Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЛЯМЭНЦКАЯ АСАМБЛЕЯ РАДЫ ЭЎРОПЫ СПРАБУЕ ПАЎПЛЫВАЦЬ НА БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ

Уладзімер Глод, Менск

Менавіта гэтыя тэмы сталі галоўнымі падчас міжнароднага сэмінару “Аб функцыянаваньні і досьведзе ўдасканаленьня дэмакратычных інстытутаў сучаснай дзяржавы”, які адбыўся 15 верасьня ў Менску ў рамках афіцыйнага візыту сюды дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Кожны выступоўца зь беларускага боку, а гэта былі пераважна сябры Нацыянальнага сходу, прытрымліваўся на трыбуне адной і той жа схемы: спачатку — агульная характарыстыка пытаньня, потым — сытуацыя зь ім у Беларусі, і напрыканцы — просьба вярнуць Беларусі замарожаны яшчэ 13 студзеня 1997 году статус “адмыслова запрошанага” ў Парлямэнцкай асамблеі. У перапынку даведаўся, што гэта зусім невыпадкова.

Кіраўніцтва Нацыянальнага сходу падрыхтавала адмысловую памятку для выступоўцаў, дзе ім прапаноўвалася прытрымлівацца менавіта такой схемы. Больш за тое, усе выступоўцы, нібыта дзеля таго, каб зручней было перакладчыкам, мусілі здаць свае прамовы датэрмінова.

Адметна і тое, што амаль усе беларускія дэпутаты казалі, што Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ня ўлічвае ў сваіх патрабаваньнях мэнталітэту насельніцтва Беларусі. Маўляў, беларусы настолькі своеасаблівыя людзі, што ім пакуль яшчэ не зразумець эўрапейскага ўзроўню, а таму і атрымліваецца ў міжнародных арганізацыяў ужываньне падвойных стандартаў.

З гэтым рашуча не пагадзіўся дэпутат Парлямэнцкай асамблеі ад Польшчы, сябра фракцыі Эўрапейскай народнай партыі Богдан Кліх:

(Кліх: ) “Рада Эўропы і нашая дэлегацыя ня хочуць і не спрабуюць ужываць падвойныя стандарты. Беручы пад увагу сытуацыю ў Беларусі, мы карыстаемся тымі ж самымі стандартамі, што і ў іншых краінах гэтага рэгіёну, і ў маёй краіне, напрыклад, у прыватнасьці. І мы спрабуем параўнаць беларускую практыку з усеагульнымі стандартамі ў рамках кіраваньня нашымі інстытутамі”.

І толькі сябра дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў нагадаў, што нэгатыўныя ўражаньні ад правядзеньня выбарчых кампаніяў, згодна з новым Выбарчым кодэксам, засталіся і ў міжнародных, і ў беларускіх назіральнікаў. Ён агучыў і свае ўласныя назіраньні, і фрагмэнт звароту ў Канстытуцыйны суд 180 беларускіх назіральнікаў, якія працавалі на мясцовых выбарах увесну. Генэрал Фралоў паведаміў, што група “Рэспубліка” падрыхтавала законапраект аб зьмене Выбарчага кодэксу. Дэпутаты прапануюць адмяніць датэрміновае галасаваньне, заканадаўча замацаваць удзел у выбарчых камісіях ня менш за траціну сябраў палітычных партыяў і гэтак далей.
XS
SM
MD
LG