Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКІЯ ГАКЕРЫ РАЗБУШАВАЛІСЯ”


Севярын Квяткоўскі, Менск

Некаторыя газэты нават назвалі Менск гакерскай сталіцай Эўропы. Ці сапраўды Беларусь — лідэр віртуальнае злачыннасьці? Чым выкліканы бум гакерства: выдатнай падрыхтоўкай кампутарнікаў ці недасканаласьцю беларускага заканадаўства?

Штодня дзясяткі тысяч беларусаў заходзяць праз мадэмы ды вылучаныя лініі ва ўсясьветнае кампутарнае сеціва. Штодня сотні карыстальнікаў Інтэрнэту парушаюць адміністратыўнае ды крымінальнае права: спрабуюць несанкцыявана патрапіць у чужыя кампутары і цэлыя кампутарныя сеткі. Такіх людзей называюць гакерамі.

(Супрацоўнік: ) “Погляд прафэсіянала на сёньняшні дзень — я працую з васьмі ранку да дваццаці чатырох гадзінаў. І ўсё роўна не даю рады. Вось вам і погляд прафэсіянала, і стаўленьне, і маштабы”, — гэта словы супрацоўніка аддзелу ў барацьбе з інфармацыйнымі злачынствамі.

Далёка ня кожны патэнцыйны гакер здольны ўзламаць чужы сайт. Але колькасьць удалых узломшчыкаў значна перавышае тых, хто трапляе ў рукі міліцыі.

Ніхто дакладна ня ведае, калі з кампутара, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, упершыню зрабілі несанкцыяваны заход на іншы кампутар. Але Днём беларускага гакера можна лічыць 20 лістапада 1998 году. Менавіта ў гэты дзень на тэрыторыі Менску было зарэгістраванае першае злачынства ў інфармацыйнай сфэры.


* * *

Самы вядомы ў сьвеце гакер носіць славянскае прозьвішча — гэта амэрыканец Кэвін Мітнік. Сваю кар’еру Мітнік пачаў у 1984 годзе, калі скраў сакрэтныя матэрыялы Пэнтагону. Кэвін Мітнік атрымаў свае першыя шэсьць месяцаў турмы за інфармацыйнае злачынства. Тады ў менскіх школах нават не было такога прадмету — інфарматыкі. Да 1995 году Кэвін Мітнік вёў складаную гульню супраць ФБР, штораз даводзячы сваю перавагу над праграмістамі спэцслужбаў. Але ў 1995 годзе быў затрыманы і асуджаны на працяглы тэрмін.

Хаця афіцыйна годам зьяўленьня ў Беларусі Інтэрнэту лічыцца 1990 год, масава карыстацца сецівам у краіне пачалі менавіта ад 1995 году. Кэвіна Мітніка выпусьцілі датэрмінова ў 2000 годзе, калі ў Беларусі было зарэгістравана толькі тры злачынствы ў інфармацыйнай сфэры. У той час на Захадзе Кэвін Мітнік узначаліў шэраг культавых гакераў, сярод якіх Гэрбэрт Зын, ЗоДы, Томас Морыс — стваральнік вірусу “Праграмны чарвяк”, А.Роўз — стваральнік вірусу “Траянскі конь” ды іншыя. Усе яны ня мелі васямнацацці гадоў на час затрыманьня.

Арэол гакера як каўбоя ці высакароднага разбойніка прыйшоў у Беларусь тры гады таму. І Менск стаўся гакерскай сталіцай СНД, а Беларусь лідэрам гакерскае Эўропы.


* * *

Летась лік інфармацыйных злачынстваў пераваліў за 400 зафіксаваных выпадкаў. Спэцыялісты мяркуюць, што сёлета будзе зафіксавана яшчэ больш. Хто яны — беларускія гакеры?

(Адміністратар: ) “Ёсьць такія людзі, якія пачыталі пару кніжак, пару часопісаў, скачалі з Інтэрнэту пару праграмак і гэтымі праграмкамі псуюць жыцьцё іншым. Ёсьць больш крутыя спэцы, якія сапраўды могуць з нуля заламаць шмат чаго”, — мяркуе сыстэмны адміністратар адной зь менскіх камэрцыйных фірмаў Арцём.

Адзін адстаўны афіцэр паскардзіўся: маўляў, цяпер у СМІ можна атрымаць інфармацыю, якую раней у выглядзе канспэктаў афіцэры здавалі ў сэйф і ня мелі права прагаворваць. І сапраўды, у Інтэрнэце ёсьць цэлыя сайты, дзе вы можаце скапіяваць простыя праграмы для ўзлому сайтаў, і адначасова праграмы, якія сайты абараняюць. Зрэшты, рэальную пагрозу нясуць не Інтэрнэт-хуліганы, чыю гакерскую дзейнасьць можна параўнаць з падпалам паштовае скрынкі суседа ў пад’езьдзе.

Калі амэрыканскія гакеры пачыналі сваю дзейнасьць са ўзлому кампутарных сыстэмаў Пэнтагону, ФБР, ЦРУ ды буйных карпарацыяў, дык беларуская гакерская эпапэя стартавала з кардынгу. То бок з крадзежу грошай, праз авалоданьне банкаўскімі рэквізытамі грамадзянаў іншых, найперш заходніх, краінаў. Працягвае Арцём:

(Адміністратар: ) “Розныя спосабы... Бярэцца праграмка, якая генэруе імёны крэдытных картак. Дурны амэрыканец на гэта ўсё вядзецца. А ёсьць сур’ёзныя людзі, якія ў банк залазяць. Прычым, банк звычайна ня скардзіцца нікому, бо гэта папсуе ягоную рэпутацыю”.

Калі зазірнуць гакеру праз плячо ў момант працы, недасьведчаны чалавек наўрад ці што зразумее. На маніторы кампутара можна будзе пабачыць камбінацыі лічбаў ды лацінскіх літараў. Праца гакера вельмі падобная да працы медзьвяжатнікаў — рабаўнікоў сэйфаў, якіх мы зь дзяцінства прызвычаіліся бачыць у прыгодніцкіх і дэтэктыўных фільмаў. Як і медзьвяжатнік, гакер мае знайсьць сакрэтны код — пароль. Толькі атакаваны “сэйф” — дыск на адным з кампутараў. Каштоўнасьці — інфармацыя, якая захоўваецца на дыску. Замест адмычкі гакер выкарыстоўвае праграму, якая падбірае камбінацыі лічбаў паролю. Вядома, намаляваная схема спрошчаная. Але менавіта з простых варыянтаў электронных злачынстваў і пачыналі беларускія гакеры.

Сёлета сытуацыя зьмянілася. Крадзеж грошай з банкаўскіх картак саступіў месца нападам на канфідэнцыйную інфармацыю фірмаў. Кажа супрацоўнік аддзелу ў барацьбе з інфармацыйнымі злачынствамі:

(Супрацоўнік: ) “У гэтым годзе ў нас ідзе рост злачынстваў ў галіне інфармацыйнай бясьпекі. Калі летась мы яшчэ даганялі тых, хто шляхам уводу скрадзеных рэквізытаў крэдытных картак краў грошы, то ў гэтым годзе рост і імкненьне красьці ня столькі грошы, колькі інфармацыю”.

А вось меркаваньне аднаго з кіраўнікоў найбуйнейшага ў краіне Інтэрнэт-парталу TUT.BY Юрыя Зісера, які мяркуе, што гакерства ў Беларусі моцна разьвітае:

(Зісер: ) “На жаль, гэта праўда, гэта сур’ёзна. І зьвязанае гэта з тым, што ў Беларусі заўжды быў традыцыйна высокі адукацыйны ўзровень. У нас вельмі добрыя спэцыялісты. А ў нашай эканоміцы гэтым спэцыялістам часьцяком месца няма. Таму яны вымушаныя займацца нейкім паўлегальнымі рэчамі”.

Выглядае, што пакуль беларуская дзяржава не даацэньвае праблемы гакерства. Прынамсі, да такой высновы вядуць словы чалавека, які паводле службы супрацьстаіць гакерам:

(Супрацоўнік: ) “І мала людзей, і не хапае тэхнічнага абсталяваньня, і вялікі аб’ём работы. Плюс яшчэ тое, што нашыя гакеры, яны ж днём адсыпаюцца, а працуюць начамі. А мне даводзіцца і днём, і ноч захопліваць”.

Ёсьць адна рыса, якая яднае беларускіх і амэрыканскіх гакераў: зазвычай гэта людзі ад пятнаццаці да дваццаці пяці гадоў.

Аддзел у барацьбе з інфармацыйнымі злачынствамі быў створаны ў 2001 годзе, калі быў уведзены новы Крымінальны кодэкс. Паводле новага заканадаўства, гакер можа атрымаць вялікі турэмны тэрмін у выпадку, калі скрадзе буйную суму грошай. У той жа час, за пранікненьне ў сакрэтную сыстэму таго ж аддзелу ў барацьбе з інфармацыйнымі злачынствамі можна абысьціся ўмоўным пакараньнем, альбо проста штрафам.


* * *

Адрозна ад ЗША, Беларусь ня ведае сваіх герояў-гакераў. Бо большасьць зь іх дзейнічае ня дзеля славы, а дзеля заробку.

Паводле прызнаньня аднаго зь беларускіх гакераў, ён лічыць, што зарабляе, а не крадзе грошы. Бо ўзлом якога-кольвек сайту звычайна вымагае тытанічных намаганьняў. Ну а пакуль з працаўладкаваньнем у беларускіх праграмістаў ёсьць праблемы, жыхарам Беларусі застаецца адно ганарыцца высокім інтэлектуальным патэнцыялам сваіх суграмадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG