Лінкі ўнівэрсальнага доступу

INTERNATIOANAL HERALD TRIBUNE: БЫЛЫ ПРЭЗЫДЭНТ ЛІБЭРЫІ СКРАЎ АБО РАСТРАЦІЎ 100 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ


Кастусь Бандарук, Прага

Чарльз Тэйлар атрымаў мянушку “супэрклей” яшчэ ў 1980-я гады. Будучы дзяржаўным чыноўнікам, у 1983 годзе, ён скраў мільён даляраў, і ўцёк ў ЗША. Арыштаваны два гады пазьней, уцёк з амэрыканскай турмы, і ў 1989 годзе ізноў апынуўся ў Лібэрыі, гэтым разам у якасьці паўстанцкага камандзіра. На працягу 7 гадоў грамадзянскай вайны, якую ён распачаў, загінулі 150 тысячаў чалавек, а сотні тысячаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Калі ў 1997 годзе Чарльз Тэйлар стаў прэзыдэнтам Лібэрыі, ён працягваў братазабойчую вайну. Былы міністр фінансаў Натаніэл Бэрнс лічыць, што Тэйлар ніколі не ператварыўся з паўстанцкага камандзіра ў сапраўднага кіраўніка дзяржавы.

Прэзыдэнт скарыстоўваў на закупку зброі бюджэтныя сродкі, а таксама прыбытак з кантрабанды алмазаў зь Сіэры-Леонэ. Падчас ягонага кіраваньня ў абыход міжнародных санкцыяў, Манровія ператварылася ў зону свабоднага гандлю зброяй.

У 1999 годзе Тэйлар захапіў кантроль над прадпрыемствам марскога транспарту, якое заснавалі Злучаныя Штаты ў 1948 годзе. Марская кампанія, у якой пад сьцягам Лібэрыі, на карысных ўмовах, былі зарэгістраваныя 1700 караблёў з усяго сьвету, давала 18 мільёнаў даляраў гадавога прыбытку.

Прэзыдэнт таксама поўнасьцю ўзяў пад свой кантроль экспарт дрэва. Прыбытак з гэтых прадпрыемстваў, прыблізна 66 мільёнаў даляраў за 1999-2001 гады, павінен быў паступіць ў дзяржаўны бюджэт. Аднак так ніколі і не паступіў. Таксама Цэнтральны банк дагэтуль не атрымаў 60 мільёнаў даляраў дзяржаўных прыбыткаў.

“Ён пачаў грэбсьці пад сябе адразу пасьля прыходу да ўлады, і гэтак закончыў сваё 6-гадовае кіраваньне” – кажа Ўільям Мілам, амбасадар ЗША ў Манровіі ў 1995-98 гадох. Паводле прадстаўніка сьледчай групы ААН Алекса Ўайнэса, за два дні перад сваёй адстаўкай, Тэйлар скраў 3 мільёны даляраў, якія ўрад Таіваню прызначыў на разбраеньне ягоных сілаў.

Былы міністар фінансаў, старшыня Нацбанку, заходнія дыпляматы і чыноўнікі адкрыта загаварылі пра злоўжываньні Тэйлара толькі пасьля таго, як 11 жніўня сёлета, пад ціскам з боку міжнароднай супольнасьці ён адмовіўся ад пасады, і накіраваўся ў выгнаньне.

Цяпер яны цьвердзяць, што Тэйлар злоўжываў дзяржаўнымі сродкамі ня толькі дзеля вядзеньня вайны. Ён краў мільёны даляраў на закупку дамоў і аўтамабіляў, а таксама для задаволеньня сваіх сэксульных прыхамацяў. Паводле спэцыялістаў, агулам, скрадзеная або растрачаная сума складае ад 90 да 100 мільёнаў даляраў. Гэта пры тым, што Лібэрыя лічыцца найбяднейшай краінай у сьвеце.

Цяпер Чарльз Тэйлар жыве ў горадзе Калаба, у Нігэрыі. Скантактавацца зь ім немагчыма, але сам ён часта тэлефануе да сваіх прыхільнікаў у Манровіі. Сырыл Ален, старшыня Нацыянальнай Патрыятычнай Партыі Чарльза Тэйлара кажа, што ягоны шэф адчувае сябе ў выгнаньні добра, але з адным выключэньнем. Ён страціўуўладу, якую вельмі любіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG