Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“FRANKFURTER ALLGEMEINE”: “ЛЮБІМЫМ ПАЛІТЫКАМ У БЕЛАРУСІ РОБІЦЦА ПУЦІН”

Ул. інф.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, сустрэча ў Сочы стала кульмінацыяй у працяглай шматтыднёвай спрэчцы, якая назіралася паміж Масквой і Менскам. Ужо загадзя да перамоваў было вядома, што Масква наелася эксцэнтрычных выпадаў беларускага лідэра і ня пойдзе ні на якія саступкі.

Як вынік, перадае “Deutschlandfunk”, Пуціну ўдалося “пераканаць” Лукашэнку і ў пытаньні газавых паставак, і ў пытаньні ўвядзеньня адзінай валюты. Такім чынам, Менск пагадзіўся і з рынкавымі цэнамі на газ, якія ў выніку могуць замарудзіць эканамічнае разьвіцьцё краіны, і з увядзеньнем адзінага расейскага рубля ад пачатку 2005 году, якое, без сумневу, пахісьне пазыцыі беларускага кіраўніцтва.

Відавочна, што для самога Лукашэнкі ніколі не было цяжкасьцю кардынальна мяняць свае пазыцыі на працягу адной ночы, — піша “Frankfurter Allgemeine”. — Аднак тое, што апошнім часам гэты галоўны інтэгратар ператварыўся ледзь не ў галоўнага змагара за нацыяльную ідэю, сыгналізавала пра надзвычай складаную сытуацыю, у якой апынуўся менскі кіраўнік.

Характэрна, што ў Сочы Лукашэнка зноў вярнуўся да звыклай рыторыкі. Маўляў, ён заўсёды выступаў і будзе выступаць за адзінства абодвух народаў, іншае ж разьвіцьцё стане для яго палітычнай сьмерцю. Беларускі лідэр нават паспрабаваў знайсьці адказных за крызыс у дачыненьнях. Канечне, гэта быў ня Пуцін, а людзі, блізкія да ягонага атачэньня.

Як ставяцца да такіх хістаньняў Лукашэнкі непасрэдна ў Беларусі? Як піша “Frankfurter Allgemeine”, цяперашняе расчараваньне Лукашэнкам тут як ніколі вялікае. Беларусы не выходзяць са сваімі пратэстамі на вуліцы, аднак яны жадаюць іншага прэзыдэнта. Паступова любімым палітыкам у гэтай краіне робіцца Пуцін.

Нават прадстаўнікі беларускай апазыцыі ў размове зь нямецкім журналістам у якасьці плюсаў расейскага кіраўніка называюць наступную акалічнасьць: Пуцін ня мае плянаў наконт трэцяга прэзыдэнцкага тэрыміну. У часе свайго апошняга візыту ў Вялікабрытанію, крамлёўскі лідэр заявіў, што выключае для сябе падобны сцэнар, бо ён супярэчыць канстытуцыі. У Менску спадзяюцца, што гэтыя словы былі адрасаваныя і беларускаму дыктатару, — піша “Frankfurter Allgemeine”.
XS
SM
MD
LG