Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЕЛАРУСКІЯ ДЗЯРЖАЎНЫЯ СМІ ПАДАЮЦЬ ПРАВАЛ ПЕРАМОВАЎ У СОЧЫ ЯК ПОСЬПЕХ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч з Баранавічаў і палітоляг Уладзімер Падгол зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Большасьць незалежных экспэртаў ацанілі перамовы ў Сочы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў як безвыніковыя. Так трактуюць саміт і асноўныя расейскія газэты.

Беларускія ж дзяржаўныя СМІ аб’явілі гэтыя перамовы як вялікі посьпех інтэграцыі. Гэта разыходзіцца з той пазыцыяй, якая дамінавала ў дзяржаўных СМІ апошнія месяцы. Гэтая пазыцыя была даволі выразна антырасейскай. Расейскае кіраўніцтва аб’яўлялася галоўным тормазам інтэграцыі.

Перамовы ў Сочы не прывялі да станоўчага выніку з гледзішча афіцыйнага Менску ні па водным пытаньні. А пераход да рынкавых адносінаў у сфэры паставак газу ў Беларусь нельга разглядаць інакш як яўную паразу Лукашэнкі. Тым ня менш, тон дзяржаўных СМІ даволі бравурны. Перамовы аб’яўленыя чарговым прарывам у інтэграцыі. На мой погляд, гэта не зусім лягічна нават з афіцыйнага гледзішча. Ці тут існуе нейкая іншая лёгіка?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Лёгіка дзяржаўных СМІ адна: хваліць Лукашэнку і любыя ягоныя дзеяньні ацэньваць як пераможныя. Таму іншай ацэнкі, як перамога, ягоныя перамовы ў Сочы і не маглі мець. А тое, што вынікам перамоваў ня будзе посьпеху інтэграцыі, то вінаватымі будуць “кепскія расейцы”, якія “падманным шляхам скралі перамогу”, якую заваяваў прэзыдэнт падчас асабістай сустрэчы.

Можна прывесьці такую аналёгію. У 1943–1944 гадах войскі фашыстоўскай Нямеччыны цярпелі паразу за паразаю, але афіцыйная прапаганда казала, што яны перамагаюць. Такія паводзіны дзяржаўных СМІ вельмі лягічныя для таталітарных рэжымаў”.

(Уладзімер Падгол: ) “Найперш я б паглядзеў на ўсё гэта шырэй. На мой погляд, на гэтым полі трэба разглядаць трох гульцоў. Акрамя Пуціна і Лукашэнкі трэба ўлічваць і беларускую апазыцыю. І пераможцам у гэтай гульні апынулася менавіта апазыцыя. Рашэньне аб пераходзе на рынкавыя адносіны ў сфэры паставак газу супадаюць з праграмнымі палажэньнямі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яшчэ ценевы ўрад БНФ, Пазьняк прапаноўвалі такі шлях дачыненьняў з Расеяй. І сёньня гэта стала фактам.

Далей, тую вайну, якую разьвярнулі расейскія СМІ супраць Лукашэнкі, ён прайграў. Гэта адкрыта прызнаюць беларускія дзяржаўныя СМІ. Сёньня “Советская Белоруссия” спрабуе абараніць Лукашэнку ад тэзысу расейскіх газэт, што беларускі кіраўнік — Ясір Арафат на беларуска-расейскім полі і яго трэба прыбраць, каб беларуска-расейская інтэграцыя пайшла. Такім чынам, таксама тэзыс апазыцыі, прыкладам АГП, “інтэграцыя бяз Лукашэнкі”, выказалі расейскія СМІ”.

(Карбалевіч: ) “А чаму ж беларускія дзяржаўныя СМІ аб’яўляюць гэтыя перамовы ў Сочы як перамогу менавіта Лукашэнкі?”

(Падгол: ) “Перамога ў тым, што ўвесь гэты расейскі інфармацыйны накат не дасягнуў выніку. Лукашэнка застаўся на сваіх пазыцыях”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае і наступнае пытаньне. Ці зь пераходам на рынкавыя цэны ў газавай галіне павысяцца камунальныя тарыфы, пагоршыцца эканамічны стан прадпрыемстваў? Калі б з Расеяй працягвалася лінія на канфрантацыю, то яна была бы абвешчаная вінаватай у паглыбленьні сацыяльна-эканамічнага крызысу ў Беларусі. А калі Расея зноў сябар, то хто ж тады будзе прызначаны вінаватым?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, што будзе варыянт такі. Цэны на камунальныя паслугі будуць паднятыя да такой мяжы, пакуль ня выклікаюць пратэсту. Як толькі пачнуцца пратэсты, цэны, за кошт прэзыдэнцкага фонду, будуць адагнаныя назад. Так ужо было шмат разоў. Цэны павышаліся, потым вінаватымі былі аб’яўленыя міністры. Нейкіх паўстаньняў тут з-за камунальных плацяжоў ня будзе.

З пазыцыі дзяржаўных СМІ прэзыдэнт заўсёды перамагае, і ў Сочы ён перамог. А потым “брыдкія алігархі”, “хлусьлівыя лібэралы” “падманулі”, “сапсавалі”, “змарнавалі” тую перамогу, якая адбылася ў Сочы.

І яшчэ адна акалічнасьць. Тое, што сёньня кажуць дзяржаўныя СМІ, можа хутка зьмяніцца. Цяпер яны сказалі так, а заўтра павярнулі інакш. Ёсьць элемэнты прапаганды, якія ня носяць сутнаснага характару, а працуць кан’юнктурна. Галоўны сэнс — яны павінны ва ўсім хваліць прэзыдэнта. Вось і ўсё”.

(Падгол: ) “Сэнс вось у чым. Лукашэнка пакляўся ў сяброўстве і адданасьці да сьмерці сваёй ня Пуціну, не расейскаму кіраўніцтву, а расейскаму народу. Падчас сустрэчы ў Сочы ён заявіў, што за плячыма расейскага прэзыдэнта робяцца дрэнныя справы. І за гэтыя плечы можна паставіць каго заўгодна: і “хлусьлівых” журналістаў, і алігархаў, і бюракратычнае чынавенства. І менавіта іх аб’явяць вінаватымі ў павышэньні цэнаў.

Дзяржаўнымі СМІ даўно вызначаныя ўсе гульцы на гэтым палітычным экране. І прэзыдэнт будзе заўжды выглядаць пераможцам, у нейкай ступені ахвярай разам з сваім народам. І пакуль СМІ ў руках Лукашэнкі, то ўсё незадавальненьне народу сваім жыцьцём будзе скіраванае супраць расейскіх журналістаў, алігархаў, бюракратаў.

А заадно зь імі падвяжуць і апазыцыю. Ужо паведамілі дзяржаўныя СМІ, што апазыцыянеры езьдзілі ў Маскву і раілі блізкім да Крамля палітолягам, каб падвысілі цэны на энэргарэсурсы для Беларусі. Таму ўжо вораг гатовы”.

(Карбалевіч: ) “Можна вылучыць і такую вэрсію. Магчыма, узмацненьне інтэграцыйнай рыторыкі тлумачыцца тым, што ідзе ідэалягічная падрыхтоўка грамадзкай думкі Беларусі да капітуляцыі перад Расеяй у нейкім важным пытаньні — напрыклад, у пытаньні расейскага рубля. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую вэрсію?”

(Івашкевіч: ) “Справа ў тым, што для Лукашэнкі няма падставаў для капітуляцыі. Ён зусім не загнаны ў кут, як некаторыя думаюць. Некаторыя людзі рызыкуць трапіць у турму на 25 гадоў — і ўсё роўна займаюцца фальшываманэтніцтвам. А тут Лукашэнка афіцыйна мае друкарскі станок і можа колькі заўгодна друкаваць сапраўдныя грошы. Хто ж гэта аддасьць?

Таму ідзе дэмагогія, гульня з электаратам у тым ліку. Лукашэнка ўжо амаль дзесяць гадоў дурыў Расею, даіў яе. Мо ўдасца яшчэ падаіць. Хутка ў Расеі парлямэнцкія выбары. Некаторыя дарадцы Лукашэнкі, відаць, даводзяць яму, што існуе вялікая верагоднасьць перамогі камуністаў і правалу правых сілаў. І ў такім выпадку ў Расеі ўзмацніцца лобі Лукашэнкі. Гэтая гульня будзе ісьці далей, нічога ня вырашана наперад”.

(Падгол: ) “Пуціну трэба цяпер перамагаць Лукашэнку. А апошні ўпёрся, патрабуе спачатку прыняць канстытуцыйны акт, а ўжо потым уводзіць расейскі рубель у Беларусі. А для Пуціна прыняцьцё Канстытуцыйнага акту азначае, што Лукашэнка пачне актыўна гуляць на расейскім палітычным полі як канкурэнт. І беларускі кіраўнік гуляе, гандлюецца.

Калі казаць футбольнай тэрміналёгіяй, то ў Сочы адбыўся першы тайм. А празь некалькі дзён мы, магчыма, убачым другі тайм. Лукашэнка паведаміў, што яны яшчэ раз сустрэнуцца з Пуціным падчас саміту СНД у Ялце. Цяпер тайм-аўт. Расея цяпер аналізуе, што адбылося ў Сочы і шукае нейкі ход, каб даціснуць Лукашэнку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, беларускія дзяржаўныя СМІ чарговы раз павярнулі стырно прапагандысцкай машыны ў бок беларуска-расейскай інтэграцыі. Чым бы ні тлумачылася новая тактыка, але такія рэзкія павароты афіцыйнай палітыкі моцна дэзарыентуюць грамадзтва, асабліва тую частку электарату, якая ня мае цьвёрдых перакананьняў. Людзі страчваюць арыенціры — што наўрад ці павялічвае колькасьць прыхільнікаў сёньняшняй улады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG