Сяброўства ў БРСМ паступова набывае рысы абавязковасьці — гэтак жа, як і колісь членства ў ВЛКСМ. Днямі ў Воршы сябрамі БРСМ сталі амаль усе настаўнікі маладзейшыя за 30 гадоў. Яшчэ раней падобны прэцэдэнт меў месца ў Слуцку. Адмысловы штаб прыёму ў БРСМ створаны ў Баранавічах.
Зрэшты, мабілізуюць ня толькі настаўнікаў: добраахвотна-прымусова запісваюць і лекараў, і прадпрымальнікаў, і музыкаў. А паколькі некаторыя з наноў прынятых яшчэ не забыліся свайго камсамольскага мінулага, то, кажуць, істотна нічога не зьмянілася — больш складаным стаў толькі мэханізм унёскаў: адразу ўнёсак уступны, а пасьля хтосьці адлічвае суму ў адсотках ад заробку, а хтосьці нейкую базавую велічыню.
Як паказвае цяперашні досьвед, далучэньне да арганізацыі ідзе паводле прынцыпу “піраміды”: уступіў у БРСМ сам — прывядзі сябра. А ў тым, што ланцуговая рэакцыя непазьбежная, у ЦК арганізацыі не сумняюцца: тут распрацаваная цэлая сыстэма матэрыяльнага заахвочаньня.
(Супрацоўніца ЦК: ) “Момант зацікаўленасьці вялікі: для сяброў БРСМ існуюць істотныя зьніжкі. Тры ці чатыры начныя клюбы ў Менску, уключна з “Тунэлем”, даюць зьніжкі, некалькі фітнэс-цэнтраў, салярыі, вельмі шмат фотасалёнаў працуе паводле такой схемы. У некаторых турыстычных агенцыях зьніжка ва ўмоўных адзінках ідзе ўсталяваным памерам. Увогуле, ёсьць адмысловы сьпіс крамаў і прадпрыемстваў рэспублікі, якія даюць зьніжкі сябрам БРСМ ад 5 да 20%. А што тычна кар’еры, то, натуральна, будзе дапамога найбольш актыўным. На сходах іх будуць усюды вылучаць, людзі будуць атрымліваць досьвед у публічных зносінах. І калі яны трапяць на вочы больш “прасунутым” сябрам БРСМ, тыя змогуць ім дапамагчы. Бо аб сабе трэба ствараць уражаньне ў працэсе вылучэньня”.
У Эўропе Беларусь засталася апошняй краінай, дзе розныя грамадзкія інстытуты спрабуюць капіяваць савецкі досьвед. Для прыкладу, сябра экалягічнай арганізацыі “Экаправа” з Ільвову 24-гадовы Анатоль Павелка канстатуе: ва Ўкраіне ў пасьлясавецкай моладзі іншыя арыентыры, і для бальшыні маладых украінцаў чысьціня навакольля і ёсьць галоўнай ідэалёгіяй.
(Павелка: ) “Фармальна ў нас існуе Саюз ленінскага камсамолу, але гэта не дзяржаўная і ня ўрадавая структура: ён існуе збольшага пад камуністычнай партыяй. Таксама ёсьць падобная арганізацыя пад сацыялістычнай партыяй Украіны, але да дзяржавы яна гэтаксама ня мае ніякага дачыненьня. Таму маладзёвых арганізацыяў, якія кіраваліся б дзяржаўнымі органамі, тут няма”.
(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца ўплыў на моладзь з боку такіх ідэалягічных структураў?”
(Павелка: ) “Сказаць, што вялікі ўплыў мае камуністычны Саюз ленінскага камсамолу, немагчыма: у розных гарадох у іх па некалькі дзясяткаў, і толькі ва ўсходняй Украіне некалькі сотняў сябраў. Масавых ідэалягічных арганізацый ва Ўкраіне няма. Пераважна гэта рэгіянальныя арганізацыі”.
Працэс добраахвотна-прымусовага сяброўства ў БРСМ суправаджаецца пашырэньнем піянэрскіх шэрагаў. Цяпер колькасьць беларускіх піянэраў ужо перавысіла 300 тысяч. У той жа Воршы ад бацькоў школьнікаў патрабуюць пісьмовыя заявы на тое, што яны ня супраць, каб іхныя дзеці былі прынятыя ў піянэрскую дружыну імя Сямёнава. Каб не ўскладняць дзецям існаваньне ў школе, многія такія паперы (дарэчы, напісаныя дзіцячай рукой пад дыктоўку настаўнікаў) падпісваюць. Прынамсі, 11-гадовы сын маіх аршанскіх сяброў аказаўся адзіным, хто застаўся у клясе без чырвонага гальштука.