Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ ЖУРНАЛІСТАЎ ПРАВЯЛА 19 ВЕРАСЬНЯ Ў МЕНСКУ “ДЗЕНЬ ЗАКРЫТЫХ ГАЗЭТАЎ”

Альгерд Невяроўскі, Менск

У “круглым стале” ўдзельнічалі актывісты Беларускай асацыяцыі журналістаў , а таксама госьці з Расеі й Вялікай Брытаніі. Старшыня БАЖ Жана Літвіна так акрэсьліла мэту гэтага мерапрыемства:

(Літвіна: ) “Адна з мэтаў сёньняшняга "круглага стала" ў чарговы раз сабрацца разам, паставіць пытаньні й шукаць адказы. Як змагацца супраць манаполіі ўлады на інфармацыю. Як паставіць заслону імкненьню ўлады “зачысьціць інфармацыйную прастору” й зьнішчыць усялякую недзяржаўную прэсу. Ну і абмеркаваньне стратэгічных накірункаў дзейнасьці як БАЖ’у, так рэдакцыйных калектываў”.

Удзельнікі гэтага мерапрыемства абмяркоўвалі, чаму грамадзтва так абыякава ставіцца да ліквідацыі газэтаў. За апошнія паўтары гады былі зьліквідаваныя каля 20 недзяржаўных газэтаў. Як абараніць ад перасьледу ўладаў тыя выданьні, што яшчэ існуюць, як больш пасьпяхова даносіць да людзей інфармацыю, куды ўладкаваць журналістаў зь ліквідаваных мэдыяў і г.д.

Удзельнікі дыскусыі шмат казалі пра тое, што ў Беларусі яшчэ дагэтуль не сфармавалася грамадзянская супольнасьць, што людзей цяпер значна больш цікавяць уласныя праблемы. Вось меркваньне вядомага філёзафа і публіцыста Алеся Анціпенкі:

(Анціпенка: ) "Чаму не выяўляецца журналісцкая салідарнасьць, чаму тысячныя натоўпы не выходзяць на вуліцы й не падтрымліваюць газэты? Закрыцьцё газэтаў у Беларусі сталася будзённым фактам. Гэта як прыродная зьява – "пайшоў дождж, скончыўся". З нагоды, што пайшоў дождж ніхто на вуліцы не выходзіць".

На ягоную думку, трэба спрабаваць на месцы закрытай газэты зарэгістраваць новую – толькі такім чынам незалежная прэса можа бараніцца. Гучалі таксама прапановы стварыць урэшце альтэрнатыўную сыстэму распаўсюду газэтаў, паспрабаваць стварыць за мяжой шэраг радыёстанцыяў для вяшчаньня на Беларусь, а таксама сатэлітны тэлеканал.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна падсумавала прапановы агучаныя ў часе круглага стала:

(Літвіна: ) "Мне падаецца, што сапраўды цэлую праграму дзеяньня БАЖ’у можна скласьці пасьля сёньняшняга "круглага стала", пасьля сёньняшняй размовы. Адзінае, відаць самае галоўнае і важнае, што яшчэ самому БАЖ’у трэба зрабіць -– гэта пошук саюзьнікаў, гэта пошук рэсурсаў. Бяз гэтага сапраўды вельмі цяжка будзе ажыцьцяўляць усё намі задуманае".

А ўвечары ў гатэлі “Беларусь” адбылася выстава закрытых газэтаў, выступ бардаў і рок-музыкаў, журналісцкі пэрформанс, а таксама узнагароджаньне прэміямі Зьмітра Завадзкага беларускіх фотажурналістаў Сяргея Грыца і Васіля Фядосенкі. Прэмію заснаваную расейскім Першым каналам уручаў кіраўнік аддзелу спэцпраектаў гэтай тэлекампаніі Павал Шарамет.

Ёсьць і рэакцыя ўладаў на гэтую акцыю Беларускай асацыяцыі журналістаў. Чыноўнікі зь Міністэрства інфармацыі тэлефанавалі ў рэдакцыі некалькіх недзяржаўных выданьняў і патрабавалі тлумачэньняў, на якой падставе рэдактары зьмясьцілі інфармацыю пра тое, што ў Беларусі былі ліквідаваныя каля 20 газэтаў.
XS
SM
MD
LG