У Берасьцi абвешчаны прысуд у справе сьледчага мясцовага дэпартамэнту фiнансавых расьсьледаваньняў. Ён прызнаны вiнаватым у фактычным развале крымiнальнай справы i незаконным вызваленьнi асобы, якая зьдзейсьнiла злачынства.
Крымiнальная справа на сьледчага Сяргея Казюту была распачатая пасьля таго, як супрацоўнiкам КГБ сталi вядомыя некаторыя адметнасьцi ягонай прафэсiйнай дзейнасьцi. Так, сьледчы Казюта дасьледаваў справу, якая тычылася незаконнай прадпрымальнiцкай дзейнасьцi аднаго з жыхароў Берасьця. Гэтага грамадзянiна абвiнавачвалi ў тым, што ён займаўся купляй i продажам аўтамабiляў, ня маючы адпаведнай лiцэнзii. Паводле вынiкаў папярэдняга сьледзтва, згаданы жыхар Берасьця за два гады пасьпеў прадаць 15 iншамарак i атрымаў прыбытак амаль 8 мiльёнаў рублёў.
Аднак некаторыя пратаколы допытаў раптоўна зьнiклi, што стала прычынай для закрыцьця гэтай крымiнальнай справы (самога берасьцейца вызвалiлi з-пад варты). Копii зьнiклых дакумэнтаў пазьней трапiлi да прадстаўнiкоў спэцслужбаў. На гэтай падставе Сяргея Казюту абвiнавацiлi ў фальшаваньнi матэрыялаў справы.
Суд Ленiнскага раёну Берасьця вызначыў мiнiмальнае пакараньне — спадар Казюта пазбавiўся права працаваць у сьледчых органах цягам пяцi гадоў, але застаўся на волi.