Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ХОЧУЦЬ ЛІКВІДАВАЦЬ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТАР “ВЯСНА”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра тое, што праваабарончы цэнтар “Вясна” ўлады хочуць ліквідаваць, стала вядома 13 верасьня. У афіцыйным пазове ў Вярхоўны суд міністар юстыцыі Беларусі Галаванаў піша, што праваабарончы цэнтар парушыў шэраг законаў і дзяржаўных пастановаў.

Паводле спадара Галаванава, праваабаронцы не належным чынам правялі ўстаноўчы сход уласнай арганізацыі, не пацьвердзілі свайго агульнанацыянальнага статусу, а таксама не зарэгістравалі менскай арганізацыі ды няслушна зарэгістравалі арганізацыі ў Берасьці, Віцебску і Гомелі.

Апрача гэтага, актывісты “Вясны” ў 2001 годзе парушылі выбарчае заканадаўства, калі праводзілі назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі, а таксама ня раз парушалі розныя кодэксы, бо абаранялі ў судах проста грамадзянаў, а ня сяброў сваёй арганізацыі.

На гэтых падставах міністар юстыцыі Галаванаў просіць Вярхоўны суд ліквідаваць праваабарончы цэнтар “Вясна”. Суд ужо прыняў гэтую справу да разгляду. Вось як пракамэнтаваў гэтую сытуацыю старшыня рэвізійнай камісіі цэнтру “Вясна” Ўладзь Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Я думаю, што ўсё гэта трэба разглядаць у рамках агульнай кампаніі, якая цяпер праходзіць. Дзясяткі арганізацыяў ва ўсёй Беларусі ліквідуюцца. Мы нават зьдзіўленыя, што яны прынялі рашэньне толькі цяпер. Толькі некалькі дзён таму была ліквідаваная праваабарончая арганізацыя “Прававая дапамога насельніцтву”.

Безумоўна, мы падрыхтуем дакладны юрыдычны адказ на ўсе гэтыя абвінавачаньні. Мы лічым, што гэта палітычная акцыя перад парлямэнцкімі выбарамі, а магчыма, і рэфэрэндумам. Зьнішчаюць арганізацыю, якая займае адкрытую пазыцыю ў справе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. “Вясна” неаднаразова выступала з крытыкай беларускай улады за тыя найгрубейшыя парушэньні правоў чалавека, якія адбываюцца”.

Актывісты цэнтру “Вясна” называюць абвінавачаньні міністра юрыдычна неабгрунтаванымі і палітычна матываванымі. “Вясна” ўжо праходзіла шэраг перарэгістрацыяў у дзяржаўных органах, і ніякіх прэтэнзіяў да арганізацыі раней не было.

Дату разгляду справы аб ліквідацыі “Вясны” Вярхоўны суд прызначыць 23 верасьня. Праваабаронцы ня надта спадзяюцца, што выйграюць гэтую справу. Але, як сказаў Уладзь Лабковіч, нягледзячы на любое судовае рашэньне, праваабарончы цэнтар “Вясна” будзе дзейнічаць — нават у нелегальных умовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG