Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЬМІТРЫ БУГАЁЎ: “СКАЗ ПРЫ ЛЫСУЮ ГАРУ” — ТВОР КАЛЕКТЫЎНЫ”

Міхась Скобла, Менск

Трыццаць гадоў ніхто не хацеў быць аўтарам “Сказу пра Лысую гару”, ніхто не асьмельваўся прызнацца: “Вядзьмак-Лысагорскі — гэта я”. І раптам аўтарамі “Сказу…” абвесьцілі сябе адразу два паэты — Ніл Гілевіч і Мікола Аўрамчык. Запрашаючы іх абодвух да мікрафону, я спадзяваўся, што ўдасца палагодзіць канфлікт, які ўзьнік паміж імі. Але шаноўны Ніл Гілевіч прыняць удзел у перадачы адмовіўся, маўляў, да напісанага дадаць ня мае чаго. А ў студыю прыйшлі паэт Мікола Аўрамчык і літаратуразнаўца, прафэсар БДУ Дзьмітры Бугаёў.

(Міхась Скобла: ) “І першым я зьвяртаюся да Міколы Аўрамчыка. Мікола Якаўлевіч, апублікаваныя два прызнаньні пра тое, як быў напісаны “Сказ пра Лысую гару”, ваша — у часопісе “Дзеяслоў”, Гілевічава — у “Народнай волі”. У вас дамінуе займеньнік “мы”: мы пісалі, мы зьбіраліся, мы вырашылі. У Гілевіча займеньнік іншы — “я”. Дык хто ж сапраўдны аўтар паэмы?”

(Мікола Аўрамчык: ) “Удвух мы пісалі яе — ад пачатку да канца. Акрамя дзьвюх частак, якія Ніл прынёс перад тым, як селі пісаць. Адна частка — радкоў 24, і другая — 12 радкоў, там дзе страфа: “Калі арлы ляцелі ў космас, ім крылы зорамі пякло, а кажаны з руціны коснай цягалі скарб сабе ў дупло”.

(Скобла: ) “А ўсе астатнія напісаныя разам?”

(Аўрамчык: ) “Разам, рыфмуючы супольна кожную страфу. Дарэчы, мы разам з Гілевічам напісалі й верш, прысьвечаны гісторыку Міколу Ўлашчыку”.

(Скобла: ) “Гілевіч цьвердзіць, што сур’ёзныя рэчы гуртам ня пішуцца. І асабіста я схільны гэтаму верыць. Ці не маглі б вы апісаць сам творчы працэс?”

(Аўрамчык: ) “Падчас гэтага самага творчага працэсу мы проста поўзалі ад сьмеху абодва. Пачалі мы пісаць пра Саюз пісьменьнікаў. Паступова, калі на Лысай гары нехта будаваў ці прыбіральню, ці будку, ці гараж, тады я расказваў гэта, і мы зноў жа ўдвух сядзелі й рыфмавалі”.

(Скобла: ) “А як разумець словы Гілевіча: “Я пісаў у начной цішыні ў сваёй кватэры”?”

(Аўрамчык: ) “Гэта несусьветная выдумка. Пісалі мы разы тры ў мяне на кватэры, калі нікога дома не было, у Гілевіча на кватэры таксама разы тры, аднойчы на фізмаце і філфаку БДУ насупраць Дому ўраду і апошні раз — у яго кабінэце ў Вярхоўным Савеце, вокны выходзілі на Чырвоны касьцёл. Як пісалі? Нехта падказвае слова, сказ ці рыфму, другі дадае, і так напісана ўся паэма”.

(Скобла: ) “Радок — Гілевіч, радок — Аўрамчык?”

(Аўрамчык: ) “Так, па радку, а часам і па паўрадка. І так пісалася кожная страфа”.

(Скобла: ) “Тут я хацеў бы, каб да нашай гутаркі далучыўся Дзьмітры Бугаёў. Каму вы, Дзьмітры Якаўлевіч, схільныя аддаць аўтарства?”

(Бугаёў: ) “Я ў розны час думаў па-рознаму. Быў такі пэрыяд, калі я лічыў, што “Сказ…” напісаў Мікола Аўрамчык. Чаму? Мікола Якаўлевіч па сакрэце паведаміў мне, што паэму ад пачатку да канца напісаў ён. Ну, я ведаў Аўрамчыка як чалавека вельмі паважанага і праўдзівага, які любіць дакладныя факты. І я яму паверыў.

Але калі я пачытаў прызнаньне Гілевіча ў “Народнай волі” й асабліва калі пагартаў яго кнігу “Любоў прасьветлая: роздумы ў вершах аб роднай мове”, уважліва прыгледзеўся да сёньняшняга Гілевіча, да яго патаснасьці, перачытаў яго сатырычныя творы, то схіліўся да думкі супрацьлеглай: канчатковы тэкст “Сказу пра Лысую гару” належыць менавіта Гілевічу.

Але зьвярніце ўвагу: Гілевіч не адмаўляе ўдзелу Аўрамчыка. Наадварот, падкрэсьлівае, што ўсю фактуру даваў Мікола Якаўлевіч. Такім чынам, заслуга Аўрамчыка ў напісаньні паэмы ёсьць. Безь яго матэрыялу паэмы не было б. Гавару гэта як дыплямаваны прафэсар літаратуры. Мне здаецца, што спрэчкі ім весьці ня варта, а трэба сказаць: а ўсё ж мы разам нарадзілі гэтую рэч.

“Сказ пра Лысую гару” можна лічыць калектыўным творам. Бо форма суаўтарства бывае розная. У тым ліку й такая, як у нашым выпадку. Але канчатковы тэкст, без сумненьня, Гілевічаў”.

(Скобла: ) “Вы трошкі самі сабе супярэчыце. Наступнае пытаньне Міколу Аўрамчыку. У інтэрвію карэспандэнту нашага радыё вы заявілі, што будзеце абараняць сваё аўтарскае права ў судзе. Якія аргумэнты вы рыхтуеце на выпадак судовага разьбіральніцтва?”

(Аўрамчык: ) “Я ў юрыдычных справах нічога не разумею. А аргумэнты якія… Гілевічава паэма пра Валеру Пячэньнікава падпісаная псэўданімам Вядзьмак Лысагорскі-меншы. А хто — большы, і дзе ён? А вазьміце дзёньнік Максіма Танка, там жа запісана, што “Сказ…” напісаў М.А.”.

(Бугаёў: ) “Вы ўвялі Танка ў зман, сказалі, што вы — аўтар, а ён і паверыў”.

(Аўрамчык: ) “Паэма, падкінутая мною ў “Вожык”, надрукаваная на маёй машынцы. Лісты ў “ЛіМ”, у Прэзыдыюм Саюзу пісьменьнікаў, у Камітэт па ахове аўтарскіх правоў, многім пісьменьнікам асабіста таксама надрукаваныя мною ў Ялце (я там доўгі час жыў) і адпраўленыя адтуль. Другія асобнікі ўсіх гэтых лістоў знаходзяцца ў мяне”.

(Скобла: ) “У судзе запатрабуюць рэчавыя доказы, прыкладам, чарнавікі. Яны ў вас ёсьць?”

(Аўрамчык: ) “Рукапісу ў мяне няма. У мяне толькі самыя першыя машынапісныя копіі. Цяпер я хацеў бы запярэчыць Дзьмітрыю Бугаёву. Мы на ўсё глядзім зь сёньняшняй званіцы. А паэма пісалася калі й кім? Саракагадовым супрацоўнікам катэдры беларускай літаратуры Гілевічам і пяцідзесяцігадовым рэдактарам аддзелу паэзіі часопісу “Маладосць”, якому Гілевіч прыносіў свае вершы. Чаго я хадзіў бы за Гілевічам і перадрукоўваў яго твор? Для чаго? Гэта ж тады была падсудная справа!”

(Бугаёў: ) “У мяне пытаньне Аўрамчыку, самае галоўнае для мяне. Даражэнькі Мікола Якаўлевіч, чаму вы мне й ня толькі мне расказвалі па сакрэце, што вы адзін напісалі “Сказ пра Лысую гару”? Навошта вы наводзілі “цень на пляцень”?”

(Аўрамчык: ) “А я зараз патлумачу, навошта. Гады праз тры па напісаньні паэмы Ніл Гілевіч выкупіў у мяне машынку, якую мы набывалі разам за 120 рублёў. Прайшло яшчэ гадоў пяць-сем, і я адчуў, што Ніл чакае, пакуль я памру…”

(Скобла: ) “А чаму вы так вырашылі?”

(Аўрамчык: ) “Таму, што ён адмовіўся са мной раскрывацца. Я яму прапаноўваў — давай выйдзем у Саюзе пісьменьнікаў і пасьмяшым народ. Не. І мне стала ясна, чаго ён чакае”.

(Скобла: ) “Ніл Гілевіч мае намер улучыць “Сказ пра Лысую гару” ў свой збор твораў. Ці не зьбіраецеся вы зрабіць тое самае?”

(Аўрамчык: ) “А чаму й не? Я маю такое самае права”.

(Бугаёў: ) “Ну гэта, канечне, будзе факт вясёлы”.

(Скобла: ) “Памятаю, у 1995 годзе часопіс “Крыніца” надрукаваў адразу 25 артыкулаў, прысьвечаных “Сказу пра Лысую гару”. “Бляск сатырычнага слова”, “Маленькі шэдэўр”, “Глыток праўды” — загалоўкі адтуль. Паэма амаль усімі дасьледчыкамі была ацэненая вельмі высока, сёй-той залічыў яе да дысыдэнцкай літаратуры. А ваша меркаваньне на гэты конт?”

(Бугаёў: ) “Сказ пра Лысую гару — бліскучы ў мастацкіх адносінах твор, у свой час яна прагучала як адкрыцьцё. Паэма нарабіла столькі шуму, такую цікавасьць выклікала, як да гэтага ніводзін твор у беларускай літаратуры. Чаму? Таму, што ў ёй гаварылася пра вельмі важныя, кардынальныя праблемы нашага тагачаснага жыцьця. Стагнацыя была, усё заціскалася, і тут раптам зьявіўся твор, дзе было сказана пра многія праблемы, прычым сказана адкрытым тэкстам, выдатна, афарыстычна”.

(Скобла: ) “Я ведаю, што Мікола Аўрамчык невысокай думкі пра мастацкія якасьці паэмы. Увогуле дзіўна й падазрона, калі аўтар ганіць уласны твор. Часьцей бывае акурат наадварот…”

(Аўрамчык: ) “І тады, і цяпер я не лічу паэму выдатным творам. Бярэ яна перш за ўсё сьмехам. Калі б там не было разьдзелу, які пачынаецца “Быў час, быў век, была эпоха”, то “Сказ…” выглядаў бы як чыстай вады раёшнік. Дарэчы, такой самай думкі прытрымліваўся й мой літаратурны настаўнік Аркадзь Куляшоў, і мне было сорамна перад ім”.

(Бугаёў: ) “Я ня згодзен. Тагачаснае беларускае кіраўніцтва, Машэраў найперш, зрабіла выгляд, што нічога страшнага ў паэме няма, і пастаралася прыглушыць справу. А “Сказ…”, безумоўна, быў апазыцыйны ўсім духам сваім. Яго сапраўды можна лічыць творам дысыдэнцкім. Больш за тое, я перакананы, што “Сказ пра Лысую гару” ратаваў гонар усёй тагачаснай беларускай літаратуры!”

(Скобла: ) “І апошняе пытаньне. Праблема аўтарства паэмы набыла вялікі розгалас. Спрэчка двух паэтаў часам пераходзіць этычныя межы, што не на карысьць ім абодвум. Як палагодзіць сытуацыю?”

(Бугаёў: ) “А дзе Гілевіч перайшоў этычныя межы? Ён вельмі тактоўна прызнае заслугі Аўрамчыка”.

(Скобла: ) “А вы, Мікола Якаўлевіч, пры якіх умовах гатовыя пайсьці на замірэньне й паціснуць руку Нілу Гілевічу?”

(Аўрамчык: ) “Пасьля яго публікацыі ў “Народнай волі” — ні пры якіх умовах рукі я яму не падам! Што вы, сьмеяцеся? Мяне проста ліхаманка калоціць, як пра гэта падумаю. Як так можна — пісалі разам, сядзелі над кожнай страфой, а публікаваць пад адным прозьвішчам?! Поўху толькі магу даць, калі дзе-небудзь сустрэнемся!”

(Скобла: ) “На жаль, на гэтай ваяўнічай ноце мы вымушаныя закончыць нашую гутарку. Трыццацігадовыя пошукі Ведзьмака-Лысагорскага стваралі праблему літаратурную. Адначасовае зьяўленьне двух Ведзьмакоў стварае цэлы шэраг праблемаў, вырашыць якія наўрад ці дапаможа суд. Але відавочна адно — у гісторыі беларускай літаратуры ужо застаўся “Сказ пра Лысую гару” — сьмешны помнік празьмерна суровай эпосе”.
XS
SM
MD
LG