У цырымоніі перадачы гранту на 28 тысяч даляраў бралі ўдзел амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол і ягоная намесьніца Кэрын Стуарт, а таксама каардынатар праекту рэстаўрацыі Леанід Несьцярчук і начальнік упраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Рыгор Бысюк. Берасьцейскі аблвыканкам таксама сёлета выдаткаваў 35 мільёнаў рублёў на рэстаўрацыю радавой сядзібы кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1794 году і ў наступным годзе плянуе выдзяліць яшчэ 80 мільёнаў рублёў.
Статуя Тадэвуша Касьцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, ЗША і Польшчы, усталяваная ў Лафает-парку ў Вашынгтоне насупраць Белага дому. У гонар Касьцюшкі пад Кракавам насыпаны курган, яго імем названая самая высокая гара ў Аўстраліі, выспы на Алясцы, горад у штаце Місысыпі, адная з акругаў у Індыяне. Касьцюшка прызнаны ганаровым грамадзянінам Францыі, у Швайцарыі дзейнічае ягоны музэй.
На гэтым тле ўшанаваньне Касьцюшкі ў Беларусі выглядае значна больш сьціплым. На яго радзіме ў фальварку Мерачоўшчына ля Косава ў 1999 годзе быў усталяваны камень з надпісам аб тым, што тут нарадзіўся вялікі сын беларускай зямлі Андрэй Тадэвуш Касьцюшка. А ў 2000 годзе таблічку нехта скраў, замест яе вырабілі часовую таблічку, якую прымацоўваюць да каменя, калі Косава наведваюць афіцыйныя дэлегацыі.
Каардынатар праекту рэстаўрацыі, спэцыяліст у справе аховы гістарычна-культурнай спадчыны Берасьцейшчыны Леанід Несьцярчук шмат гадоў дамагаецца належнага ўшанаваньня памяці Касьцюшкі ў Беларусі. Леанід Несьцярчук у 1994 годзе стварыў фонд імя Касьцюшкі, але ў 1999 годзе ўлады зачынілі яго. Цяпер Леанід Несьцярчук, які да таго ж зьяўляецца намесьнікам абласной арганізацыі Партыі БНФ, падаў дакумэнты на стварэньне аб’яднаньня імя Тадэвуша Касьцюшкі.
(Несьцярчук: ) “Падняць Касьцюшку зь небыцьця было вельмі складана. Тры “цялегі” на прэзыдэнта пайшло, што я тут ледзь не саюз Беларусі й Расеі разбураю Касьцюшкам. Цяпер ужо пайшоў працэс. Мы знайшлі рэшткі сядзібы Касьцюшкі, гэта вельмі важна. Зроблены праект, праведзеныя археалягічная працы. Сёлета закладзены падмурак. Закупім матэрыялы і ў наступным годзе адбудуем домік. Першы крок зрабіла Амэрыка, а цяпер Францыя павінна сказаць сваё слова, палякі... А як жа. Зрушылася велізарная справа”, — распавёў Радыё Свабода кіраўнік праекту рэстаўрацыі сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі Леанід Несьцярчук.
Як паведамляецца ў прэсавым рэлізе амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, рэстаўрацыя радавой сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі каля беларускага Косава і стварэньне там сталага музэю стане адпаведнай і заслужанай данінай павагі адной з найвялікшых гістарычных фігураў Беларусі.
Што да ягонай ролі ў амэрыканскай гісторыі, то Тадэвуш Касьцюшка браў удзел у вайне за незалежнасьць ЗША, быў блізкім сябрам трэцяга прэзыдэнта ЗША Томаса Джэфэрсана, яго лічаць бацькам амэрыканскіх інжынэрных войскаў і распрацоўнікам адмысловых фартыфікацыйных збудаваньняў вайсковай акадэміі ЗША ў Вэст-Пойнце ў штаце Нью-Ёрк.