Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ 17 ВЕРАСЬНЯ НЕ АДЗНАЧАЮЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў, якога я сустрэў, сказаў мне, што вельмі добра ведае дату 17 верасьня 1939 году і выказаў да яе сваё стаўленьне.

(Трусаў: ) “Аб тым, што такое пакт Молатава-Рыбэнтропа я распавядаць ня буду. Пра яго, я думаю, слухачы ведаюць ня горш за мяне. Я ведаю ў навакольлі магілы расстраляных пры адступленьні польскіх жаўнераў і афіцэраў, сярод якіх былі нашыя землякі. Па дарозе ад Сапоцкіна да Калетаў, паводле маіх зьвестак, прыблізна тры-чатыры вялізныя магілы, куды скідвалі людзей менавіта тады, калі Горадню пакінуў гарнізон”.

Стаўленьне гісторыка да падзеяў 17 верасьня 1939 году збольшага адмоўныя. А вось моладзь, як высьветлілася, часта ставіцца да іх інакш.

(Хлопец: ) “Зусім станоўча стаўлюся да гэтага, да сьвята 17 верасьня”.

(Дзяўчына: ) “17 верасьня 1939 году? Па-мойму, адбылося аб’яднаньне Беларусі. А як стаўлюся? Ды ніяк, нармальна”.

Малады расеец з Калінінграду нічога ня мог сказаць датычна гэтай даты. А
вось адказ маладога мажнага мужчыны пад гальштукам.

(Мужчына: ) “Не, я ня ведаю зь якой нагоды названа гэтая вуліца”.

Праўда высьветлілася, што ён хутчэй ня хоча ведаць.

(Мужчына: ) “Папросту назва вуліцы павінна утрымліваць нейкі сымбалізм. А сымбаль народ павінен ведаць. Мала хто з народу ведае, што здарылася 17 верасьня. Мне расказвалі гісторыкі, але, шчыра кажучы, я не магу ўзгадаць. Бо мяне гэта не цікавіць”.

Мужчыну-пэнсіянэра маё пытаньне засьпела зьнянацку.

(Пэнсіянэр: ) “Ня ведаю, што за дата—17 верасьня. Можа—875-годзьдзе Горадні? Не? Тады ня ведаю”.

Папрасіўшы падказку, мужчына, аднак, успомніў.

(Пэнсіянэр: ) “Так, тады адбылося ўзьяднаньне Ўсходняй Беларусі з Заходняй. Я папросту забыўся. Ведаў, ды забыўся”.

Наступнай была сталая жанчына інтэлігентнага выгляду.

(Жанчына: ) “Ня ведаю, што гэта за 17 верасьня, ніхто не казаў. Адносіны якія? Трэба аднаўляць тыя назвы, якія гістарычна склаліся і якія былі раней”.

Затым я падышоў да маладога мужчыны з хлопчыкам.

(Малады мужчына: ) “Ня ведаю, але стаўленьне ў мяне добрае”.

Наступнае сваё пытаньне я задаў пэнсіянэрцы.

(Пэнсіянэрка: ) “Вы ведаеце, не магу сказаць. Гарадзенская я, але старая, усё забыла. І ня вельмі пісьменная”.

Апошнім, каму я задаў сваё пытаньне, быў сталы інтэлігентны мужчына.

(Мужчына: ) “Адносіны да 17 верасьня, як і сама падзея, неадназначныя. З аднаго боку, гэта было ўзьяднаньне беларускага этнасу, нацыі, а з другога боку—пападаньне з агню ды ў полымя. У гэтым, з аднаго боку, станоўчасьць падзеі, а з іншага—яе драматызм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG