Падчас шасьцігадзінных перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна былі перапынкі, калі расейскі лідар сустракаўся з мэрам Масквы Юр’ем Лужковым, губэрнатарам Краснадарскага краю Аляксандрам Ткачовым ды іншымі, абмеркаваў падрыхтоўку да ялцінскага саміту з Назарбаевым, патэлефанваваў міністру фінансаў Расеі Кудрыну.
Пасьля шматгадзінных перамоваў Лукашэнка выглядаў вельмі стомленым, быў ён пачырванелым і з апухлымі вачыма. Толькі позна ўвечары прэзыдэнты далі прэсавую канфэрэнцыю, на якой падвялі вынікі перамоваў.
Выслухаўшы аргумэнты ў газавым канфлікце, наконт ільготоў і прэфэрэнцыяў, якія мелі “Газпром” і беларускія прадпрыемствы, кіраўнікі Беларусі і Расеі зразумелі, што цяпер вельмі складана разабрацца, хто каму ў выніку павінен, бо гаспадачыя суб’екты – “Газпром” і “Белтрансгаз” дагэтуль спрачаюцца, і прыйшлі да высновы.
(Пуцін: ) “Мы прыйшлі да высновы, што патрэбна пераходзіць на рынкавыя адносіны ў гэтай сфэры, не спыняючы перамоўнага працэсу аб стварэньні сумеснага прадпрыества аб адзінай трубаправоднай сыстэме”.
Лукашэнка на гэта зазанчыў, што калі цана на газ вырасьце, то Беларусь узніме тарыфы на транзыт расейскага газу. Пуцін пагадзіўся. Зь ягоных адказаў вынікала, што ён працягвае націскаць на Лукашэнку ў тым, каб той пагадзіўся перавесьці Беларусь на расейскі рубель з 1 студзеня 2005 года.
Лукашэнка з гэтым пагадзіўся, але ягоная пазыцыя ў тым, што дамова пра адзіную валюту патрабуе больш дэталёвага абмеркаваньня ўрадамі і Вышэйшай дзяржаўнай радай саюзнай дзяржавы. Пры гэтым Пуцін запэўніў, што ніякія асабалівыя гарантыі сувэрэнітэту Беларусі тут не патрэбныя, маўляў, гэта не кранае сувэрэнітэту, і параўнаў Беларусь зь Люксембургам, які карыстаўся бэльгійскай валютай.
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зьбліжэньне Беларусі і Расеі ідзе няпроста, але публічна пацьвердзіў, што ён не выступае і ня будзе выступаць супраць адзінства Беларусі і Расеі, маўляў, для яго гэта “палітычная смерць”.
(Лукашэнка: ) “Іншая спарва, што мы павінны зараз прадумваць кожны крок. Гэта мы будзем рабіць, і нам ніхто не забараняе гэтага рабіць.”
Ён пагадзіўся таксама, што будзе працягвацца праца і вакол Канстытуцыйнага акту Саюза Беларусі і Расеі.