Тры магілы, пра якія ідзе гаворка, засталіся ад старых габрэйскіх могілак, што ў сярэдзіне 1950-х гадоў, падчас пабудовы мосту празь Дзьвіну, перанесьлі ў іншае месца. Год таму дзялянка, дзе месьцяцца магілы, была перададзеная мясцоваму прадпрымальніку Дзьмітрыю Акуленку, які вырашыў пабудаваць там офісны цэнтар. Дзьмітры, які называе сябе істапраўным хрысьціянінам, перанёс, з захаваньнем усіх патрэбных фармальнасьцяў, пахаваньні на некалькі мэтраў убок, пад шаты высозных дрэваў, усталяваў на іх помнікі і зрабіў адмысловыя агароджы.
Гэта, бадай, першы падобны выпадак у гісторыі гораду, калі чалавек уласным коштам парупіўся пра захаванасьць чужых магілаў. Дагэтуль іх бязьлітасна нішчылі, і ня толькі габрэйскія, але й хрысьціянскія. Так, па вайне ў Полацку былі спляжаныя бульдозэрам самыя вялікія габрэйскія клады — на іхным месцы быў збудаваны стадыён “Лякаматыў”. Ну а ў сярэдзіне 1990-х былі зьнішчаныя старыя праваслаўныя Міхайлаўскія могілкі. Тады таксама будавалі мост празь Дзьвіну і надмагільныя камяні доўгі час ляжалі на ўзьмежку дарогі.
З трох магілаў, што месьцяцца на згаданай дзялянцы, дзьве безыменныя, а на трэцяй меўся напаўсьцерты надпіс: “Вечная памяць дарагім бацькам і брату, што трагічна загінулі ў 1941 годзе”. Пахаваныя там былыя палачане Трыфікі. Мяркуючы з эпітафіі, гэта пахаваньне ахвяраў фашыстоўскага генацыду.
Гаворыць Дзьмітры Акуленка:
(Акуленка: ) “Мяне проста хвалюе стаўленьне да старых могілак — і ня толькі да габрэйскіх. Відаць, гэтак жа будуць ставіцца да нашай памяці і наступныя пакаленьні. Таму, калі я атрымаў зямлю ад гарвыканкаму і ўбачыў на дзялянцы некалькі магілаў, што засталіся ад былых габрэйскіх кладаў, я адразу ж вырашыў іх упарадкаваць. Дзеля гэтага зьвязаўся з габрэйскім цэнтрам, які працуе ў Полацку, удакладніў — хто тут пахаваны. Усталяваў новыя помнікі, новыя агароджы. І буду надалей іх даглядаць”.