Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯСКОЎЦЫ НЯ МАЮЦЬ ПРАВА ВЫВОЗІЦЬ БУЛЬБУ ЗА МЕЖЫ СВАЙГО РАЁНУ

Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Лунiнецкiм райвыканкаме сваё рашэньне тлумачаць тым, што сёлета зьявiлася патрэба дакладна ведаць, колькi бульбы вырошчваецца ў раёне. Быццам бы гэта неабходна для заключэньня дамоваў з iншымi рэгiёнамi Беларусi, а таксама з Расеяй. А другая прычына палягае ў тым, што мясцовая вэртыкаль хоча ведаць, якi прыбытак прыносяць вяскоўцам гэтак званыя бульбяныя плянтацыi. Бо, сапраўды, шмат хто зь мясцовых жыхароў у апошнiя гады пачаў аддаваць перавагу менавiта бульбе. Яе продаж дазваляў зарабiць грошы, непараўнальныя з калгаснымi заробкамi. Таму зразумела, што рэакцыя вяскоўцаў – адмоўная. Больш за ўсё iх абурае тое, што нарыхтоўчыя арганiзацыi, выкарыстоўваюць сваё манапольнае становiшча i прапануюць вельмi нiзкую цану за бульбу – 150 рублёў за кiляграм.

Якiм чынам ўлады зьбiраюцца кантраляваць выкананьне ўласнага рашэньня? Будуць створаны нейкiя кардоны на мяжы Лунiнецкага раёну цi заплянаваныя iншыя захады?

Пакуль пра кардоны размова не iдзе. Мясцовая вэртыкаль проста выкарыстоўвае гэтак званы адмiністрацыйны рэсурс. Раённай iнспэкцыi ў справах аховы расьлiнаў забаронена выдаваць даведкi на вываз бульбы за межы раёну. Значна ўскладнiлiся ўмовы працы прыватных структураў, што раней займалiся закупам бульбы ў насельнiцтва. Цяпер такiм структурам дазволена займацца гэтым толькi з дазволу райспажыўсаюзу, дзеля чаго неабходна зрабiць унёсак у мясцовы бюджэт i назьбiраць шмат даведак. Але нават калi прадпрымальнiкi выканаюць усе ўмовы, iм абвесьцяць, што дазвол на нарыхтоўку бульбы дзейнiчае толькi цягам двух тыдняў. Таму колькасьць ахвотных легальным чынам купляць бульбу ў жыхароў Лунiнецкага раёну для яе далейшага вывазу iстотна зьменьшылася. Таму, адчуваючы, што сёлета сабраны ўраджай бульбы не прынясе прыбытку i менавiта з прычыны дзеяньняў мясцовай вэртыкалi, вяскоўцы пачалi пiсаць скаргi на адрас абласных i сталiчных уладаў.
XS
SM
MD
LG