На Магілёўскім лётнішчы сьпікер дзярждумы Расеі і старшыня саюзнага парляманцкага сходу Генадзь Селязнёў адразу коратка выказаўся наконт скандалу з коштамі на газ для Беларусі.
“Калісьці такія рашэньні павінны прымацца”, – так пачаў гутарку старшыня расейскай Дзярждумы. Аднак, паводле Селязнёва, з гэтым рашэньнем пасьпяшаліся. Ён вінаваціць у сытуацыі і настроеных супраць саюзу журналістаў, якія, паводле меркаваньня Селязнёва, імкнуліся падаць смажаныя факты напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі, каб раззлаваць іх.
На сустрэчы з калектывам магілёўскага заводу “Трансмаш” Генадзь Селязнёў сказаў, што цяпер самае галоўнае – стварыць сумесную кампанію на базе “Белтрансгазу”.
(Селязнёў: ) “Сёньня, на жаль, перамовы зайшлі ў тупік, аднак, я мяркую, што хопіць мудрасьці прадстаўнікам нашай выканаўчай улады, нашым газавым кампаніям, каб усё ж такі з тупіка выйсьці”.
Дэпутаты парляманцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі сабраліся ўпершыню за апошнія восем месяцаў. Сэсія ў Магілёве павінна была адбыцца напачатку чэрвеня, аднак была адкладзеная. У арганізацыйных праблемах парляманцкага сходу людзі ўбачылі прыкмету напружаньня ў зносінах дзяржаваў-саюзьніцаў.
Зараз жа, як высьветліла апытаньне на вуліцах Магілёва, яго жыхароў больш за ўсё хвалююць праблемы з газам і ў сувязі з гэтым рахункі за камунальныя паслугі.
(Спадар: ) “Цяжка будзе, канечне, сёлета, асабліва цяпер, перад зімой. Як будзе з ацяпленьнем ды іншым? Гэта усё адаб’ецца на народзе, на людзях?”
(Спадар: ) “Мне падаецца, што плёну не будзе. І газ, і ўвогуле стасункі, па-мойму, пагаршаюцца паміж Расеяй і Беларусьсю”.
Што чакаюць магілёўцы ад сэсіі саюзнага парляманцкага сходу?
(Спадар: ) “На фоне ўчорашніх рашэньняў, асабліва пра газ, дык гэта, мне падаецца, будуць толькі пустыя размовы. Больш моцны заўсёды дыктуе”.
(Спадар: ) “Гэта патрэбна для Лукашэнкі. Для таго, каб заставацца яму пры ўладзе. І ўсё!”
Людзі на магілёўскіх вуліцах скэптычна выказваюцца наконт таго, што можна даць народу аб’яднаньне Беларусі і Расеі.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што нічога нам гэта не дасьць. Невядома, якія будуць грошы, і як усё гэта будзе. Бо ў Расеі людзі жывуць у глыбінцы таксама, як і мы. Заробак куды: на ежу, на кватэру і ўсё?”
(Спадар: ) “Лічу, што ўсе гэтае аб’яднаньне беспэрспэктыўнае. Хацелася б, каб Беларусь заставалася Беларусьсю, а не нейкім прыдаткам Расеі. У нас павінна быць свая краіна”.
Між тым сёньня на афіцыйных мерапрыемствах у Магілёве дэманструецца падтрымка інтэграцыйным працэсам. На адным з заводаў расейскіх дэпутатаў сустракалі калёны людзей са сьцягамі і лёзунгамі кшталту «Беларусь і Расея – навекі разам». У сваю чаргу Генадзь Селязнёў паабяцаў Магілёву дапамогу ў атрыманьні званьня гораду-герою, для чаго будзе выпрацаваны адпаведны мэханізм ў межах саюзнай дзяржавы.