Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА АБМЕЖАВАЎ ДВУХБАКОВЫЯ СУСТРЭЧЫ НА САМІЦЕ Ў ЯЛЦЕ


Валер Каліноўскі, Ялта

Аляксандар Лукашэнка прыбыў у Крым пазьней за ўсіх іншых лідараў чацьверкі. Ягоны самалёт прызямліўся на лётнішчы толькі каля першай гадзіны дня.

Лідар Казахстану Нурсултан Назарбаеў прыбыў у Ялту яшчэ ўчора. Таксама ўчора расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін правёў перамовы наконт фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) зь Леанідам Кучмам на Азоўскім востраве Біручы.

Аляксандар Лукашэнка такім чынам істотна абмежаваў сабе час на двухбаковыя сустрэчы. Акрамя таго, пасьля доўгіх узгадненьняў чатырохбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Казахстану, Расеі і Ўкраіны была адкладзеная на 18 гадзінаў вечару. Падчас сустрэчы прэзыдэнты плянуюць падпісаць пагадненьне аб адзінай эканамічнай прасторы.

Як паведамляюць у прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны, гэта агульнае пагадненьне, якое будзе патрабаваць дадатковых дамоваў паміж краінамі-удзельніцамі, што будуць больш канкрэтна агаворваць умовы супрацоўніцтва.

Украіна бачыць ў АЭП перш за ўсё прагматычны эканамічны праект, а Расея – як мінімум як новы мытны саюз. Расейцы спадзяюцца на стварэньне асобнага рэгулюючага органа ў рамках чацьверкі.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі пакуль нічога не кажуць аб перавагах і недахопах АЭП – яны устрымліваюцца да выніку вечаровых перамоваў прэзыдэнтаў краінаў чацьверкі.

А вось прадстаўнікі беларускай апазыцыі сумняюцца, што АЭП будзе эфэктыўнай. Напрыклад, Станіслаў Шушкевіч на нядаўнім форуме ў Крыніцы Гурскай заявіў, што АЭП ёсьць ні чым іншым як перадвыбарчай альбо палітычнай маніпуляцыяй.

Паміж Беларусяй і Расеяй заключана шмат дамоваў і агучана шмат дэклярацыяў, а кантроль на межах і розныя мытныя паборы ўсё адно засталіся.

Тымчасам Сяргей Сідорскі, які бярэ ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў урадаў СНД, праводзіць сёньня перамовы з расейскім прэм’ерам Міхаілам Касьянавым. Галоўная тэма – газавая. Сяргей Сідорскі публічна выказаў зьдзіўленьне гэтым рашэньнем расейскага ўраду адмовіць Беларусі ў ільготных коштах на газ, якое “ў корані супярэчыць заключаным урадамі Расеі і Беларусі пагаденьням”.

На гэтым тле даволі дзіўнымі выглядаюць заявы першага віцэ-прэм’ера ўкраніскага ўраду Міколы Азарава і некаторых ключавых міністраў пра тое, што “калі ў рамках чацьверкі ня будзе адзіных цэнаў на энэрганосьбіты, то ня будзе і адзінай эканамічнай прасторы”.

Такім чынам Укріана, як раней Беларусь, спадзяецца на больш танныя газ і нафту ды спыненьне перашкодаў у гандлі з Расеяй, Беларусяй і Казахстанам.

Разьвіваючы гэтыя стасункі, Ўкраіна заяўляе і пра непарушнасьць вызначанага прэзыдэнтам Леанідам Кучмам курсу на эўрапейскую інтэграцыю. Новы міністр замежных справаў Украіны Канстанцін Грышчанка сёньня заявіў:

(Грышчанка: ) “Што датычыць маёй краіны, то хацеў бы падкрэсьліць, што замежнапалітычны курс Украіны ня мае альтэрнатывы – гэта эўрапейская інтэграцыя. Аднак Украіна разьвівае і паглыбляе стасункі ў рамках СНД. Тут няма супярэчнасьці. Наадварот, украінскі бок імкнецца, каб эўрапейскія стандарты сталі для гэтага супрацоўніцтва арыенцірам, які дапаможа ўсім дзяржавам-удзельнікам выйсьці на стабільны эканамічны рост і заняць належнае месца ў сьвеце”.

Так сказаў Канстанцін Грышчанка, які быў абраны сёньня старшынёй Рады міністраў замежных справаў краінаў СНД. Гэтая рада ў цэлым ўхваліа праект дакумэнтаў аб стварэньні зоны вольнага гандлю ў рамках СНД.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG