Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬВІСЛАЧЫ АДСЬВЯТКАВАЛІ ЭЎРАПЕЙСКІ ДЗЕНЬ АХОВЫ ГІСТАРЫЧНЫХ ПОМНІКАЎ


Марыя Усьціновіч, Сьвіслач

Маладыя людзі з Магілёву, Асіповічаў і навакольных мястэчак прыехалі ў вёску Сьвіслач зь мяцёлкамі, граблямі і рыдлёўкамі. Больш за 20 чалавек чатыры гадзіны прыбіралі самае прыгожае месца ў вёсцы, якое да таго ж зьяўляецца помнікам архэалёгіі.

У гэтым маляўнічым кутку рака Сьвіслач упадае ў Бярэзіну. Самое мястэчка Сьвіслач было паўднёвай ускраінай Полацкага княства і з мэтай абароны ў 11-м стагодзьдзі тут быў пабудаваны замак. Цяпер ад замку засталіся толькі рэшты валу і роў. У свой час тут рабіліся раскопкі. На гарадзішчы таксама застаўся адзін паверх ад гаспадарчай пабудовы паноў Незабытоўскіх – шляхты, якая ў свой час валодала вёскай Сьвіслач.

Чаму ж гэтае гістарычнае месца давялося прыбіраць энтузіястам?

“Там заўсёды брудна,” –гаворыць лідэр асіповіцкай арганізацыі «Гісторыка» Вадзім Быліна. Сюды прыяжджае шмат так званых несанкцыянаваных турыстаў, якія пакідаюць пасьля сваіх пікнікоў сьмецьце і пустыя пляшкі. Вось моладзь і вырашыла прыбраць гістарычнае месца пасьля летняга сэзону.

Удзельнікі акцыі вывезлі сьмецьце, прыбралі сухую траву і ўрэшце ўсталявалі шыльду «Увага! Гістарычны помнік, ахоўваецца дзяржавай».

Ці гэтае месца сапраўды ахоўваецца дзяржавай?

“Фармальна – так, яно ўваходзіць у каталёг. Аднак ніякага дагляду з боку дзяржаных установаў няма,” – паскардзілася настаўніца і кіраўнічка мясцовага краязнаўчага музэя Ніна Сакава. Наагул, пра тое, што гістарычнае месца Сьвіслачы знаходзіцца пад аховай дзяржавы, мясцовыя жыхары даведаліся тады, калі супольнасьць праваслаўных хрысьціянаў вырашыла пабудаваць на ім царкву. Пра гэтае месца, дзе было спачатку паганскае капішча, а потым і цэрквы, мясцовыя жыхары гавораць, што там “неба зьвязанае зь зямлёю”. Аднак дзяржаўныя органы не дазволілі вернікам пабудаваць на ім новую царкву.

Як мясцовае насельніцтва паставіоася да акцыі моладзі? Ці бралі ўдзел жыхары вёскі Сьвіслач у генэральным прыбіраньні свайго гістарычнага месца?

Найбольш актыўнымі былі ўдзельнікі мясцовай экалягічнай ініцыятывы, яую ўзначальвае Ніна Сакава. Яны спадзяюцца такім чынам прыцягнуць увагу да справы стварэньня турыстычнага маршруту «Шляхам Рагнеды». Жыхары вёскі паставіліся да акцыі добразычліва, аднак іх увагу адцягнула сьвяткаваньне юбілею гуты ў суседнім Ялізаве. Праўда, прапанавалі прынесьці гармонік, калі моладзь на завяршэньне акцыі сьпявала беларускія песьні. Ёсьць надзея, што ў наступную акцыю і жыхары Сьвіслачы (там цяпер жыве больш за 800 чалавек) таксама возьмуць у рукі мяцёлкі ды граблі.
XS
SM
MD
LG