З ацэнкай гэтай падзеі ў кантэксьце сёньняшнага дня па тэлефоне з Варшавы – Зянон Пазьняк, які ўзначальваў Апазыцыю БНФ у Вярхоўным Савеце.
(Пазьняк: ) “Прыняцьце бел-чырвона-белага сьцяга і гербу "Пагоня" ў якасьці дзяржаўных сымбаляў ёсьць навялікшай падзеяй пасьля вяртаньня незалежнасьці Беларусі. Гэта быў трыюмф нацыянальнай ідэі, сьведчаньне натуральнага, нармальнага шляху, якім мусіла ісьці Беларусь. Нацыянальная ідэя – гэта стварэньне і існаваньне незалежнай нацыянальнай дзяржавы. Гэта ідэя, якая вызначыла грамадзскі парадак Эўропы як "Эўропы айчынаў".
Неабходнасьць вяртаньня дзяржаўнай сымволікі – бел-чырвона-белага сьцяга і "Пагоні" ёсьць вельмі важнай акцыяй, боо гэта вяртаньне твару нацыі. Гэта -– вяртаньне яго гонару, гэта вяртаньне пазнавальнасьці нашай дзяржавы ў сьвеце.
Невыпадкова першая акцыя, якая была зробленая антыбеларускім рэжымам у 1995 годзе, гэта было зьнішчэньне нацыянальных дзяржаўных сымбаляў. Афіцыйная прапаганда казала: "Ім бы толькі флажкі!" -– а ў рэальнасьці аказалася, што гэта было галоўнейшае пытаньне, і яны пайшлі на гэта.
Вераломна, ня лічачыся са сродкамі, бо гэтым яны падрывалі дух цэлага народу. І яны дасягнулі гэтага, гэтай апатыі, гэтага апусканьня рук, гэтай няздольнасьці некаторых людзей да барацьбы, -– а ўсё гэта таму, што быў зьнішчаны сьцяг, быў зьнішчаны гонар. Яго трэба вярнуць -– вось што падказвае нам сёньняшні кантэкст.”