Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІЯ ПРАТЭСТАНТЫ НЕ ЖАДАЮЦЬ РЭГІСТРАВАЦЦА ПА-НОВАМУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Царква хрысьціянаў веры эвангельскай “Міласьць Хрыста” была зарэгістраваная ў Берасьці яшчэ ў кастрычніку 2000-га году. Але гэта, паводле словаў пастара Яўгена Сяргеені, не паўплывала на стаўленьне да царквы з боку дзяржаўных установаў. Пратэстанты пазбаўленыя магчымасьці арэндаваць памяшканьне для сваіх службаў. Адначасова ўлады адмаўляюць вернiкам у правядзеньні рэлігійных мерапрыемстваў на адкрытым паветры. Прадстаўнікі царквы “Міласьць Хрыста” ўважаюць падобныя дзеяньні зьнявагай іхных рэлігійных пачуццяў і кажуць, што царква ня будзе падаваць дакумэнты на новую рэгістрацыю. Пастар Яўген Сяргееня тлумачыць гэта тым, што закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” абараняе правы толькі адной рэлігійнай канфэсіі.

(Сяргееня: ) “Новая рэдакцыя закону дае прывялеі Рускай праваслаўнай царкве, якая зьяўляецца носьбітам ідэялёгіі іншай дзяржавы, чужога народу. Гэта ёсьць экспансіяй у духоўную сфэру жыцьця беларускага народу, пазбаўляе нашае грамадзтва рэлігійнага плюралізму. Дзяржава ў асобе цяперашняга ўраду прымае актыўны ўдзел у будаўніцтве новых праваслаўных цэркваў, прапагандуе дзейнасьць гэтай канфэсіі праз сродкі масавай інфармацыі. Гэта зьяўляецца парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб роўных правах усіх канфесій. Таму наша царква вырашыла не браць удзелу ў рэгістрацыі ў адпаведнасьці з новай рэдакцыяй”.

Спадар Сяргееня мяркуе, што гэтае рашэньне падтрымаюць іншыя пратэстанцкія суполкі, якія цягам апошніх гадох адчулі ціск мясцовых уладаў.

У Савеце ў справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў Берасьцейскай вобласьці сёньня паведамілі, што пакуль ня маюць зьвестак пра намер царквы “Міласьць Хрыста” адмовіцца ад новай рэгістрацыі. Разам з тым, супрацоўнікі гэтай установы заўважаюць, што працэс перарэгістрацыі, які павінен скончыцца ў лістападзе 2004 году, ідзе вельмі марудна: пакуль гэта зрабілі некалькі рэлігійных суполак з амаль сямі соцень, што зарэгістраваліся раней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG