Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЕКТЫЎ ЛІКВІДАВАНАГА ЎЛАДАМІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГУМАНІТАРНАГА ЛІЦЭЮ ІМЯ Я.КОЛАСА ПРАЦЯГВАЕ ЗМАГАЦЦА

Любоў Лунёва, Менск

Учора прыходзілі нейкія чыноўнікі ў Дом літаратара. Там ліцэісты вучацца на літаратурных курсах разам зь іншымі дзецьмі, якія запісаліся туды летась. Чыноўнікі цікавіліся ў дзяцей, чаму яны прыходзяць і што робяць у бібліятэцы. Дзеці ім патлумачылі. Невядома, ці задаволілі чыноўнікаў іхныя адказы.

На думку выкладчыкаў, літаратурныя курсы вельмі карысныя для дзяцей. Яны маюць магчымасьць наўпрост кантактаваць зь літаратарамі. Дзеці самі вельмі задаволеныя. Аднак старшыню Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча зноў папярэдзілі: калі даведаюцца, што ў будынку будуць вучыцца ліцэісты, то будынак забяруць і ў пісьменьнікаў.

Нагадаем, што міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў выдаў загад аб ліквідацыі яшчэ адной навучальнай установы: Міжнароднага гуманітарнага інстытуту пры БДУ. Гэта быў адзіны культурна-адукацыйны цэнтар, дзе выкладаліся дысцыпліны юдаікі. Для Беларусі гэта ўнікальная ўстанова.

Каб ліквідаваць гэты інстытут, дзе вучыцца 475 студэнтаў, міністру не спатрэбілася нават выдумляць фармулёўку. Калі ліквідоўвалі ліцэй, то хоць напісалі, што гэта зрабілі “ў мэтах аптымізацыі навучальнага працэсу”, а тут — палічылі за лішняе. Кіраўніцтва спасылаецца на парушэньне заканадаўства. Але сёньня адбудзецца вучоная рада, дзе выкладчыкі інстытуту паспрабуюць даведацца пра сапраўдныя прычыны закрыцьця вышэйшай навучальнай установы.
XS
SM
MD
LG