Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ПЭРСПЭКТЫВАЎ ЧАЦЬВЕРКІ ЛУКАШЭНКА ПАСТАВІЎСЯ СКЭПТЫЧНА, АЛЕ ДАМОВУ ПАДПІСАЎ


Валер Каліноўскі, Ялта

Гаспадар саміту і старшыня Рады кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасьці Леанід Кучма, адкрываючы паседжаньне, заявіў, што СНД у цяперашнім стане толькі зь вялікай нацяжкай можна назваць інтэграванай і эканамічна эфэктыўнай супольнасьцю краінаў.

Прэзыдэнт Кучма, праводзячы двухбаковыя перамовы з калегамі, кожнага пераконваў у неабходнасьці канчатковага афармленьня зоны вольнага гандлю ў межах Садружнасьці. На гэты конт была падпісаная дамова яшчэ ў 1994 годзе, але яна так і не была рэалізаваная.

Яе не ратыфікавалі тады Туркменістан ды Расея. Для бюджэту Расеі рэжым вольнага гандлю азначае страты ў 500 мільёнаў даляраў штогод. Беларусь, Украіна і большасьць іншых сябраў СНД ад зоны вольнага гандлю выйграюць. У цэлым рэжым вольнага гандлю паспрыяе росту ВУП у краінах Садружнасьці на 15%, зазначаў спадар Кучма. Нарэшце Расея пайшла насустрач просьбам партнэраў.

Сёньня лідары краінаў СНД прынялі рашэньне аб завяршэньні фармаваньня зоны вольнага гандлю ў межах СНД да 2010 году, а таксама выступілі з чарговай дэклярацыяй пляну аб стварэньні “магутнага эканамічнага аб’яднаньня на прасторы Садружнасьці”.

(Кучма: ) “Калі мы выканаем усё, пра што мы сёньня дамовіліся і падпісалі па эканамічным супрацоўніцтве, то гэтым мы практычна завершым працэс стварэньня поўнамаштабнай зоны вольнага гандлю і пяройдзем на наступны, больш высокі этап узаемаадносінаў”.

Расея відавочна пайшла тут на пэўныя саступкі суседзям, але ж атрымала геапалітычную перамогу ў рамках Садружнасьці, бо дабілася ўключэньня ў актыўны інтэграцыйны працэс дагэтуль пасіўнай і абачлівай Украіны.

Разам з Казахстанам, Беларусяй і Расеяй Украіна падпісала устаноўчыя дакумэнты адзінай эканамічнай прасторы. Дамова да канца году павінна быць ратыфікаваная ў парлямантах, і з наступнага году пачнецца ейная рэалізацыя.

Украіна, праўда, падпісала дакумэнты з агаворкай, што яны будуць выконвацца ў рамках канстытуцыі. Для Ўкраіны лідары “чацьверкі” тут выкарысталі формулу рознахуткаснай інтэграцыі.

Кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін быў вельмі задаволены вынікам, а прэзыдэнт Казахстану Назарбаеў запэўніў, што “чацьверка” не разбурае СНД. Адзіным скэптыкам тут выявіўся Аляксандар Лукашэнка – менавіта з-за асаблівай пазыцыі Ўкраіны і прыняцця прынцыпу рознахуткаснай і рознаўзроўневай інтэграцыі, што паводле спадара Лукашэнкі азначае адыход ад папярэдніх дамоўленасьцяў.

(Лукашэнка: ) “У імя гэтай будучыні Белаурсь падпісвае гэты дакумэнт, але пакуль зь вялікімі сумненьнямі, што датычыць выніку. Таму Беларусь будзе рэальна рабіць крокі толькі пасьля рэалізацыі ўсіх палажэньняў пагадненьня і канцэпцыі ўсімі дзяржавамі. Расея, Украіна, Казахстан робяць рэальныя крокі наперад -– і мы будзем ісьці ў ногу. Калі ж пойдуць зноў агаворкі, розныя хуткасьці і розныя ўзроўні, Беларусь ня будзе гэтым займацца, бо гэта вялікія затраты, і ёсьць вялікая пэрспэктыва паўтарыць лёс СНД”.

Уладзімер Пуцін і Леанід Кучма не захацелі зь ім спрачацца. Затое расейскі лідар запярэчыў украінскім палітыкам у тым пытаньні, што АЭП можа прывесьці да абмежаваньня сувэрэнітэту і стварэньня новага СССР’у:

(Пуцін: ) “Я думаю, што гэта поўнае глупства, бязглузьдзіца, гэта “боты ў сьмятку”. Гэтая старонка была вельмі складанай у гісторыі нашых народаў – Савецкі саюз,-– яна была гераічнай, стваральнай, яна была і трагічнай. Але цяпер яна перагорнутая. Усё, цягнік пайшоў.”

Уладзімер Пуцін заклікаў адкінуць нацыянальныя амбіцыі, у тым ліку шавінізм, які паводле ягоных словаў, усё яшчэ прапагандуюць пэўныя сілы ў Расеі.

У рамках ялцінскага саміту Аляксандар Лукашэнка сёньня меў яшчэ адну сустрэчу з Уладзімерам Пуціным, -– паведаміла радыё Свабода прэсавы сакратар беларускага кіраўніка Натальля Пяткевіч. Яна не сказала, як доўга цягнулася гэтая сустрэча, прызнаўшы, што прэзыдэнты прадоўжылі размову, якую пачалі яшчэ ў Сочы, – гэта значыць, абмеркавалі газавыя і рублёвыя праблемы. “Яны далі даручэньне сваім адміністрацыям рыхтаваць наступнае паседжаньне Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнае дзяржавы”, – сказала Натальля Пяткевіч.

Аднак у прэсавай службе расейскага прэзыдэнта інфармацыю аб сёньняшняй двухбаковай сустрэчы лідараў Беларусі і Расеі не пацьвердзілі. “Уладзімер Пуцін пакінуў Крым адразу пасьля ўрачыстага прыёму ў Леаніда Кучмы”, – паведаміла радыё Свабода супрацоўніца прэсавай службы расейскага лідара Марына Плакіціна. Ніякай інфармацыі пра вынікі ўчорашняй паўгадзіннай сустрэчы, калі У. Пуцін прыняў А. Лукашэнку ў сваёй часовай рэзыдэнцыі Мухалатка ў прэсавай служба расейскага прэзыдэнта таксама няма.

А. Лукашэнка вяртаецца ў Беларусь таксама сёньня, паведаміла Н. Пяткевіч. Такім чынам, сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Ялце прайшлі без відавочных вынікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG