Тыдзень таму, “за” далучэньне да Эўразьвязу, выказаліся 67 адсоткаў эстонцаў. У параўнаньні з іншымі краінамі-кандыдатамі, вынік рэфэрэндуму ў Латвіі, далей застаецца няпэўным. Многія латышы баяцца, што Брусэль ня будзе дбаць пра інтарэсы невялікай краіны з насельніцтвам ў няпоўных 2,5 мільёны чалавек.
Некаторыя баяцца, што Эўразьвяз пазбавіць Латвію самастойнасьці ва ўнутранай палітыцы. Яны маюць на ўвазе расейскамоўную меншасьць, якая ня мае латыскага грамадзянства.
За далучэньне да Эўразьвязу выказваюцца ўсе галоўныя палітычныя партыі і дзелавыя колы. Для іх сяброўства ў Эўразьвязе азначае эканамічны рост, зьмяншэньне бяспрацоўя і падвышэньне ўзроўню жыцьця.
“Выбаршчыкі напэўна ўлічаць той факт, што ўсе астатнія кандыдаты выказаліся за далучэньне да Эўразьвязу, і што ў выніку правалу рэфэрэндуму, Латвіі пагражае ізаляцыя, і пэрспэктыва вяртаньня пад расейскія ўплывы,” – кажа палітоляг Вальтс Кальнінш.
Сапраўды, згодна апошнім апытаньням са жніўня колькасьць тых, хто мае намер галасаваць “за”, узрасла на 11%, і склала 55%.
Выразна павялічылася, да 80 % колькасьць тых, хто ўвогуле мае намер узяць удзел у рэфэрэндуме, і зьменшылася колькасьць тых, хто будзе галасаваць “супраць”, або наагул не зьбіраецца галасаваць. Рэфэрэндум будзе лічыцца сапраўдным, калі ў галасаваньні возьмуць удзел прынамсі 50 % тых, хто браў удзел у апошніх выбарах.
Аглядальнікі лічаць, што вынік галасаваньня будзе станоўчы, але ўлічваючы настроі ў грамадзтве, за далучэньне да Эўразьвязу, пэўна, прагаласуе ня больш як 60% латышоў.