Учорашнія перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна скончыліся канчатковым сьцьверджаньнем рынкавых адносінаў у двухбаковых дычыненьнях, найперш ў газавай сфэры. Уладзімер Пуцін прызнаў, што Беларусь прынамсі ня будзе пастаўленая ва ўмовы горшыя, чым Украіна і Грузія. Украіна купляе расейскі газ за 50 даляраў, прычым 90% атрымлівае як плату за транзыт.
Незалежныя эканамісты прызнаюць, што Беларусь ня можа разьлічваць, што абяцанае А.Лукашэнкам падвышэньне кошту транзыту расейскага газу зь цяперашніх 40 цэнтаў за 1 тысячу кубамэтраў газу на 100 кілямэтраў да ўзроўню 1 даляр і 9 цэнтаў (столькі бярэ за транзыт Украіна), кампэнсуе Беларусі падвышэньне кошту газу. Беларусі дадаткова патрэбныя будуць сотні мільёнаў даляраў для аплаты газавых паставак — значна больш, чым падлічыў А.Лукашэнка, акрэсьліўшы лічбу стратаў на 120 мільёнаў даляраў, — упэўнены прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Патупа.
(Патупа: ) “Праблема ня ў гэтай суме — галоўнае, што будзе ланцуговая рэакцыя па ўсёй прамысловасьці, гандлі, фінансавых адносінах. Цяпер мы маем каля 40% нерэнтабэльных прадпрыемстваў. Ну, а будзе 70% — гэта відавочна”.
Аляксандар Патупа кажа, што будуць нэгатыўныя наступствы і ў сацыяльнай сфэры, найперш зьвязаныя з затрымкаю выплаты зарплатаў і пэнсіяў. Пачнецца ланцуговая рэакцыя, у выніку якой будзе перабудаваная ўся эканоміка краіны, упэўнены Аляксандар Патупа.
Разам з тым спадар Патупа прызнаў, што ўчорашнія перамовы сталіся кропкаю ў сяброўскіх адносінах Расеі й Беларусі, якія далей будуць толькі пагаршацца. Ня будзе ніякага прагрэсу і ў дачыненьні да ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі, бо няма адэкватнай мадэлі і няма жаданьня:
(Патупа: ) “Сёньня ўвядзеньне расейскага рубля — гэта шлях да пераўтварэньня Беларусі ў восьмую фэдэральную акругу Расейскай імпэрыі. І толькі. Так станецца праз 10–30 тыдняў пасьля ўвядзеньня рубля. Гэта відавочна і для мяне, і для беларускага кіраўніцтва, і для спадара Лукашэнкі таксама”,
Вынікі ўчорашніх перамоваў сьведчаць пра канец палітычнай кар’еры А.Лукашэнкі, рэсурс якой вычарпаны, упэўнены незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук. “Лукашэнка ня здольны гуляць на адным палітычным полі з Пуціным, той лёгка загнаў А.Лукашэну ў пастку”, — кажа лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Прадстаўнікоў апазыцыі перш за ўсё непакоіць відавочны ціск Расеі на Беларусь з мэтай інкарпарацыі. Гаворыць адзін зь лідэраў КХП БНФ Юрась Беленькі:
(Беленькі: ) “Пройдзены яшчэ адзін этап у гэтых дзеяньнях, у гэтай гульні. Заяўленае тое, што грамадзтва можа псыхалягічна не магло прыняць. Ніякіх льготаў так званым саюзьнікам ня будзе. Рынкавыя цэны. А транзыт будзе таксама расейскі. Лукашэнка ёсьць выканаўцам расейскай палітыкі на Беларусі. Ён функцынэр, ня больш за тое”.
Афіцыйная рэакцыя на ўчорашнія падзеі стрыманая, Аляксандар Лукашэнка ў Менску пакуль з камэнтарамі расейска-беларускіх дачыненьняў не выступаў. Гаворыць прэсавы сакратар А.Лукашэнкі Натальля Пяткевіч:
(Пяткевіч: ) “Сустрэча паказала, што абодва бакі канструктыўна наладжаныя ў адносінах далейшага разьвіцьця беларуска-расейскіх адносінаў. І нягледзячы на розныя інсынуацыі ў СМІ, прэзыдэнты далі ўрок, як трэба на вышэйшым узроўні, маю на ўвазе ня толькі па ўзроўні прэзыдэнтаў, але і па клясе, скажам так, весьці перамовы, вырашаць праблемныя пытаньні і дасягаць кампрамісаў”.
Ва ўрадзе тым часам рыхтуюць дэлегацыю на перамовы з “Газпромам” пра кошт газу на 2004 год. Перамовы гэтыя пачнуцца ў кастрычніку.