Клятва помсты за сьмерць вернага сябра нацыянал-сацыялізму была дадзеная ягонымі паплечнікамі ў часе жалобнай цырымоніі. Адмыслова ў Менск фюрэр накіраваў рэйхсміністра Розэнберга дый найлепшых нямецкіх журналістаў. У нашым архіве ёсьць рэпартаж з таго жалобнага мітынгу.
(Нямецкі журналіст: ) “Рэйхсміністар Розэнбэрг ускладае да труны Вільгельма Кубэ вянок ад фюрэра, пасьля чаго прышпільвае да ордэнскай падушкі нябожчыка самую апошнюю ўзнагароду – найвышэйшы вайсковы знак– рыцарскі крыж. У гэты час ўсе ўдзельнікі жалобнай цырымоніі –рэйхсміністар, рэйхсляйтэр, гаўляйтэр, высокія кіраўнікі акупайцыйных ведамстваў ды адказныя прадстаўнікі Вэрмахту, СД, СС устаюць са сваіх месцаў, каб выказаць Вільгельму Кубэ своё апошняее шанаваньне.”
Характэрна, што за дзень да забойства гаўляйтэра – 21 верасьня 1943 году– акупацыйная газэта“Мінскер Цайтунг” (Менская газэта) паведаміла пра паездку Кубэ ў Баранавічы і Слонім ды працытавала ягоныя наступныя словы.
(Кубэ: ) “Жорсткасьць вайны на усходзе – крытэр жорсткасьці немца ўвогуле. Калі нямецкія салдаты праліваюць сваю кроў на ўсходнім фронце, ды і прадстаўнікі цывільных ведамстваў у Остландзе мусяць таксама плаціць крывёй за справу заваёву новых тэрыторыяў”.
Пра тое, дзе і як рыхтаваўся замах на гаўляйтэра Кубэ, пра тое, што сёньня думаюць пра Кубэ, Мазанік, Осіпаву ў Беларусі і Нямеччыне, вы зможаце даведацца сёньня ў нашай вечаровай перадачы. У нашым эфіры прагучаць: фрагмэнт прамовы рэйхсміністра Розэнберга ў часе жалобнай цырымоніі ў Менску, успаміны партызанкі Алены Мазанік і ўдавы гаўляйтэра Аніты Кубэ, меркаваньні нямецкага драматурга Паўля Коля, погляд на падзеі 60-гадовай даўніны шэраговых бэрлінцаў і менчукоў.