Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ НА ДРУГІМ МЕСЦЫ Ў РЭГІЁНЕ ПА ХУТКАСЬЦІ РАСПАЎСЮДЖВАНЬНЯ СНІДУ


Натальля Судлянкова, Прага

У сваёй справаздачы, якая была апублікаваная ўчора, Усясьветны банк канстатуе, што краіны былога савецкага блёку маюць самы хуткі рост колькасьці хворых на СНІД, але шмат якія ўрады па-ранейшаму не зьвяртаюць увагі на небясьпеку сындрому набытага імунадэфіцыту.

Згодна з дадзенымі Ўсясьветнага банку самы хуткі рост колькасьці хворых на СНІД назіраецца ў краінах Усяходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу. Тут ужо жыве блізу мільёна 200 тысячаў хворых на СНІД альбо інфікаваных вірусам імунадэфіцыту. Толькі за мінулы год было зарэгістравана яшчэ 250 тысячаў выпадкаў захворваньня.

Галоўны экспэрт праграмы здароўя Ўсясьветнага Банку Алусой Адэі папярэджвае, што калі ўрады рэгіёну не пачнуць зьвяртаць увагу і выдаткоўваць час і сродкі на барацьбу са СНІД’ам, хвароба можа хутка пераарсьці ў крызыс, які будзе мець драматычныя наступствы як у галіне дэмаграфіі, гэтак і ў галіне эканомікі.

Амаль ва ўсіх краінах рэгіёну назіралася аднолькавая карціна – спачатку асноўнымі хворымі на СНІД альбо носьбітамі вірусу імунадэфіцыту сталіся наркаманы, але потым колькасьць захворваньняў пачала расьці па экспанэнце. Так, у Расеі за апошнія 5 гадоў яна вырасла болей, чым у 20 разоў. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі ўкраінскага ўраду, там амаль тая ж самая сытуацыя. Колькасьць захворваньняў на СНІД ва Ўкраіне перавысіла 50 тысячаў чалавек.

Ірына Саўчанка, якая працуе ў штаб-кватэры Ўсясьветнай арганізацыі здароўя мяркуе, што найбольш небясьпечнай зьявай зьяўляецца рост колькасьці захворваньняў сярод моладзі:

(Саўчанка: ) “Моладзь – гэта цяпер найбольш безабаронная частка грамадзтва, ад 85 да 90 % інфікаваных асобаў – гэта людзі ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў”.

У адрозьненьні ад краінаў Заходняй Эўропы, большасьць хворых на СНІД у краінах былога СССР – гэта наркаманы. Спадарыня Саўчанка перакананя, што гэта і ёсьць адная з прычынаў такой хуткасьці распаўсюду вірусу на гэтай тэрыторыі.

(Саўчанка : ) “Ва ўсходніх краінах асноўным каналам перадачы інфэкцыі зьяўляецца сэксуальны, па якім інфэкцыя перадаецца больш павольна, чым праз выкарыстаньне адных і тых жа шпрыцоў наркаманамі. Напрыклад, рызыка захворваньня на СНІД праз сэксуальны кантакт з інфікаванай вірусам СНІД асобай 0,1%, у той час, як праз выкарыстаньне шпрыцоў – ужо каля 30%.”

Асноўная праблема, як кажуць прадстаўнікі краінаў былога СССР, гэта недахоп сродкаў на лячэньне хворых і разьвіцьцё адукацыйных праграмаў. Расея ў мінулым годзе выдаткавала усяго толькі 5 мільёнаў даляраў на фэдэральныя праграмы барацьбы са СНІД’ам. Але, падкрэсьліваюць экспэрты, улады мусяць выдаткоўваць больш сродкаў прынамсі на праграмы прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі, у адваротным выпадку яны сутыкнуцца са значна больш істотнымі выдтакамі праз 5 ці 10 гадоў.

Беларусь і Украіна былі першымі краінамі на тэрыторыі былога СССР, дзе ў 1995 г. фактычна адбыўся выбух захворваньняў СНІД’ам. Згодна з дадзенымі Ўсясьветнага банку, Беларусь цяпер знаходзіцца на другім месцы ў рэгіёне па хуткасьці распаўсюджваньня сындрому набытага імунадэфіцыту.

Усясьветны банк у сваёй справаздачы папярэджвае, што нацыянальная сыстэма аховы здароўя рэспублікі ні арганізацыйна, ні тэхнічна не падрыхтаваная да таго, каб змагацца з эпідэміяй СНІД’у, у дадатак пакутуе ад кепскага фінансаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG