Часу для падырыхтоўкі было дастаткова. Сэсія парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі павінна была прайсьці ў Магілёве напачатку чэрвеня, аднак яна была адкладзеная. Прычыны не называліся, але людзі ў гэтым убачылі прыкмету напружаньня ў зносінах дзяржаваў-саюзьніцаў.
Між тым Магілёў рыхтавалі: горад чысьцілі, рамантавалі і фарбавалі амаль усё лета. Як заўсёды, апошнія хібы давялося ліквідаваць ліхаманкава, і трэба сказаць, што ў выніку Магілёў выглядае прыстойна, асаблівы тыя вуліцы, якія ўключаныя ў маршруты дэпутатаў парлямэнцкага сходу.
Саюзныя чыноўнікі і тэхнічны пэрсанал ужо ўчора пачалі прыяжджаць ў абласны цэнтар, у гатэль “Магілёў”, дзе вывясілі сьцягі і лёзунгі пра гасьціннасьць магілёўскай зямлі. Гэтаму папярэднічала напружаная праца міліцыянтаў і супрацоўнікаў ДАІ, якія грузілі на эвакуатары і вывазілі ад гатэлю прыпаркаваныя аўтатамбілі зь мясцовымі нумарамі. Усё гэта суправаджалася выцьцём аўтамабільных сыгналізацыяў.
Частка беларускіх дэпутатаў прыбыла ўчора разам з дэлегацыяй Парляманцкай асамблеі зьвязу Эўропы, якая наведала Магілёў з аднадзённым рабочым візытам. Прадстаўнікі ПАСЭ сустрэліся са старшынём аблвыканкаму, яны размаўлялі з Барысам Батурам пра свабоду слова ў Беларусі і сьмяротнае пакараньне, наведалі некаторыя прадпрыемствы ў абласным цэнтры і сацыяльныя ўстановы ў Шклове.
Расейцаў сёньня раніцай сустракаюць у Магілёўскім аэрапорце. Чакаецца, што дэлегацыю расейскіх дэпутатаў узнічаліць сьпікер дзяржаўнай думы і старшыня саюзнага парляманцкага сходу Генадзь Селязнёў.
Сёньня для дэпутатаў заплянаванае ўскладаньне кветак і вянкоў да савецкіх мемарыялаў, знаёмства з рознымі прадпрыемствамі, сельскімі гаспадаркамі і навучальнымі установамі. Сёньня павінны распачаць працу розныя камісіі парляманцкага сходу. Надалей у праграме заплянаваныя слуханьні пра канцэпцыю развіцьця саюзнай дзяржавы да 2005 году. Уласна сэсія адбудзецца заўтра і, згодна папярэдніх плянаў, дэпутаты разьлічваюць вырашыць дзесятак пытаньняў жыцьця саюзу Беларусі і Расеі ўсяго за 4 гадзіны. Галоўным з гэтых пытаньняў, паводле некаторай інфармацыі, будзе бюджэт саюзнай дзяржавы.