“Наша ніва”, 1913 год:
“Беларуская кнігарня. Вільня, Завальная, №7. Мае на складзі колькі экзэмпляраў, цяпер ужо дужа рэдкіх перадрукоў, літэра ў літэру, Літоўскага Статуту. Як вядома, Статут гэты друкаваўся па беларуску у 1588 гаду у Вільні у друкарні Мамонічоў. Высылае кнігарня Статут накладной платай па 5 р. Экзэмпляр без пачтовых расходаў. Беларуская кнігарня купляе дакумэнты пісаные па беларуску”.
“Сталинская молодежь”, 1953 год:
“Бахчавыя культуры доўгі час не маглі знайсьці распаўсюджаньня ў Берасьцейскай вобласьці. Толькі цяпер, пры калгасным ладзе, гэтыя цеплалюбныя расьліны пачалі культывавацца на нашых землях. Члены гароднінавай брыгады сельгасарцелі “Бальшавік” пад кіраўніцтвам дасьведчанага гароднінавода А.Янчука дасягнулі добрых посьпехаў. Асобныя плады дыні “Алтайская”, сабраныя зь іх участку, важылі да 3 кг. Якасьцю смаку яны не адрозьніваюцца ад пладоў, вырашчаных на поўдні. Акрамя дыняў, у некаторых калгасах ужо вырошваюць і кавуны. Гароднінавод тав. Максымук у сельгасарцелі “Праўда” пасьпяхова акліматызаваў гэтую культуру. Кавуны, якія ён вырасьціў на невялікіх участках, важаць два і больш кіляграмаў”.
“Прессбол”, 1993 год:
“Здагадайцеся: чаму ў нас на знак пратэсту ніхто не абліў сябе бэнзынам і не падпаліў на плошчы Незалежнасьці? Правільна — хто ж паверыць, што каштоўную цяпер вадкасьць можна выдаткаваць на дробязі? Жорсткі дэфіцыт паліва балюча адбіваецца ня толькі на эканоміцы і схуднелых гаманцах аўтааматараў. Арганічна ўплятаецца ў сыстэму агульнай недастатковасьці і спорт. Калі першымі праблемы аўтаперасоўваньня адчулі каманды, дык цяпер адчуваюць ужо журналісты: адмена міжгародніх рэйсаў зрабілася амаль звыклай. Нядаўна падключылася БТ: у пятніцу аўтобус з запісвальнай апаратурай не даехаў да Палацу спорту “ў сувязі з адсутнасьцю паліва”.