Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЦЭІСТЫ ШТОДНЯ БУДУЦЬ СУСТРАКАЦЦА ЗЬ ПІСЬМЕНЬНІКАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Пры Саюзе пісьменьнікаў зь 8 верасьня дзейнічаюць літаратурныя курсы. Там вывучаюць беларускую, расейскую і нямецкую літаратуру. Саюз пісьменьнікаў летась абвесьціў набор на курсы і ліцэісты на іх запісаліся. Створана Апякунчая Рада. У яе ўвайшлі польскія літаратуразнаўцы Алесь Баршчэўскі і Ян Чыквін, з Расеі — Рыма Казакова і Міхаіл Расолаў. Рэктар маскоўскага літаратурнага інстытуту імя М.Горкага Сяргей Есін аказвае дапамогу мэтадычнымі дапаможнікамі. Ёсьць і прадстаўнікі Ўкраіны — Іван Драч і Зьмітро Паўлычка. Беларускія літаратары склалі графік, і згодна зь ім зь 15 верасьня па чарзе будуць штодня чытаць лекцыі на курсах.

Гаворыць старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Моладзь атрымлівае магчымасьць наўпрост кантактаваць зь пісьменьнікамі. Я зайздрошчу маладым, што ў іх ёсьць такая магчымасьць. На сёньня склалася такая сытуацыя — школьнікі вывучаюць творчасьць пісьменьнікаў, але ня ведаюць іх у твар, а часам думаюць, што іх няма ўжо і ў жывых. Такая магчымасьць вельмі плённая, карысная. Наогул, такой магчымасьці могуць пазайздросьціць многія школы і нават унівэрсытэты, дзе выкладаецца філялёгія”.

Дзеці па-ранейшаму ходзяць на заняткі ў розныя будынкі. На думку намесьніка кіраўніка Ліцэю Лявона Баршчэўскага, з гэтага экстрэмальнага становішча трэба шукаць выйсьце.

(Баршчэўскі: ) “Пакуль няма праблемаў з надвор’ем, дык і няма праблемаў. Яны адчуваюць сябе жвавейшымі, весялейшымі за сваіх аднагодкаў, бо ім даводзіцца шмат вандраваць па розных месцах, дзе праходзіць вучоба. І пэўная самастойнасьць, і пэўная адказнасьць і, я б сказаў, самаарганізаванасьць, даросласьць выхоўваецца. Бо трэба не спазьніцца, званкоў жа няма… трэба прыйсьці своечасова на заняткі і выканаць усё, што трэба. Даюцца кансультацыі ў неабходным аб’ёме, выконваюцца практычныя заданьні, тэсты. Такім чынам, вучні не адстаюць у вучобе ад сваіх аднагодкаў. Адзінае, што шукаць выйсьце трэба і ўлады павінны пайсьці на кампраміс, каб дзеці атрымалі магчымасьць нармальна вучыцца. Але пакуль такіх крокаў няма”.

Дзеці пасьля заняткаў а 6-й вечара сабраліся на пікет ля гандлёвага цэнтру “На Нямізе”. На сёньняшні дзень яны сабралі каля 10 000 подпісаў грамадзянаў у абарону Ліцэю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG