабходна было тэрмінова ачысьціць ад усіх габрэяў і камуністаў. У плянах гаўляйтэра было стварэньне новай беларускай сталіцы — Аскарда зь вялікім крэматорыем у цэнтры.
Адрозна ад майго суразмоўцы, журналіста Паўля Коля, астатнія наведнікі бэрлінскай кавярні амаль нічога ня ведаюць пра былога ўладальніка прыгожага будынку на Олівэрпляц.
(Немец: ) “Абсалютна нічога ня ведаю. Мне 50 гадоў, і я прызвычаіўся адказваць выключна за свае ўчынкі. Калі беларускія партызаны арганізавалі замах на нацыста, то, магчыма, правільна зрабілі. Я разумею лёгіку іхных учынкаў. Хаця, арганізуючы такія замахі, заўсёды трэба ўлічваць, што назаўтра ў адказ будуць забітыя тысячы. Але ня мне пра ўсё гэта меркаваць. Бывайце”.
Пасьля забойства Кубэ генэральным камісарам Беларусі быў прызначаны фон Готбэрг. Неўзабаве на вуліцах Менску пачаўся сапраўдны тэрор. Менчукоў выводзілі зь іхных кватэраў і расстрэльвалі на месцы. У выніку такіх карных апэрацыяў былі забітыя тысячы жыхараў гораду і навакольля.
Ці думалі пра падобнае разьвіцьцё галоўныя арганізатары замаху — партызанкі, а потым Героі Савецкага Саюзу Марыя Восіпава і Алена Мазанік? Наўрад ці на той час такія меркаваньні былі ўвогуле дапушчальныя. У 1942 годзе партызанскі штаб прыняў загад любой цаной зьнішчыць гаўляйтэра. Пасьля першай няўдалай спробы атруціць Кубэ, у сакавіку 1942-га немцам удалося схапіць 17 партызанаў. Аднак празь месяц пасьля няўдачы партызаны зноў заслалі да Кубэ свайго чалавека — Алену Мазанік. Дзеля пасьпяховага правядзеньня апэрацыі Мазанік было даручана максымальна наблізіцца да гаўляйтэра, зачараваць яго і ўсю ягоную сям’ю — жонку, малых дзяцей.
Ідэйнай распрацоўніцай замаху была Марыя Восіпава. Яна памерла ў 1999 годзе, на тры гады перажыўшы Мазанік. Адзін зь менскіх перакладчыкаў, які неаднойчы прысутнічаў пры размовах абедзьвюх жанчын-герояў зь нямецкімі журналістамі й кінарэжысэрамі, распавёў нядаўна пра наступную акалічнасьць: жанчыны не выносілі адна адну.
Кожная лічыла, што менавіта яна, а ня іншая ёсьць галоўнай у гэтай гісторыі. Больш частае запрашэньне Мазанік на сустрэчы са школьнікамі й рабочымі нэрвавала Восіпаву. Што да Алены Мазанік, то апошнія гады свайго жыцьця яна знаходзілася ў пэўнай дэпрэсіі, у рэдкія хвіліны шчырасьці ўзгадвала, як балюча абражалі яе вядомыя і невядомыя людзі. Нярэдка словы “фашысцкая падсьцілка” гучалі па тэлефоне. Жанчына быццам бы здагадвалася, хто стаяў за гэтым.
Пра дзень пачатку апэрацыі — 21 верасьня 1943 году — Алена Мазанік вымушаная была публічна распавядаць усё сваё жыцьцё. Апошнія гады нечакана прыйшло іншае асэнсаваньне падзеяў. А тады па дарозе на працу ў дом Кубэ яна мусіла прайсьці вялікі кардон вартаўнікоў. У яе руках быў вялікі кошык зь дзіцячай бялізнай ды маленькая жаночая торбачка, дзе пад насоўкай былі схаваныя дзьве міны.
(Мазанік: ) “Іду — стаіць вартаўнік. Усё як звычайна. Я падышла да яго і сказала па-нямецку: “Добры дзень, гэр Фрыдрых!”. А ён мне: “Добры дзень, фройляйн, добрае надвор’е”. У гэты момант падышоў афіцэр, які заўсёды пільна кантраляваў і запытаўся: ці абшукалі вы фройляйн? Мне стала халодна і я падумала: “Усё”. Фрыдрых праглядзеў кошык, а затым хутка зазірнуў у маленькую торбачку і сказаў: “Добра”.
Міны, якія мне напярэдадні выдала Марыя Восіпава, былі хімічныя. Калі я атрымала іх, мне падалося, што яны нейкія сырыя. Спытацца не было ў каго. Дома я паклала іх на печку. Як вынік, міны выбухнулі потым ня ў 2 гадзіны начы, як плянавалася, а апоўначы, у 12. Перад тым, як я пачала “прыбіраць” у спальным пакоі Кубэ, я завязала шчаку тоўстай павязкай. Мы дамовіліся з Восіпавай: пасьля таго, як я падкладу міны ў ложак Кубэ, я мушу спаслацца на зубны боль і папрасіцца да лекара. Аднак Аніта Кубэ, убачыўшы мяне, сама паслала мяне да доктара. Яна добра ставілася да мяне, давярала мне сваіх дзяцей. Я падабалася ім, я падабалася ёй.”
Кажуць, што да канца свайго жыцьця Алена Мазанік так і не змагла дараваць сабе, што ахвярай замаху мог стаць ня толькі гаўляйтэр, але і трое ягоных маленькіх сыноў ды цяжарная на 9-м месяцы Аніта. Тая часта дапамагала Алене і яе сваякам. Мазанік таксама падабаліся Аніта і яе дзеці, хоць яна нікому ў гэтым не прызнавалася.
Аніта Кубэ перажыла ўсіх герояў гэтай гісторыі. Да апошняга часу яна жыла ў адным з баварскіх дамоў для састарэлых на Бодэнзэе. 5 гадоў таму ад лейкеміі памёр яе самы любімы, чацьверты сын — ён ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў бацькі. Адрозна ад трох старэйшых братоў, якія дзякуючы сябрам Кубэ, старым нацы, зрабілі добрую кар’еру ў Лацінскай Амэрыцы, самы малодшы працаваў сьціплым паромшчыкам у мясцовасьці, дзе жыла ягоная маці. Аніта пісала пра гэта Алене Мазанік, якую яна чамусьці ўсё жыцьцё называла Галінай. Паштальёнам быў журналіст Паўль Коль. Аднак Мазанік заўсёды рвала гэтыя лісты. І толькі ў часе размоваў з журналістам сам-насам яна пыталася: а як яны там?
Пасьля забойства мужа ў жыцьці Аніты Кубэ таксама не было ніводнага дня, калі б яна міжволі, да дэталяў не аднаўляла б у памяці тыя верасьнёўскія падзеі 1943-га.
(Аніта: ) “Гэта было раніцай 21 верасьня. Мой муж быў на службе, а я толькі прачнулася. Я ўбачыла Галіну з тоўстай павязкай на шчацэ і сказала: “Ты тэрмінова мусіш пайсьці да лекара”. Дзеці былі ў школе. (Мой муж стварыў у Менску нямецкую школу.) А я зьбіралася ў цырульню. Я ня ведала, што бачу Галіну апошні раз. Дарэчы, я працягваю яе бачыць і цяпер: яна стаіць ля нашай спальні з тоўстай павязкай на шчацэ.
Потым на тым ложку я сядзела цэлы дзень — пакавала розныя рэчы, тузалася зь дзецьмі. За дзень я гэтак стамілася, што заснула ў сваім пакоі, побач зь дзецьмі. Дзесьці праз сон пачула словы мужа: “Дабранач!” і ягоныя крокі ў спальны пакой. Калі ўсё здарылася, я адразу падумала: Галіна. Яе хата, дзе яна жыла разам зь сястрой, была пустая, хата яе маці — таксама. Партызаны ўсё загадзя прадугледзелі”.
...Менск 22 верасьня 2003 году. На вуліцах беларускай сталіцы мы пытаемся ў менчукоў, што яны ведаюць пра Мазанік, Восіпаву і Кубэ.
(Спадарыня: ) “Кубэ? Знаю, што прэзыдэнт, а Мазанік ня знаю”.
(Спадарыня: ) “Усе гэта мы ведаем. Такі ўзрост”.
(Спадар: ) “Я ведаю, хто такі Кубэ. Гэта гаўтэрляйтэр, якога забілі — магчыма, гэтыя дзьве жанчыны. Я дакладна ня ведаю іхных прозьвішчаў і ня ведаю, як да гэтага ставіцца, бо з аднаго боку, тое, што забойства фашыста, магчыма, і паўплывала на вынік вайны. Аднак нашага народу забілі шмат. Гэта сумна. Але ж мы жывыя. Таму ўсё добра”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэты крок ўзьняў наш народ на барацьбу зь нямецкімі захопнікамі”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што ўсе падзеі, якія адбыліся пасьля таго, як гэтага гаўляйтэра гэтыя жанчыны застрэлілі — можа нават не застрэлілі, а ва ўсякім разе паклалі — былі ня надта добрыя. Пасьля гэтага гестапа ў нашым Менску перарэзала амаль палову жыхароў. Як гэта сказаць? З аднаго боку, мы вялі ваенныя дзеньні, але зь іншага боку, за аднаго чалавека — палова гораду?”