У Менскі дзіцячы інфэкцыйны шпіталь штодня паступаюць 25–28 чалавек з сымптомамі энтэравіруснай інфэкцыі. Усяго ў шпіталі больш за трыста чалавек лекуюцца ад сэрознага мэнінгіту (менавіта гэтак праяўляецца энтэравірусная інфэкцыя). У 13-м аддзяленьні шпіталю дзеці ляжаць у палатах разам са сваімі мацяркамі. Сямігадовы Юра трапіў у шпіталь чатыры дні таму.
(Юра: ) “Я спачатку спаў, потым мы прыехалі ў госьці, там у мяне забалела галава. Потым пачаў ванітаваць”.
(Карэспандэнтка: ) “А як цяпер сябе адчуваеш?”
(Юра: ) “Нармальна”.
Маці Юры Тацяна дагэтуль ня ведае прычыны хваробы сына.
(Тацяна: ) “Калі шчыра, то я нават і ня ведаю. Калі ўлічыць, што мы апошні тыдзень не хадзілі ў школу, лекаваліся ў паліклініцы ў стацыянары. Гавораць, што там. Бо ўчора нам сказалі, што каля 100 чалавек было зафіксавана з гэтай хваробай у нашай 25 паліклініцы. Учора нам сказалі, што ў нашай 176-й школе ў нашым клясе ўвялі карантын. Але ў нашай школе 1 верасьня ўжо быў зафіксаваны адзін выпадак гэтай хваробы”, — распавяла маці хворага на сэрозны мэнінгіт сямігадовага Юры.
Як паведаміла Радыё Свабода намесьніца галоўнага лекара менскага дзіцячага інфэкцыйнага шпіталю Тамара Лісіцкая, мэдыкам дакладна не вядомыя прычыны павелічэньня захворваньня.
(Лісіцкая: ) “У Менску каля 1000 хворых. Дзеці з энтэравіруснай інфэкцыяй знаходзяцца ў нас, а падлеткаў і дарослых шпіталізуюць у дарослы інфэкцыйны шпіталь. Болей за 500 чалавек мы ўжо выпісалі. Пік быў пры канцы жніўня, на пачатку верасьня. Мы добра забясьпечаныя тэст-сыстэмамі, якія дазваляць ідэнтыфікаваць ўзбуджальніка хваробы. Пацьверджаньне дыягназу “энтэравірусная інфэкцыя” мы атрымліваем у 60% выпадкаў. Прагноз разьвіцьця энтэравіруснай інфэкцыі спрыяльны — хворы папраўляецца. Асноўнай клінічнай праявай хваробы ёсьць сэрозны мэнінгіт — хвароба таксама заканчваецца выздараўленьнем”.
Чаму ў Менску не абяшчаюць эпідэміі? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да кіраўніцы эпідэміялягічнага аддзелу Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алены Фясенкі.
(Фясенка: ) “Гэты ўзровень захворваньня нельга назваць эпідэміяй у клясычным разуменьні гэтага слова. Улічваючы высокую шчыльнасьць насельніцтва ў Менску і ўспрымальнасьць, паколькі раней у нас не было такіх выразных пад’ёмаў хваробы, то калі б мы не рабілі захадаў перасьцярогі, захворваньняў было б значна больш. Але ж практычна не існуе такіх мерапрыемстваў, якія бы выключылі інфікаваньне гэтым вірусам, бо ён шырока распаўсюджаны ў навакольным асяродзьдзі. Што б мы ні рабілі, ён заўсёды захоўваецца на паверхні садавіны і гародніны, у вадаёмах, ён прысутнічае на любой паверхні”.
Паводле прадстаўніцы Менскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Алены Фясенкі, цяпер у сталіцы 1056 чалавек хварэюць на энтэравірусную інфэкцыю. Найбольшая колькасьць захварэлых у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менску. У палове менскіх школаў зарэгістраваныя выпадкі захворваньня. Сытуацыя можа ўскладніцца тым, што хутка распачнецца сэзон прастудных хваробаў.