Рада дырэктараў “Газпрому” вырашыла яшчэ сёлета павялічыць аб’ём капітальных укладаньняў на 10 мільярдаў расейскіх рублёў. Як неафіцыйна патлумачылі ў “Газпроме”, вольныя грошы зьявіліся пасьля адмовы ад удзелу ў прыватызацыі “Белтрансгазу”.
Супрацоўнік прэсавай службы “Газпрому” паведаміў пасьля кансультацыяў з кіраўніцтвам, што рада дырэктараў нават не разглядала беларускага пытаньня.
Замест куплі акцыяў “Белтрансгазу” грошы “Газпрому” пойдуць на дадатковае абсталяваньне газавых радовішчаў, на магістральныя газаправоды, а таксама на газыфікацыю рэгіёнаў Расеі ў межах інвэстыцыйнай праграмы пойдзе яшчэ 3,5 мільярда рублёў.
Адметна, што рада дырэктараў “Газпрому” абмеркавала пытаньне пра ўдзел кампаніі ў супольным праекце з Украінай. Міжнародны газатранспартны кансорцыюм ствараецца на падставе расейска-ўкраінскага міжурадавага пагадненьня ад 7 кастрычніка мінулага году, падпісанага на паўгоду пазьней за падобны беларуска-расейскі дакумэнт. “Газпром” і “Нафтагаз Украіны” дамовіліся пабудаваць новы газаправод працягласьцю паўтары тысячы кілямэтраў, магутнасьць якога можа дасягнуць 28 мільярдаў кубамэтраў на год, што амаль роўная ўсяму расейскаму газаваму транзыту празь Беларусь.
Але прадпрыемства “Белтрансгаз” робіць выгляд, што мажлівы абыход беларускай тэрыторыі ды канкурэнцыя газаправоду “Ямал-Эўропа” яго не хвалюе. Прэсавая сакратарка “Белтрансгазу” Таісія Бародзіч сказала:
(Бародзіч: ) “Дыспэчарская нарада краін-пастаўцоў, спажыўцоў і транзытэраў расейскага газу па газаправодзе “Ямал-Эўропа” пройдзе ў Менску 6–10 кастрычніка. Будуць браць удзел расейцы — “Газпром” і “Газэкспарт”, — “Белтрансгаз”, Польшча, Нямеччына”.
Паводле спадарыні Бародзіч, гэта будзе першай сустрэчай прадстаўнікоў “Газпрому” й “Белтрансгазу” пасьля заявы пра спыненьне супольнага праекту прыватызацыі беларускіх газаправодаў.
Газавы канфлікт між дзьвюма краінамі не паўплываў на пляны правесьці пры канцы верасьня Дні Беларусі ў Маскве, якія, паводле першага намесьніка міністра замежных справаў Васіля Пугачова, мусяць актывізаваць двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У сталіцу Расеі паедзе больш за 3,5 тысячы прадстаўнікоў Беларусі. 26 верасьня ў Маскве распачнецца беларуская нацыянальная выстава, а 30-га пройдзе супольнае паседжаньне ўрадаў гораду Масквы й Беларусі.
Нічога ўнікальнага ў такой неадпаведнасьці няма — маскоўскі мэр Юры Лужкоў ужо быў у Менску на такім супольным паседжаньні ўрадаў сувэрэннай краіны ды аднаго гораду. Нагадаю, што дата паседжаньня ўраду саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі дагэтуль ня вызначаная. Сьпікер расейскай Думы Генадзь Селязьнёў мяркуе, што гэтая дата стане вядомая ў Ялце падчас саміту СНД, але ўжо некалькі падобных заяваў спадара Селязьнёва ня спраўдзіліся.