Лінкі ўнівэрсальнага доступу

MIDDLE EAST NEWSLINE: БЕЛАРУСЬ ПАСТАЎЛЯЛА РАКЕТЫ Ў СЫРЫЮ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Сырыя ўяўляе падвойную пагрозу міжнароднай бясьпецы: яна падтрымлівае тэрарыстычныя групоўкі і спрабуе атрымаць ці стварыць зброю масавага зьнішчэньня.

Джон Болтан абвінаваціў Дамаск у варожых дзеяньнях да сілаў кааліцыі ў Іраку. Паводле яго Сырыя пастаўляла зброю ў Ірак напярэдадні вайны, да таго ж яна дазваляла арабскім экстрэмістам пераходзіць празь яе тэрыторыю ў Ірак, каб ваяваць з амэрыканскімі жаўнерамі.

Паводле Болтана гэта адбывалася падчас вайны і адбываецца цяпер. Да таго ж Сырыя працягвае падтрымліваць у Лібане групоўку Хэсбала, якую Злучаныя Штаты лічаць тэрарыстычнай групай.

Ня меншую занепакоенасьць Вашынгтону выклікаюць і праграмы Дамаску адносна зброі масавага зьнішчэньня. Джон Болтан заявіў:

(Болтан: ) “Ад сярэдзіны 70-х Сырыя ўсяляк спрабавала стаць адной з найбольш разьвітых арабскіх краінаў у галіне хімічных узбраеньняў. І цяпер так яно і ёсьць. Гэтая дзяржава мае запас нэрвова-паралітычнага газу зарыну, які можна пераносіць на самалёце ці балістычнай ракетай. Акрамя гэтага Сырыя занятая распрацоўкай яшчэ таксычнага і небясьпечнага газу ві-экс.”

Джон Болтан паведаміў, што Вашынгтон сочыць за супрацоўнітвам Дамаску з Масквой, якое можа прывесьці Сырыю да стварэньня ядзернай зброі.

(Болтан: ) “Расея і Сырыя зацьвердзілі праект праграмы супрацоўніцтва ў галіне цывільнай атамнай энэргетыкі. Больш шырокі доступ Сырыі да расейскіх навуковых і тэхнічных рэсырсаў можа пашырыць магчымасьці Сырыі, калі яна вырашыць стварыць ядзерную зброю.”

Намесьнік дзяржсакратара ЗША заявіў, што “дзяржавы-ізгоі” мусяць зразумець, што ім давядзецца дорага заплаціць за спробы завалодаць зброяй масавага зьнішчэньня.

(Болтан: ) “Мы аддаем перавагу вырашэньню гэтых праблемаў мірнымі і дыпляматычнымі сродкамі, аднак прэзыдэнт Буш даў ясна зразумець, што мы ня выключаем аніякіх варыянтаў.”

Цяпер Кангрэс ЗША абмяркоўвае закон, які дазволіць увесьці супраць Сырыі палітычныя і эканамічныя санкцыі.

У выступе Джона Болтана была прыгаданая Расеі як краіна, якая можа спрыяць стварэньню сірыйскіх арсэналаў ядзернай зброі. Амэрыканскі друк піша пра шыроокае супрацоўніцтва ў ваеннай галіне таксама паміж Менскам і Дамаскам.

Выданьне Middle East Newsline (інтэрнэт-выданьне, якое спэцыялізуецца на праблемах Блізкага Ўсходу) са спасылкай на спэцслужбы заходніх краінаў паведамляе пра пастаўкі зь Беларусі ў Сырыю сотняў супрацьпаветраных ракетаў і установак СА-18.

Паводле выданьня Сырыя набыла ў Беларусі тры партыі такіх ракетаў цаной у 30 мільёнаў даляраў. Першая партыя прыйшла напярэдадні амэрыканскай апэрацыі ў Іраку, астатнія дзьве – сёлета летам. Гэтыя сыстэмы СПА паводле Middle East Newsline знаходзяцца цяпер на сырыйскай ваеннай базе на мяжы зь Лібанам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG