Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ МАЗЫРУ ВЫСТУПАЮЦЬ СУПРАЦЬ БУДОЎЛІ ГАЗАПРАВОДУ ПРАЗ ГАБРЭЙСКІЯ МОГІЛКІ


Казімер Яноўскі, Мазыр

Нягледзячы на пратэсты грамадзкіх арганізацыяў, у Мазыры працягваецца пракладка газаправоду праз пахаваньні ахвяраў нацызму і былыя габрэйскія могілкі. Учора грамадзкія арганізацыі гораду даслалі факс у адміністрацыю расейскага прэзыдэнта Пуціна. Падрабязнасьці падае наш гомельскі карэспандэнт Яноўскі.

Блізу гарадзкой школы №4, што на вуліцы Рыжкова, будаўнікі газаправоду, пракладваючы траншэю, натыкнуліся на мноства чалавечых парэшткаў і спарахнелых трунаў. Для многіх жыхароў гораду гэта не было нечаканасьцю. Да 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя тут былі габрэйскія могілкі. На ўскрайку гэтых могілак у першыя гады акупацыі нацысты растралялі каля тысячы ўдзельнікаў супраціву і мірных жыхароў. На тое ёсьць адпаведны акт, складзены яшчэ ў 1944 годзе, у хуткім часе пасьля вызваленьня Мазыра.

Ведаючы гэтыя факты, гарадзкія ўлады тым ня менш дазволілі пракладваць дзве ніткі газаправоду паўз былыя могілкі, якія будуць ужывацца для транспартыроўкі расейскага прыроднага газу. Будаўнікі прыйшлі сюды раней за пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі, які вядзе ў горадзе раскопкі месцаў масавых растрэлаў.

Прэзыдэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман зьвяртаўся у гарвыканкам, адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, іншыя ўладныя структуры з патрабаваннем перанесьці пракладку газаправоду на другі бок вуліцы Рыжкова, каб не чапаць парэшткі ахвяраў нацызму і габрэйскія пахаваньні. Аднак улады праігнаравалі гэтае патрабаваньне.

Учора Якаў Гутман разам з прадстаўнікамі мясцовых суполак АГП, праваабарончага цэнтру “Вясна”, БНФ “Адраджэньне” накіравалі адмысловыя звароты прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну і старшыні праўленьня “Газпраму” Аляксею Мілеру.

Звароты прымеркаваныя да сёньняшняй сустрэчы прэзыдэнта Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. У іх гаворыцца, што ў Беларусі стала практыкай разбурэньне сынагогаў і габрэйскіх могілак. Беларускія ўлады парушаюць уласныя законы і міжнародныя абавязацельствы датычна ўшанавання ахвяраў нацызму: “Падтрымка Расейскай Фэдэрацыяй існуючага рэжыму ў Беларусі ставіць пад сумнеў шчырасьць Вашай дзяржавы ў імкненьні да зьвязу з цывілізаванымі краінамі сьвету”, – сказана ў звароце кіраўнікоў грамадзкіх арганізацыяў Мазыра на імя прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG