Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НЕБЛАГІ ЎРАДЖАЙ БУЛЬБЫ, АЛЕ КАМУ ЯЕ ПРАДАЦЬ?


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Грамадзкі сэктар рэгіёну хацеў бы прадаць у Расею ня менш, як 10 тысячаў тон бульбы. Адмыслоўцы сельскай гаспадаркі пэўныя надзеі зьвязваюць з продажам вырашчанай бульбы ў Маскву. Гаворка ідзе пра папярэднюю дамову на пастаўку ў расейскую сталіцу і Санкт-Пецярбург каля дзьвюх з паловай тысячаў тон гомельскай бульбы. Аднак прадаць яе аказалася няпроста.

Распавядае прадстаўніца аддзелу знешніх сувязяў абаграпраму Інэса Кавалёва.

(Кавалёва: ) “Уся праблема палягае ў тым, што Масква глядзіць на ўсю Гомельскую вобласьць як на зону, забруджаную радыяцыяй. Яшчэ яны хочуць, каб мы самі прывезьлі бульбу ў Маскву, і там яны будуць прымаць. Потым яны звычайна кажуць, што вашая бульба дрэнная. Вязіце назад. Было ўжо так, калі мы вазілі і там нам прызначылі 45 адсоткаў зьніжкі. Гэта адныя страты, бо і заплацілі за бульбу на 20 адсоткаў меней, чым прадугледжвалася кантрактам”.

Яшчэ адна прычына ў тым, што расейцы, як правіла, прапануюць за кіляграм бульбы ўсяго 180 беларускіх рублёў /каля 8 цэнтаў/, а гаспадарнікам, каб мець нейкі прыбытак, трэба прадаць яе ў 4 разы даражэй.

Увагу расейскія камэрсанты зьвяртаюць і на памер бульбы. Беларускі стандарт дапускае харчовую бульбу дыяметрам 3,5 сантымэтра, расейцы бяруць сама меней пяцісантымэтровую.

Начальніца аддзелу супрацоўніцтва з краінамі блізкага і далёкага замежжа Дэпартаменту харчовых рэсурсаў ураду Масквы Алена Зайцава распавяла і пра яшчэ адну акалічнасць забеспячэння бульбай расейскай сталіцы.

(Зайцава: ) “У нас ажыцьцяўляюца закупкі бульбы ў першую чаргу ў Маскоўскай вобласьці. Калі не хапае, купляюць у найбліжэйшых рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі. У Польшчы мы закупкі ня робім”.

Новыя ўмовы прывялі да таго, што продаж бульбы ў Расею з рэгіёну скараціўся за паўтара дзесятка гадоў больш, як у 30 разоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG