Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКІ ТРЭБА ПРАЦАВАЦЬ БЕЛАРУСУ, КАБ ЗАРАБІЦЬ НА АДЗІН БІГ МАК?


Віталь Тарас, Прага

Часопіс Economist друкуе індэкс Біг Мак у выглядзе табліцы. Яна ўяўяле сабой як бы перагорнутую піраміду, у самым нізе якой – Злучаныя Штаты, а на самым версе Кенія, Пакістан і Індыя. Табліца пабудаваная на падставе зьвестак швайцарскага інвэстыцыйнага банку UBS – аднаго з найбуйнейшых у сьвеце.

Гэты банк ужо шмат гадоў займаецца дасьледваньнем пакупніцкай здольнасьці – гэта значыць, суадносінаў зарплаты і цэнаў – у розных сталіцах сьвету. Вынікі гэтых дасьледваньняў можна бачыць, дарэчы, на сайце www.ubs.com.

Сёлета паводле індэксу Біг Мак, самы лепш паказчык пасьля амэрыканскіх гарадоў, пра якія вы сказалі на пачатку, у швайцарскім Цурыху: 14 хвілінаў, а таксама ў швайцарскім жа Базэлі і ў сталіцы Аўстрыі Вене – 15 хвілінаў. Са сталіцаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы найлепшы паказчык у Празе – 42 хвіліны. У Братыславе індэкс роўны 54, а ў Бухарэсьце і Кіеве амаль аднолькавы паказчык – прыблізна гадзіна 20 хвілінаў.

Натуральна, хацелася б даведацца – а які ж індэкс у Менску?

На жаль, Менск у сьпісе сталіцаў, які прыводзіць UBS, адсутнічае. Справа ў тым, што дасьледваньні праводзяцца толькі ў тых краінах, якія самі выказваюць жаданьне ў іх удзельнічаць.

Аднак, можам паспрабаваць падлічыць хаця б прыблізна. Паводле зьвестак Міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД, сярэдняя намінальная зарплата ў Беларусі ў першай палове году складала 112 даляраў за месяц. Калі ўлічыць, што Біг Мак у менскай рэстарацыі McDonald’s каштуе 2740 рублёў (а гэта ў пераліку прыкладна 1 даляр 30 цэнтаў), дык значыць, сярэдненстатыстычны беларускі працаўнік, які працаваў 24 дні па восем гадзінаў, зарабляў гэты Бік Мак больш за 2 гадзіны. Гэта лепш, чым у жыхара Найробі, але горш, чым у калюмбійскай Багаце.

Чаму, ўсё-ткі, адмыслоўцы ўзялі за адзінку падліку Біг Мак?

Эканамісты лічаць гэты паказчык зручным, паколькі Біг Мак ёсьць стандартнай ежай, і яго купляюць фактычна ва ўсіх краінах сьвету. Пры гэтым, цана яго ўнутры адной краіны таксама, як правіла, стандартная і яе лёгка падлічыць у далярах.

Зразумела, мы не гаворым тут пра папулярнасьць так званага фаст-фуду (хуткага харчаваньня) ці пра стаўленьне антыглябалістаў да карпарацыі McDonald’s.

Дарэчы, калі ўзяць блізкі да індэксу Біг Мак паказчык – колькі трэба працаваць, каб зарабіць на кіляграм хлеба, тут сытуацыя для беларусаў выглядае крыху лепей – прыблізна 30 хвілінаў. У Таліне гэты паказчык – 34 хвіліны, у Рызе – на дзесяць хвілінаў менш, у тым самым Лос-Анджэлесе – 16, а ў Цурыху – усяго сем.
XS
SM
MD
LG