КГБ Беларусі абверг зьвесткі, якія распаўсюджаныя ў сёньняшнім нумары расейскай газэты “Коммерсантъ”. Там сьцьвярждаецца, нібыта беларускія “чэкісты” правялі апэрацыю, якая наўпрост закране расейскі газавы бізнэс. “Сёньня КГБ Беларусі мусіць абвесьціць пра …арышт вэксаляў “Белтрансгазу”,— сьцьвярджае “Коммерсантъ”.
На гэта прэсавы сакратар КГБ Беларусі Аляксандар Базанаў заявіў Радыё Свабода, што насамрэч гаворка ідзе толькі пра арышт махляроў, якія падрабілі 5 вэксаляў “Белтрансгазу” і былі арыштаваныя яшчэ 8 верасьня. Высновы, якія зрабілі расейскія журналісты з гэтай гісторыі, супрацоўнік КГБ пакідае без камэнтароў.
(Базанаў: ) “Ніякага дачыненьня да зьместу артыкула гэта ня мае. Навошта гэта спатрэбілася “Коммерсантъ’у” — пытаньне да газэты”.
Расейскія журналісты зьвязалі свой артукул з будучай сустрэчай кіраўніка Беларусі й прэзыдэнта Расеі ў Сочы. Паводле зьвестак “Коммерсантъ’у” Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас гэтай сустрэчы могуць абмеркаваць праблему прыватызацыі расейцамі беларускай газавай кампаніі “Белтрансгаз”.
Нагадаем, гэтая праблема апошнім часам заўважна ўскладніла беларуска-расейскія дачыненьні. Беларусі бок ацаніў “Белтрансгаз” у 5 мільярдаў даляраў, але расейцы з гэтым нязгодныя і настойваюць на цане ў 1 мільярд даляраў. Паводле “Коммерсантъ’у” скандал з арыштам вэксаляў “Белтрансгазу” мог бы стаць “хатняй нарыхтоўкай”, якую нібыта падрыхтавалі для Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні яго размовы з Уладзімерам Пуціным.
Другім рычагом узьдзеяньня Лукашэнкі на расейскага прэзыдэнта, паводле “Коммерсантъ’у”, ёсьць нядаўні арышт гомельскім судом 15% акцыяў Мозырскага НПЗ, якія належаць нафтавай кампаніі “Славнафта”. “Гэткім чынам беларускія сілавікі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі”, — мяркуе “Коммерсантъ”.