Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІНА МАЦЯШ: “НАРОДУ ПАТРЭБНАЯ ДУХОЎНАЯ ПАДТРЫМКА”


Міхась Скобла, Белаазёрск

20 верасьня — юбілей у Ніны Мацяш. Паэткі, якая ў сваёй творчасьці шчасьліва абмінула рамантыку і псэўдагероіку савецкіх будняў, затое стварыла далікатны летапіс чалавечых інтымных пачуцьцяў. Перакладчыцы, якая падаравала беларускаму чытачу лірыку нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай, творы паэтаў францускай Плеяды, “Маленькага прынца” Сэнт-Экзюпэры…

Урэшце — гэта юбілей чалавека, які не зламаўся пад ударамі лёсу й высока нясе паходню беларускага духу. Да яе, прыкаванай да інваліднага вазка, горнуцца дужыя і моцныя, пагутарыць зь ёю прыяжджаюць берасьцейцы і мянчукі. Напярэдадні юбілею завіталі ў Белаазёрск і мы.

(Міхась Скобла: ) “Спадарыня Ніна, нягледзячы на жыцьцёвыя выпрабаваньні, вы — чалавек сьветлы, і ваша місія ў гэтым сьвеце — узбагачаць сьвятлом другіх. Як вам гэта ўдаецца?”

(Ніна Мацяш: ) “Ой, я на такія тэмы й гаварыць баюся. Ну, напэўна, выхаваньне, адукацыя далі свой плён. Безумоўна, асабліва цяпер, сябрына мая спрыяе. Але, відаць, ёсьць нешта тое, што няпроста ад чалавека. Я перакананая ў адным: чалавек, які прыйшоў на зямлю, ён прыйшоў ня дзеля агрэсіі, разбурэньня, ён прыйшоў дзеля любові, каб пашыраць вакол сябе сьвятло, гармонію й красу. Калі ты знаходзісься ў цёмным пакоі й на цябе цісьне цемра, — чыркні хоць сярнічкай, запалі сьвечачку. І цемра адступіць”.

(Скобла: ) “Вы нарадзіліся на мяжы смарагдавай і залатой восені — 20 верасьня, дарэчы, у адзін дзень з Наталяй Арсеньневай. Сёлета ў вас юбілеі, з той толькі розьніцай, што арсеньнеўскае стагодзьдзе ад вас невымерна далёка. Арсеньнева амаль усё жыцьцё пражыла на чужыне — у ЗША. Што дае чалавеку права на эміграцыю? Ці ёсьць рацыя ў радках Ганны Ахматавай: “Я заўжды была з маім народам там, дзе мой народ няшчасны быў”?”

(Мацяш: ) “Безумоўна, гэта й маё перакананьне: трэба падзяляць той лёс, які канаваны ўсяму народу, а ня плакаць над яго лёсам з-за мяжы. Сьлёз у народу хапае, яму не хапае духовай апоры, якая была б побач. Калі яна ёсьць, у людзей знаходзяцца сілы, каб трываць і змагацца, а не ўтыкацца галавою ў градкі.

Эміграцыя рознаю бывае. І я ня маю права й жаданьня асуджаць тых маіх сяброў, прыяцеляў і паплечнікаў па творчым цэху, якія часова працуюць у Нямеччыне, Фінляндыі, Італіі. Як бы там ні жылося добра ў побытавым пляне, усё роўна яны там — чужынцы. І я гэта кажу небеспадстаўна, згадваючы нашу мінулагоднюю размову з Алесем Разанавым.

Адчуваньне чужога асяродку творчымі людзьмі ўспрымаецца абвострана. Нават калі на чужыне знайшліся сябры і пэўная праца, ёсьць зацікаўленасьць тваёй творчасьцю, усё роўна адчуваецца тая нябачная шкліна, якая стаіць паміж іншамоўнымі людзьмі й табой. І чалавек увесь час натыкаецца на тую невідочную шкляную сьценку”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што ў вас вершы на гэтую тэму ёсьць, напісаныя пасьля наведваньня Нямеччыны. Прачытайце”.

(Мацяш: ) “Маўклівым разьвітальным клінам
Ляцелі гусі над Бэрлінам,
А мы па Мюлерштрасэ йшлі
І ўсьлед за выраем гусіным
Вачыма ўзрушана вялі.

Адкуль вы, гусі? Зь Беларусі?
Куды вы, гусі? Ў цёплы край?..
Няма адказу. Знай, цярусіць
Сьняжок зь нябёсаў, быццам гусі
Свой пух страсаюць на “бывай”.

Халодны пух ляціць — ня тае,
І на плячах не растае.
Так і Айчыну замятае…
Даўно старонка дарагая
Нам на цяпло сваё скупае.
Любові ад людзей чакае.
Ня ўмеюць людзі грэць яе.

Мы заўтра вернемся дадому.
У непагадзь, у безладзь, стому.
З чужыны — бы на чужыну…
Вам, птахі верныя, вядома,
Як цяжка з золі, зь ледалому
Выдабываць крыльмі вясну.

Да стрэчы, гусі!”

(Скобла: ) “Апошняя па часе выданьня ваша кніга — перакладная, “Багаславі сустрэчу мне”: выбраная лірыка францускай Плеяды. П’ер дэ Рансар, Жаашэн ду Бэле, Жак Грэвэн — Францыя, ХVІ стагодзьдзе. Чым гэты час, гэтая краіна і гэтыя паэты адгукнуліся ў вашай душы?”

(Мацяш: ) “Найперш тым, што захацелі ўзьвесьці францускую гутарковую мову на трон, зрабіць яе дзяржаўнаю. Тады ў Францыі лаціна панавала, а ў літаратуры — італьянская, як быццам толькі на ёй можна было пісаць санэты й трыялеты. І гэты невялічкі гурток плеядаўцаў вырашыў, што яны змогуць выправіць становішча з роднай мовай. Вось гэтая пераклічка з нашай сытуацыяй — палітычнай, інтэлектуальнай, моўнай — і спрычынілася да таго, што я ўзялася за Плеяду. Хіба не актуальна для Беларусі гучаць гэтыя радкі Жана Ваклена дэ Ля Фрэнэ?

Прачніся, Францыя, даволі сну, даволі!
Няўжо ня спрыкрыла? Што сталася з табой?
Як можна так трываць усьмешку над сабой,
Такой рабыняй быць пакорнай у нядолі?!

Апамятайся, ўстань! Здабудзь нарэшце волю!
Ці ж пазбылася ты харобрасьці сваёй?
Ці ж памяці няма аб велічы былой?
Ня руш крывой сьцязёй, ня здраджвай годнай долі!

Заглянь у кронікі: як часта каралі
Тваіх зламысьнікаў перамагаць маглі
Тады, калі цябе прынізіць ім карцела.

Ах, не было б цябе між ворагаў тваіх —
Галодных гарпій зграя, пэўна б, не пасьмела
Зьляцецца на цябе ад берагоў чужых!”

(Скобла: ) “А перакладаць паэзію — гэта што: суперажываць, супадаць, суадпавядаць? Ці гэта ўсё ткі пацалункі праз шыбу, як выславіўся адзін зь перакладчыкаў?”

(Мацяш: ) “Ну, я ня ведаю, што за залётнік так выказаўся. Для мяне арыгінал павінен адгукнуцца ў маёй душы. Павінен нешта ўзварушыць ўва мне самой. Ува мне прысутнічае тое, што ўжо нехта іншы выказаў іншаю моваю. І мне проста хочацца маё ўласнае вярнуць у родную плынь, выказаць гэта па-беларуску. Пераклад для мяне, вядома ж, суадпаведнасьць, але ж і сутворчасьць”.

(Скобла: ) “Памятаю, у школе, дзе я вучыўся, на сьцяне вісела выказваньне рымскага імпэратара Карла V пра тое, што зь сябрамі трэба гаварыць па-француску, з ворагам — па-нямецку, з каханым чалавекам — па-італьянску. Вы ведаеце мовы, удакладніце Карла V”.

(Мацяш: ) “Уся бяда Карла V была ў тым, што ён ня ведаў беларускай мовы. А па-беларуску можна годна, адпаведна размаўляць і зь сябрамі, і з каханымі, і з ворагамі”.

(Скобла: ) “О, як твая сьляза ў маю сьлязу глядзела!”.. Мне часта ўспамінаецца гэты ваш афарыстычны радок. У час, калі ў сьвеце столькі болю й ён праз тэлевізарр прысутны ў кожнай кватэры, ці не зьмяняецца роля паэзіі, мастацтва? Можа, у гэтых умовах яны атрымліваюць іншае заданьне ад Бога — быць больш аптымістычнымі, не дадаваць у сьвеце болю?”

(Мацяш: ) “Пра боль і трагедыі можна гаварыць па-рознаму. Можна па-мазахісцку любавацца ранамі, а можна гаварыць пра раны так, што яны лагодзяцца. Безумоўна, слова павінна несьці сьветлую энэргію”.

(Скобла: ) “Мне прыгадваецца, як гадоў пяць таму ў вашым Белаазёрску праходзіла паэтычная вечарына. Паўнюткі палац культуры. Чатыры гадзіны безь перапынку людзі слухалі вас і вашых сяброў. Па сканчэньні — авацыі. Такога я больш нідзе ня бачыў. Я зразумеў, што землякі вас любяць. Добрая падстава для пачатковага аптымізму. А для ўвесьчаснага, пажыцьцёвага аптымізму што вам трэба?”

(Мацяш: ) “О, шмат чаго трэба! Патрэбная надзея, выказаная ў адным з маіх вершаў: “О, як дажыць хацела б я да дня, калі змагу бяз болю аб Беларусі запяяць…” Патрэбнае адчуваньне, што ты не на ўзбоччы жыцьця, што ты неабходны людзям, слова тваё неабходнае. І, безумоўна, патрэбная ўпэўненасьць, што мы былі, ёсьць і будзем вольнай незалежнай дзяржавай са сваёй умацаванай культурай, са сваёй высокаю моваю, са сваім сьветлым, адукаваным, інтэлігентным і заможным народам”.

(Скобла: ) “Я ўдзячны вам за гэтае сумоўе. Віншую вас зь юбілеем і жадаю, каб усё ж “сьляза ў сьлязу глядзела” як мага радзей. А каб спраўдзіўся ваш іншы радок: “Шчасьлівай долю назаві!”

(Мацяш: ) “Дзякуй вялікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG