“Паштовая скрынка 111”. 14 верасьня
У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Віталь Ханевіч зь Ліды, Алесь Цадко з Маладэчны, Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Андрэй Паско зь Берасьця, Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні й Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
— абмяркоўваюць, да якіх наступстваў могуць прывесьці супярэчнасьці паміж Масквой і Менскам у пытаньні адзінай валюты і адзіных коштаў на энэрганосьбіты;
— выказваюць меркаваньні пра тое, чаму ўлада дамагаецца зьнішчэньня Беларускага гуманітарнага ліцэю;
— распавядаюць пра жыцьцё беларусаў, якія пасьля распаду СССР апынуліся ў незалежных краінах Балтыі;
— дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
“Вольная студыя”. 14 верасьня
Праз трыццаць з гакам гадоў пасьля свайго зьяўленьня на сьвет вядомы “Сказ пра Лысую гару” нарэшце перастаў быць ананімным. Ня спраўдзіліся пагрозы таямнічага Францішка Ведзьмака-Лысагорскага: “А хто пісаў паэму гэту і дзе тварыў ён і калі — навечна канула у Лету, і нават бурбалкі пайшлі”. Нічога “ў Лету ня канула”. Сёньня ўжо вядома: і калі, і дзе, а вось: хто — па ранейшаму застаецца загадкай. Нягледзячы на тое, што Ведзьмаком-Лысагорскім публічна назвалі сябе адразу два паэты… Праблема аўтарства паэмы будзе тэмай аўтарскай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя”, у якой возьмуць удзел паэт Мікола Аўрамчык і літаратуразнаўца, прафэсар БДУ Дзьмітры Бугаёў.