Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМЭРЫКАНСКІЯ КАНГРЭСМЭНЫ ХАЦЕЛІ БЫ БАЧЫЦЬ БОЛЬШ ЖОРСТКІЯ ЗАХАДЫ СУПРАЦЬ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

На пачатку паседжаньня памочнік Дзяржсакратара спадар Лорнэ Кранэр даў агляд сытуацыі па дэмакратызацыі ў краінах былога СССР. Сьпіс агульных праблемаў склалі фальсыфікацыя выбараў і ранейшая закрытасьць палітычнага і грамадзкага жыцьця. Кангрэсмэны заявілі, што цяперашняя сытуацыя – няпрымальная, калі год за годам аўтарытарныя рэжымы крадуць выбары ў сваіх грамадзян, насьміхаюцца з эўрапейскіх назіральнікаў, заяваў АБСЭ ды Дзярждэпартамэнту і надалей патрабуюць болей дапамогі на бясьпеку.

Аднак кангрэсмэны Сьміт і Кардын вылучылі сытуацыю ў Беларусі ў асобную тэму абмеркаваньня. Фактычна, кангрэсмэны дамагаліся ад міжнароднага ведамтсва ЗША новых ініцыятываў і падыходаў да зьмены сытуацыі ў Беларусі. За апошнія два гады ЗША празь Дзярждэпартамэнт і прадстаўніцтва ў міжнародных структурах дамагаецца скаардынаванага падыходу міжнароднага супольніцтва, і асабліва Эўропы, да рэжыму Лукашэнкі.

Сярод такіх актаў скаардынаванай палітыкі была названая прынятая сёлета рэзалюцыя па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Камісіяй па правох чалавека ААН. Гэтая рэзалюцыя паставіла Беларусь у адзін шэраг з такімі краінамі як Туркменістан і Паўночная Карэя. Як сказаў спадар Кранэр, міжнародная супольнасьць звычайна ня любіць прымаць падобныя заявы. Аднак ня ўсе намаганьні ЗША скаардынаваць падыходы былі пасьпяховыя. Так, напрыклад, насуперак пратэсту ЗША Беларусь атрымала месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

Кангрэсмэн Сьміт узьняў таксама пытаньне скаардынаванасьці дзеяньняў заканадаўчай і выканаўчай уладаў саміх ЗША, што да выпрацоўкі палітыкі да Беларусі. У прыватнасьці, канрэсмэн Сьміт запытаўся, што апроч прыняцьця Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі можа зрабіць Кангрэс і Дзярждэпартамэнт у процівагу дзеяньням рэжыму. Яго падтрымаў канрэсмэн Кардын і заявіў, што сытуацыя ў Беларусі няпрымальная і што Дзярждэпартамэнт мусіць ужываць больш жорсткія меры да рэжыму Лукашэнкі.

На гэта памочніца Дзяржсакратара па Эўрапейскіх і Эўразійскіх справах спадарыня Джоўнс сказала, што на Лукашэнку ўплываць вельмі цяжка. Дзярждэпартамэнт спрабуе ня толькі дапамагаць грамадзянскай супольнасьці і незалежна настроеным дэпутатам у Беларусі, але і ціснуць на рэжым праз суседзяў Беларусі. Што да палажэньняў Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі, дык Дзярждэпартамэнт цалкам падтрымлівае іх. Хіба толькі просіць Кангрэс зьменшыць колькасьць патрабаваных пісьмовых справаздач.

На заканчэньне, спадар Кранэр сказаў, што спадзяецца на веды і парады былога амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака, які з наступнага тыдня пачне працаваць галоўным намесьнікам спадара Кранэра ў Дзярждэпартамэнце.
XS
SM
MD
LG