Аўтамабіль Магілёўскай дзяржаўтаінспэкцыі, службовая BMW зь “мігалкай” суправаджала картэж з расейскімі дэпутатамі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падчас сустрэчы Генадзя Селязнёва з выкладчыкамі і студэнтамі Беларуска-расейскага ўнівэрсітэту, незачынены аўтамабіль выкраў 18-гадовы студэнт Магілёўскага тэхнічнага ўнівэрсітэту.
Малады чалавек знаходзіўся ў нецьвярозым стане. Ён праехаў менш за кілямэтар ад цэнтру гораду і на перакрыжаваньні трапіў у аварыю. У выніку атрымалі пакоджаньні аўтамабіль “Ніва” і BMW ДАІ. Афіцыйных заяваў на гэта конт магілёўская дзяржааўтаінспэкцыя не рабіла, хаця здарэньне актыўна абмяркоўвалася ў кулюарах сэсіі.
Большасьць пытаньняў у парадку дня сэсіі сюзнага парляманцкага сходу была тэхнічнага характару. Ацэнка інтэграцыйных справаў прагучала ва ўступнай прамове старшыні сходу Генадзя Селязнёва. Ён выказаў занепакоенасьць тым, што выканаўчая ўлада і Беларусі, і Расеі тармозіць будаўніцтва саюзнай дзяржавы. Селязнёў сказаў, што чыноўнікі раўнадушныя да сьвятой ідэі яднаньня брацкіх народаў.
(Селязнёў: ) “З жалем даводзіцца канстатаваць, што не вырашаныя асноўныя стратэгічныя задачы саюзнай дзяржавы: няма рашэньня ў дачыненьні да праекту канстытуцыйнага акту і, як вынік, няма дакладнасьці ў пытаньнях правядзеньня выбараў ў парлямант саюзнай дзяржавы і няма валютнага саюзу”.
Самай актуальнай сваёй задачай саюзныя парлямэнтары лічаць заклікаць і ўрэшце прымусіць кіраўнікоў абедзьвюх дзяржаваў выказацца наконт праекту канстытуцыйнага акту, даслаць свае заўвагі з тым, каб рухацца далей. “Маўчаньне больш ня можа працягвацца,” – сказаў Генадзь Селязнёў.
Дэпутаты парлямэнцкага сходу абмеркавалі таксама асноўныя напрамкі саюзнага бюджэту на наступны год. Перавагу атрымаюць саюзныя праграмы ўпарадкаваньня межаў і мытнай інфраструктуры. Асаблівая ўвага будзе нададзеная стварэньню сумесных сродкаў масавай інфармацыі – саюзных радыё і тэлебачаньня.