Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІЯ ПАРЛЯМЭНТАРЫ РАЗГЛЕДЗЯЦЬ БЕЛАРУСКУЮ СЫТУАЦЫЮ Ў СТРАСБУРЫ


Уладзімер Глод, Менск

Выказваньне Стэфа Горыса прагучалі ў інтэрвію, якое ён даў Беларускаму тэлебачаньню пасьля сустрэчы дэлегацыі зь віцэ-сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Канаплёвым. Раней спадар Канаплёў не аднойчы публічна падкрэсьліваў свае прыязныя адносіны з бэльгійскім парлямэнтаром. Падчас інтэрвію Стэф Горыс сказаў наступнае:

(Горыс: ) “У мяне была магчымасьць некалькі разоў афіцыйна наведваць Беларусь і быць назіральнікам на парлямэнцкіх выбарах. Я магу з упэўненасьцю сказаць, што арганізацыя выбараў была добрай. Выбарчыя ўчасткі былі арганізаваныя цудоўна. Мы ў Радзе Эўропы маем прывілею накіроўваць місіі назіральнікаў у розныя краіны. Таму мы можам параўноўваць, як праходзяць выбары ў розных краінах”.

Іншыя сябры дэлегацыі таксама выказаліся наконт беларускай рэчаіснасьці. Так, таксама не ўпершыню наведвае Беларусь дэпутат зь Літвы Ёнас Чэкуоліс:

(Чэкуоліс: ) “Выбарчы кодэкс нядрэнна падрыхтаваны. Але вельмі важна, на чым Рада Эўропы заўжды засяроджвае ўвагу і за чым пільна сочыць, — гэта практыка выкарыстаньня яго ў рэальным жыцьці. Імплемэнтацыя Выбарчага кодэксу беларускімі ўладамі да гэтага часу і тлумачыць тое, чаму так атрымліваецца, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку і Радай Эўропы, прызнаваліся некарэктнымі й дрэннымі. Ёсьць агульныя стандарты, якія былі выпрацаваныя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека і адносна беларускага заканадаўства, і там канкрэтныя палажэньні напісаныя”.

Яшчэ адзін сябар дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Аляксандар Малахоўскі з Польшчы немагчымасьць правядзеньня ў Беларусі свабодных і вольных выбараў зьвязвае з агульнай атмасфэрай у краіне:

(Малахоўскі: ) “Увогуле сытуацыя ў Беларусі, з уладамі, з народам ёсьць такая, што свабодныя выбары тут невідавочныя. Для мяне гэта невідавочна. Калі вы ў мяне спытаеце, як гэта будзе ў Вялікабрытаніі, я вам адкажу: там для мяне відавочна. Ёсьць шмат пытаньняў наконт Беларусі, у тым ліку, і з боку Рады Эўропы”.

Сацыяліст зь Фінляндыі Міка Ела ня можа ўявіць сабе правядзеньня свабодных выбараў у Беларусі ва ўмовах, калі ўлады перасьледуюць незалежныя мэдыі.

Пры канцы прэсавай канфэрэнцыі спадар Горыс паведаміў, што бюро Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ўжо паставіла на парадак дня свайго паседжаньня ў Страсбуры разгляд пытаньня аб вяртаньні парлямэнту Беларусі статусу “адмыслова запрошанага”. Спадар Чэкуоліс мусіў у гэтай сувязі паправіць калегу — маўляў, пытаньне фармулюецца інакш: разгляд палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Стэф Горыс мусіў з гэтым пагадзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG