Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫЕЗД БІЗНЭСОЎЦАЎ ТАЙВАНЮ ЎСКЛАДНІЎ СТАСУНКІ БЕЛАРУСІ З КІТАЕМ


Юры Сьвірко, Менск

Тайвань, які афіцыйна называецца Рэспублікай Кітай ды лічыць сябе незалежнай дзяржавай, накіраваў вялікую дэлегацыю сваіх бізнэсоўцаў ва Ўсходнюю Эўропу. Тайваньцы ўжо наведалі Румынію й Польшчу, а пасьля Беларусі паедуць ва Ўкраіну. Але Беларусь мае найбольш прыязныя стасункі з Кітайскай Народнай Рэспублікай, якая разглядае Тайвань як сваю правінцыю. Таму прыезд тайваньцаў выклікаў заклапочанасьць амбасады КНР.

Візыт дэлегацыі бізнэсоўцаў арганізавала Тайбэйская гандлёва-эканамічная місія ў Менску — гэтак, паводле назвы тайваньскай сталіцы Тайбэю, называюцца ўсе неафіцыйныя амбасады Тайваню за мяжой. Сябры дэлегацыі будуць праводзіць прэзэнтацыі сваіх фірмаў, перамовы зь беларускімі прадпрыемствамі, а 15 верасьня — вялікі гандлёвы сымпозыюм у Менску. Яны таксама наведаюць найбуйнейшыя сталічныя крамы й рынкі.

Кіраўнік Тайбэйскай гандлёва-эканамічнай місіі Цзян Шу-і падкрэсьліў, што ад часу пачатку працы менскага прадстаўніцтва Тайваню ў 1996 годзе гэта будзе першая буйная дэлегацыя дзелавых колаў ягонай краіны. Яна ня будзе сустракацца з супрацоўнікамі беларускіх міністэрстваў ды іншых дзяржаўных органаў. Гэтыя прадстаўнікі малога й сярэдняга бізнэсу, якія рэпрэзэнтуюць машынабудаўнічую, электронную, тэкстыльную ды іншыя галіны прамысловасьці Тайваню, наведаюць толькі грамадзкія аб’яднаньні беларускіх прадпрымальнікаў. Паводле памочніка кіраўніка місіі Лю Эн-Цзэ, таваразварот паміж Беларусьсю й Тайванем не перавышаў 17 мільёнаў даляраў на год.

Афіцыйны Пэкін усе гэтыя гады рабіў выгляд, што прадстаўніцтва Тайваню ў Менску няма, хоць яно працуе ў прэстыжным месцы на праспэкце Машэрава побач з амбасадай Японіі. Але візыт бізнэсоўцаў у Беларусь выклікаў нэгатыўную рэакцыю КНР. Таму беларускае МЗС было вымушанае выступіць з адмысловай заявай, якую агучыў яго прэсавы сакратар Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Прадпрыемствы ды арганізацыі Рэспублікі Беларусь зацікаўленыя ўва ўсталяваньні дзелавых кантактаў з Тайванем, разьвіцьцё гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў зь якім не супярэчыць двухбаковым дамоўленасьцям Рэспублікі Беларусь з КНР”.

Спадар Савіных хаця й пацьвердзіў беларускую палітыку прызнаньня толькі аднаго Кітаю, але зазначыў, што супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем немагчымае без наўпроставых сувязяў на ўзроўні рэгіёнаў. Такую новую трактоўку старанна вывучаюць у кітайскай амбасадзе ў Менску, дзе рыхтуецца заява для прэсы. Супрацоўніца амбасады КНР параіла мне зьвярнуца па камэнтар у суботу — у дзень прыезду тайваньскай дэлегацыі.

(Супрацоўніца: ) “Тэлефануйце заўтра. Амбасада пачынае працаваць а 9-й і да 6-й”.

Варта зазначыць, што звычайна па суботах кітайская амбасада ў Менску не працуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG